Галоўную ролю ў “Лебядзіным возеры” Вялікага тэатра Яне Штангей прапанавалі ў дзевятнаццаць гадоў

Маленькі лебедзь становіцца каралевай

Вялікая Мая Плісецкая ўпершыню станцавала Адэту-Адылію ў дваццаць два гады. Яна Штангей, будучы дзяўчынай зусім не дзёрзкай, таксама паставіла перад сабою такую планку
Вялікая Мая Плісецкая ўпершыню станцавала Адэту-Адылію ў дваццаць два гады. Яна Штангей, будучы дзяўчынай зусім не дзёрзкай, таксама паставіла перад сабою такую планку.  

Хоць учарашняй выпускніцы харэаграфічнага каледжа, няхай і вельмі здольнай, недарэчна ў такім узросце спадзявацца на галоўныя ролі ў падобных спектаклях, быць у апошнім радзе масоўкі — ужо для многіх шчасце. Праўда, доўга затрымлівацца ў кардэбалеце дзяў­чына таксама не збіралася. Але такога імклівага ўзлёту яна не ўяўляла нават у самых вясёлкавых снах. Галоўную ролю ў “Лебядзіным возеры” Вялікага тэатра ёй прапанавалі ў дзевятнаццаць гадоў.  

“Яна, ты ж ведаеш пра “Лебядзінае возера”?” — у адзін цудоўны дзень нечакана спытала загадчыца балетнай трупы Таццяна Шаметавец.

“А што я павінна ведаць?” — стала губляцца ў здагадках Штангей. Усе яе думкі тады былі занятыя новай партыяй у “Спячай прыгажуні”. Ну, наогул пра балет Чайкоўскага яна ведала ўсё: прайшла праз кардэбалет, потым танцавала сольныя партыі лебедзяў.

“Праз месяц у цябе Адэта-Адылія”, — не верыла сваім вушам Яна. Двайны шок: мала таго што галоўная роля ў пастаноўцы, дык яе яшчэ трэба падрыхтаваць за месяц! Той час маладая балерына памятае дрэнна, рыхтавалася, як у тумане. Увечары знайшла відэа “Лебядзінага возера”, уключыла — і адразу слёзы на вачах: зразумела, што не гатовая да гэтай ролі не толькі маральна, але і фізічна.

Яна не стала адмаўляцца ад шанцу, пра які мараць практычна ўсе балерыны, але атрымліваюць толькі абраныя. Працаваць, старацца і яшчэ раз старацца — прыблізна такі дэвіз Яны. І яна працавала ў балетным класе з дня ў дзень. Прэм’ера таксама прайшла, як у тумане. Гаворыць, трэслася так, як ні на адным, нават самым адказным конкурсе.

А конкурсаў у жыцці маладой танцоўшчыцы было нямала. Першы сур’ёзны — у Варне. Шэсць класічных варыяцый і два сучасныя танцы — такая нагрузка клалася на кожнага ўдзельніка. Дабавім сюды трыццаціградусную гарачыню і адкрытую сцэну. Яна, ледзь не трацячы прытомнасць, выступіла дастойна, стала дыпламанткай.

Наогул, конкурсы яна любіць. Гаворыць, яны карысныя і для тых, хто высока задзірае галаву, часам апускаючы іх на зямлю, і для тых, хто сумняваецца ў сваіх здольнасцях, дэманструючы іх сапраўдны ўзровень. Добрай школай для Штангей стала танцавальнае “Еўрабачанне-2013”. Сваю Эсмеральду яна падрыхтавала на дзесяць балаў. А вось з сучаснай інтэрпрэтацыяй было складаней. Яна да таго часу ўжо стапрацэнтна пераканалася ў выбары на карысць класікі, таму некалькі гадоў наогул не займалася contemporary. Але гэта было ўмовай удзелу, і дзяўчына пагадзілася на эксперыменты. Боль у мышцах, сінякі на нагах — вось іх вынікі. Вынік няхай і не бліскучы, але дастойны: Яна Штангей застанецца ў гісторыі як першая прадстаўніца Беларусі на танцавальным “Еўрабачанні”.

Хоць яна і не беларуска. Нарадзілася ў Харкаве, там жа ў чатыры гады пайшла ў харэаграфічную школу. Маці павяла яе за кампанію з сяброўкай, якая марыла аб тым, каб яе дачка стала балерынай. Але калі дзяўчынцы споўнілася дзесяць, маці Штангей выра­шыла, што знясільваючыя што­дзённыя батман тандзю дзіцяці не патрэбны. Пасля пачатковай школы яна хацела, каб дачка занялася выключна агульнаадукацыйнай праграмай, але сваё важкае слова тады сказаў бацька: “Яна прадоўжыць займацца балетам!”

А праз пяць гадоў яны ўжо на сямейнай нарадзе вырашалі далейшы лёс дачкі. Дзевяць класаў скончаны, у балетнай школе таксама выпускны. Найбольш верагодным варыянтам было прадаўжэнне вучобы ў Кіеўскім харэаграфічным вучылішчы. Але Янін педагог Таццяна Чаркасава прапанавала паспрабаваць паступіць у мінскі коледж, маўляў, там школа больш моцная.

Сёння дзяўчына з усмешкай на вуснах успамінае спробы пакарыць беларускую сталіцу:

— Каб стаць навучэнкай каледжа, мне давялося тройчы паказвацца мінскім педагогам. Памятаю, напярэдадні першай паездкі ў Мінск, гуляючы па Харкаве, збіла сабе на назе палец. Ён так апух, што пуанты не магла надзець. У бальніцы нада мною паваражылі, але гэта не дапамагло. Гэта значыць мой першы прагляд аказаўся няўдалым, нам прапанавалі праз некалькі тыдняў прыехаць на агульны экзамен. Мы так і зрабілі, я парэпеціравала, была добра гатова, а ўвечары перад экзаменам чымсьці атруцілася. Другі прагляд наогул не адбыўся. На шчасце, для тых, хто прэтэндуе на платнае аддзяленне, праз некалькі дзён быў яшчэ адзін шанц. Яго я ўжо не ўпусціла.

Літаральна праз паўгода Беларусь і яе Вялікі тэатр сталі для Яны роднымі. Дзякуючы студэнцкаму білету, які даваў магчымасць бясплатна наведваць спектаклі, яна пастаянна бегала ў Вялікі. “Шчаўкунок”, “Сільфіда”, “Лебядзінае возера”… Яна марыла выйсці хоць бы ў кардэбалеце. Таму на трэцім курсе з задавальненнем пагадзілася на стажыроўку.

Сёння яна ўжо салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, выконвае партыю Адэты-Адыліі.


Плісецкая любіць паўтараць, што “Лебядзінае возера” — гэта лакмусавая паперка для любой балерыны, там нікуды не схаваешся, усё як на далоні: і тэхніка, і драматычны артыстызм. Пра вялікі поспех Яны Штангей гаварыць пакуль рана. Плісецкая трыццаць гадоў танцавала гэты балет, беларуская выканаўца — толькі пару разоў. Але няма сумнення, што гэта цікавае новае імя на беларускай сцэне.

А можа, і не толькі на беларускай…

Наталля Сцепанкова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter