Артысты з Беларусі далі канцэрты ў Таліне і ў яго прыгарадзе

Малайцы, музыкі!

Артысты з Беларусі далі канцэрты ў Таліне і ў яго прыгарадзе


Цудоўны падарунак з Бацькаў­шчыны атрымалі мы да Дня нацменшасцяў у Эстоніі: напрыканцы верасня па ініцыятыве Пасольства Беларусі ў Таліне і яго ваколіцах прайшлі канцэрты заслужанага аматарскага гурта “Крупiцкiя музыкi”. А яшчэ ў складзе беларускай дэлегацыі былі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.


На сцэне — “Крупіцкія музыкі”


У зале — захопленыя іх выступленнем гімназісты

Парупіліся актывісты праўлення Цэнтра вучобы і развіцця EVA-Studiorum, каб вядомы гурт выступіў і перад навучэнцамі і выкладчыкамі Табасалускай гімназіі. Як вядома, 10-гадовае сяброўства лучыць яе з 48-й мінскай школай, рэалізуецца міжнародны праект “Школы-пабрацімы” (кіраўнік Ніна Пээрна). У той дзень у нас праходзіў семінар настаўнікаў рускай мовы Табасалускай гімназіі ды настаўнікаў з выспы Саарэмаа — усе яны змаглі атрымаць асалоду ад канцэрта. Мы на пачатку даведаліся, што адметны гурт “родам з народа”, з-пад Мінска: яго заснаваў у 1982 годзе ў Крупіцах дырэктар Цэнтра культуры Уладзімір Гром. Працаваў вялікі аматар народнай культуры супольна з харэографам Георгіем Чорным. Цяпер гэта — адзін з лепшых самадзейных калектываў Беларусі, у складзе якога — таленавітыя музыкі, спевакі і танцоры. А назва вёскі Крупіца, расказалі госці, узнікла з-за млына: ён стаяў на рацэ, малоў зерне на крупы. Кожны нумар гурта — нібы чароўнае люстэрка, у якім бачны нацыянальны беларускі характар, менталітэт розных рэгіёнаў Беларусі. Вось таму гурт такі папулярны.

Усіх віталі дарадца Пасольства Беларусі ў Эстоніі Святлана Карпушына, госці з Мінска, намесніца дырэктара па вучэбнай частцы гімназіі Ційна Мянд. І палілася прыгожая музыка, песні, былі яшчэ і прыпеўкі, беларуская полька. Як рэагавалі гледачы? Адзін з гімназістаў казаў пазней: “Беларусы так гралі-танцавалі, што ў мяне ногі таксама пад крэслам скакалі”. У знак падзякі музыкі атрымалі сувеніры, эстонскія прысмакі. І кіраўніцтву Цэнтра вучобы і развіцця EVA-Studiorum госці падарылі свае кампакт-дыскі, а Міністэрства культуры Беларусі — памятныя сувеніры. Дарэчы, у гімназіі яшчэ і цяпер згадваюць той канцэрт. Малайцы, “Крупіцкія музыкі”!

Ніна Пээрна, старшыня праўлення Цэнтра вучобы і развіцця EVA-Studiorum, Эстонія

Голас Радзімы № 43 (3451), чацвер, 19 лістапада, 2015 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter