На палях краiны хутка з’явяцца камбайны для ўборкi малін, чарнаплоднай рабіны, агрэсту і парэчак

Малацiльныя ягадкi

Збор ягад у самым разгары. Іх на палях і ў садах вялiкае мноства, і часам у любога зборшчыка ўзнікае думка: а чаму б працэс збору не аўтаматызаваць? Першы такi ягадаўборачны камбайн распрацавалі ў Нацыянальнай акадэміі навук. Карэспандэнт «Р» даведалася пра характарыстыкі і арыенціровачны кошт новай вынаходкі.

Камбайн заменіць працу 30 чалавек.

Наспела неабходнасць

У сувязі з тым, што ў краіне рэалізуецца праграма развіцця пладаводства і агародніцтва, колькасць шматгадовых насаджэнняў садоў і ягаднікаў значна павялічылася. Паўстала неабходнасць у стварэнні камбайна для ўборкі ягад, чым і заняліся ў Навукова-практычным цэнтры НАН.

Антон Юрын — загадчык лабараторыі механізацыі вырошчвання пладовых і агароднінных культур — кажа, што новы камбайн будзе выкарыстоўвацца для збору такіх ягад, як парэчкі, маліны, рабіна, агрэст, шыпшына і іншыя:


— Прадукцыйнасць камбайна — 0,2 гектара ў гадзіну, ён заменіць працу 30 чалавек. Камбайн з'яўляецца паўрадовым, гэта значыць, за час праходу дзеліць куст на дзве часткі і атрасае палову куста. Потым ён паварочваецца і збірае ягады з другой паловы.

Танней, але не горш

Існуе меркаванне, што сабраныя камбайнам ягады больш патоўчаныя і выглядаюць горш, чым сабраныя ўручную. Цікаўлюся ў Антона Мікалаевіча, ці так гэта. Загадчык лабараторыі запэўнівае, што магчымасць пашкоджання пладоў новым камбайнам — да 2%, а паўната здымання ягад — 95—98%.

Плануецца, што кошт першага беларускага камбайна для збору ягад будзе складаць каля 40 тыс. рублёў. Зараз ягады збіраюць пры дапамозе польскай і італьянскай тэхнікі. Новы камбайн дазволіць адмовіцца ад больш дарагой імпартнай тэхнікі.

Лепш рукамі збіраць ягады ці новай тэхнікай?
Фото vdvgazeta.ru

— Камбайн праходзіць выпрабаванні. Пасля іх завяршэння плануем запусціць вытворчасць тэхнікі на базе нашага НПЦ. Ужо ў гэтым годзе выйдзе першы серыйны ўзор.

НПЦ па механізацыі сельскай гаспадаркі працуе над вынаходствам сучасных машын, тэхналагічных комплексаў і абсталявання для механізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. Таксама тут ствараюцца новыя ўзоры тэхнікі для пладаводства і агародніцтва. Сярод распрацовак вучоных — камбайны для збору капусты, морквы, машыны для ўборкі і здрабнення галінавай масы пры абрэзцы саду. У Год навукі НПЦ па механізацыі сельскай гаспадаркі плануе выканаць 35 заданняў па дзяржаўных навуковых і навукова-тэхнічных праграмах.

Юлія МАТУЗАВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter