Путешествия с Владимиром Субботом. Деревня Малеч: люди жили на ее территории еще в брозновом веке

Малеч: добрыя хлеб і людзі на былым балоце

У  Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі захоўваюцца рымскія манеты І—ІІ  стагоддзя нашай эры. Знойдзены яны чвэрць стагоддзя таму ў мелавым кар’еры бярозаўскай вёскі Малеч, што сведчыць пра існаванне тут людзей у далёкім бронзавым веку.

Упершыню пісьмова паселішча ўзгадваецца ў 1427 годзе. А ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага пазначана, што ў 1563 годзе ў Мальчы (так называўся цэнтр абшару двара Блудзенскага і войтаўства Пружанскага павета Кобрынскай эканоміі) асвечана праваслаўная царква.

Кароль і вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Уладзіслаў Ваза 6 чэрвеня 1645 года надаў паселішчу Магдэбургскае права. Мела мястэчка і свой герб. 


Пасля ІІІ падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Мальча — цэнтр воласці Пружанскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі. Уладарылі маёнткам род Шведаў, а потым шляхціцы Завадскія. Дзейнічала валасное кіраўніцтва, пяць мураваных храмаў, яўрэйскі малітоўны дом, дзясятак духоўных і свецкіх навучальных устаноў, паштовая сядзіба, сукнавальня, рынак, банк, конныя і ветраныя млыны, кузня, вінакурны і вапнавы заводы, некалькі піцейных дамоў. Штомесячна ладзіліся кірмашы.

У канцы ХІХ стагоддзя ў маёнтку паўстаў палац гаспадароў Завадскіх і закладзены парк.

З 1921 па 1939 год Малеч у складзе буржуазнай Польшчы, а з 1940-га — цэнтр сельсавета Пружанскага, а пасля Бярозаўскага раёна.

У гады нямецка-фашысцкай акупацыі дзейнічала партызанскае падполле. Мемарыялам ушанаваны ахвяры Вялікай Айчыннай вайны.

Паўвека таму на абноўленых землях пабудаваны паказальна-эксперыментальны саўгас з цэнтральнай сядзібай у вёсцы Малеч, якая ў 2005 годзе атрымала статус аграгарадка. Гаспадарка рэфармавана ў ААТ «Аграфірма «Малеч».

Старшыня сельвыканкама Людміла САЛАМЯНЮК.
Чарговая вандроўка па­клі­ка­ла мяне ў бярозаўскі аг­ра­гарадок Малеч. У цэнтры яго апавітыя снегавымі ша­ля­мі высокія елкі вартавымі вы­стра­іліся вакол двухпавярховага ад­мі­ністрацыйнага будынка. Пад адным дахам размешчаны сельвыканкам і кантора ААТ “Аграфірма “Малеч”. Праз прасторны ве­сты­бюль, які ззяў навагоднімі ўп­ры­гожваннямі, прайшоў у ка­бі­нет старшыні сельвыканкама Людмілы Саламянюк. Пяты год яна ўзначальвае мясцовую ўладу. Продкі Людмілы Аляксееўны жылі і працавалі на гэтай зямлі. Пасля заканчэння сталічнага радыётэхнічнага каледжа яна вярнулася дамоў. Завочна закончыла Баранавіцкі дзяржуніверсітэт. Дачка Аксана таксама атрымала вышэйшую адукацыю ў гэтай навучальнай установе. Працуе спецыялістам у Малецкай санаторнай школе-інтэрнаце.

У кабінет да старшыні зайшла Ніна Ракіцкая. Трыццаць гадоў працуе яна ў сельвыканкаме. Узгадала Ніна Анатольеўна пра былыя балоты. Полем сталі яны. На цэнтральнай сядзібе новага саўгаса пабудавалі Дом культуры, пяціпавярховыя шматкватэрныя дамы з магазінамі, сярэднюю школу і дзіцячы садзік, участковую бальніцу. З’явіліся кварталы двухпавярховых дамоў і катэджаў. Паўсталі новыя жывёлагадоўчыя фермы, машынны двор і іншыя выт­ворчыя карпусы.

Старшыня сельвыканкама задаволена, што захаваліся ў Малечы сялянскія падворкі, сады, агароды. А вось колькасць кароў у вясковых гаспадароў паменшала. 

Галоўны эканаміст ААТ “Аг­ра­фірма “Малеч” Аляксандр Чар­вякоўскі перакананы, што ў сялян адпала неабходнасць трымаць жывёлу. У магазінах багаты выбар свежых малочных, мясных прадуктаў харчавання. 

Аляксандр Міхайлавіч адзначыў, што асноўная частка прыбытку ў гаспадарцы — ад рэалізацыі малака. Штодзённа амаль 13 тон яго пастаўляецца для перапрацоўкі на Бярозаўскі сырадзельны камбінат. Дойны статак перавысіў тысячу галоў. Па надоях пераадолелі пяцітысячны рубеж.

Мінулагодняю вясною аграфірму, якая спе­цы­я­лі­зуецца на вытворчасці пра­дукцыі жывёлагадоўлі і збожжа, узначаліў выпускнік Беларускай дзяржветакадэміі Васіль Сушчык. Вясновае выйсце ў поле будзе значным выпрабаваннем для маладога кіраўніка.

Дырэктар ААТ “Аграфірма “Малеч” Васіль СУШЧЫК і галоўны бухгалтар Іна РАМАНЕНКА.

З Васілём Васільевічам адправіліся на машынны двор. Там кіпела праца. У прасторнай рамонтнай майстэрні механізатары рамантавалі тэхніку. Пад зычны перазвон молата зайшлі ў кузню. Шыракаплечы мужчына шчыпцамі выхопліваў з зыркага вогнішча распалены метал і лоўка пляжыў яго на кавадле магутным молатам. Змахнуўшы пот з ілба, каваль Уладзімір Ракавец расказаў, што 35 гадоў працуе ў кузні. Любую дэталь можа выкаваць, нават падкову на шчасце. Турбуе яго, што прафесіі каваля нідзе не вучаць. 

У час размовы да каваля падыйшлі механізатары Іван Галета і Мікалай Велясевіч, каб ён выкаваў дэталі для замены на трактарах. Падумалася, што ў век сучаснай тэхнікі нялішняя і прафесія каваля.

Трактарысты Іван ГАЛЕТА і Мікалай ВЕЛЯСЕВІЧ.

Пад павецямі машыннага двара стаялі ў чаканні новага сезона магутныя збожжаўборачныя і кор­манарыхтоўчыя камбайны, іншая сельгастэхніка.

Марыя МАЖЭЙКА з дачкою Інай АЛЕСЯЮК і ўнукамі-двайняшкамі.
Ажыўлена каля ма­га­зі­наў, вокны якіх упрыгожвае каляднае ўбранне. Каля будынка пошты дзве жанчыны кацілі санкі, у якіх сядзелі аднолькава апранутыя дзеці. Павітаўся з імі. Марыя Андрэеўна Мажэйка прыехала з Бярозы адведаць дачку і ўнукаў-двайняшак. Па два гадкі ім. Маці хлопчыкаў Іна Пятроўна пасля заканчэння Брэсцкага медкаледжа прыехала на працу ў Малеч. Вый­шла замуж за механізатара Сцяпана Алесеюка. Маладая сям’я атрымала трохпакаёвую службовую кватэру. Сабралі грошы і купілі яе, цяпер абуладжваюць.

Гаспадарка папаўняецца ма­ла­дымі кадрамі. Сем’і Карвацкіх і Рудніцкіх прыехалі з далёкага Казахстана. Аграфірма выдзеліла ім новае жыллё ў вёсцы Лукамер. Віктар Карвацкі ўзначаліў агранамічную службу. Уладзімір Рудніцкі і яго сын Яўген працуюць механізатарамі. Сям’я Наталлі і Віктара Алесеюкоў прыехала з Брэста. Пабудавалі свой дом. У аграгарадку Малеч узводзіць катэдж педагог Зоя Драгун. Ад гаспадаркі атрымалі жыллё і прыватызавалі яго ўрачы Аксана Захаранка і Таццяна Шылінец. 

Шматкватэрныя дамы будаваліся паўвека таму і патрабуюць рамонту. Старшыню сельвыканкама хвалюе гэта праблема. Прыгожымі мурамі забудавана вуліца Паўднёвая. Двухпавярховы цагляны асабняк у фермера Аляксандра Барушка. Да яго завіталі з Людмілай Саламянюк. Аляксандр Іванавіч з сынам Аляксандрам грузілі ў аўтафургон напоўненыя яблыкамі скрынкі для адпраўкі ў прадуктовыя магазіны. Гаспадар шчыра прызнаўся, што з дзяцінства яго вабіла зямля. Старшакласнікам удзельнічаў у школьнай вытворчай брыгадзе. Паступіў на аграфак Белдзяржсельгасакадэміі. У студэнцтве ажаніўся на аднакурсніцы. Пасля заканчэння вучобы з маладою жонкай Верай Віктараўнай па размеркаванні прыехалі працаваць на яго радзіму ў Бярозаўскі раён. Узначальваў агранамічную службу ў судзілавіцкай гаспадарцы. Падрасталі трое сыноў і дачка. На сямейным савеце вырашылі заняцца фермерствам. Каля вёскі Бухалі атрымалі паўсотні гектараў зямлі. Пасадзілі яблыневы сад. Старэйшы сын Аляксандр ажаніўся і застаўся ў Малечы. Дапоўнілі сад плантацыямі буякоў, маліны, парэчкі, клубніцы. 

Каваль Уладзімір РАКАВЕЦ.
Фермеры Аляксандр Падароўскі і Ігар Курыловіч таксама вырошчваюць садавіну, ягады, а яшчэ і гародніну, бульбу, збожжавыя.

Пазалетась фермерскія гас­па­дар­кі ўдзельнічалі ў раённым фестыва­лі-кірмашы “Да­жын­­кі”, што пра­водзіўся ў Малечы.  

Задаволена старшыня сельвыканкама, як адзначылі 590-годдзе вёскі Малеч і 155-годдзе школы. Цікавыя дакументы і экспанаты пра гісторыю вёскі захоўваюцца ў школьным краязнаўчым музеі, у які мы завіталі. Па крупіцах збірае гістарычны матэрыял настаўнік Валерый Радзецкі. На стэндах шмат розных фотаздымкаў. Неаднаразова прылятаў на верталёце ў эксперыментальную гаспадарку Пётр Машэраў. Прыязджаў і лётчык-касманаўт Уладзімір Кавалёнак. Слыннага госця ўразіла хлебнае поле, што раскінулася на былым балоце. За гэтым масівам так і засталася назва “Кавалёнкава поле”. Беражліва захоўвае Валерый Сяргеевіч карціну, якую падарыў хлебаробам гаспадаркі ў час візіту ў Малеч лідар балгарскіх камуністаў Тодар Жыўкаў.
Кіраўнік школьнага музея Валерый РАДЗЕЦКІ з дзесяцікласнікамі Ліліяй БОГУШ і Дзмітрыем БАНДАРЭНКАМ.

Настаўніца роднай мовы і літаратуры Святлана ЛІТВІНОВІЧ вядзе ўрок у 5-м класе.

Намеснік дырэктара школы Тац­цяна Анохіна адзначыла, што адноўлена прафарыен­та­цыя старшакласнікаў. Дзе­ся­ці­класнікі засвойваюць ас­но­вы сельскагаспадарчай выт­вор­часці. Плануецца запрашаць на ўрокі да іх спецыялістаў гаспадаркі.

Дзейнічае ў аграгарадку дзі­ця­чая школа мастацтваў. Да­рослыя займаюцца ў гуртках сельскага клуба. Званне народнага прысвоена ансамблю народнай песні “Вяскоўцы”. Кіруе ка­лек­тывам вы­пускніца Пін­скага ка­лед­жа мастацт­ваў Марына Шылінец. 

Удзельніцы народнага ансамбля народнай песні “Вяскоўцы” Лідзія ГВОЗДЗІК, Таццяна ШОПІК і Марына ШЫЛІНЕЦ.

Старэйшы жыхар Аляксандр Аляксеевіч Кузьміч сустрэў 91-ы Новы год. Дома яго не засталі. Жонка Марыя Антонаўна паведаміла, што муж папраўляе здароўе ў бальніцы. З урачом Дзмітрыем Капуза завіталі ў палату да ветэрана вайны і працы.

Ветэран вайны і працы Аляксандр КУЗЬМІЧ на прыёме ва ўрача Дзмітрыя КАПУЗА.

Аляксандр Аляксеевіч узгадаў пра перажытае. Сям’я іх жыла непадалёку ад Малечы на хутары. Калі пачалася вайна, з бацькам падаўся ў Гуцінскі лес, дзе фарміраваўся партызанскі атрад. З дарослымі хадзіў на заданні. На чыгунцы ўзрывалі варожыя эшалоны, мініравалі дарогі. Рызыкавалі жыццём. Пасля вайны працаваў механізатарам у МТС, шафёрам у калгасе. Летам касіў траву. Па тры каровы трымаў. Цяпер у хлеўчыку толькі козачка скача. 

Развітваючыся, Аляксандр Аляк­се­евіч прасіў дапамагчы атрымаць інвалідную каляску. Спадзяюся, што збудзецца жаданне ветэрана вайны і працы, як і іншыя мары працавітых жыхароў аграгарадка Малеч. 

Няхай багатым для ўсіх выдасца 2019 год!

Бярозаўскі раён

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter