Маларосія

Вядома, калі змаўкаюць гарматы — гавораць палітыкі. Амаль што так адбылося днямі на ахопленай вайной Данеччыне. Кіраўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) Аляксандр Захарчанка заявіў аб стварэнні Маларосіі — новай дзяржавы з шырокай аўтаноміяй, якая, паводле яго слоў, з’яўляецца пераемніцай Украіны. Без абмеркавання ў парламенце і на ўсенародным рэферэндуме. Неабходнасць гэтага кроку палітык растлумачыў тым, што “Украіна ў ранейшым выглядзе не можа быць адноўлена, а сітуацыя ў Данбасе зайшла ў тупік”. Ён пацвердзіў: Маларосію падтрымалі прадстаўнікі 19 рэгіёнаў Украіны. Сталіцай новаўтварэння будзе Данецк, Кіеву надаецца статус гісторыка-культурнага цэнтра. Дзяржаўным сцягам прызнаецца сцяг Багдана Хмяльніцкага, а дзяржаўнымі мовамі — маларасійская і руская. У Канстытуцыі Маларосіі замацуюць пазаблокавы статус і возьмуць курс на аднаўленне сувязей з Расіяй, СНД. Больш таго, абмяркоўваецца далучэнне Маларосіі да Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Заява Захарчанкі выклікала розныя пачуцці: ад безумоўнага ўхвалення да гнеўнага абурэння ідэяй “нелегітымнага лідара”. Прэзідэнт Пётр Парашэнка ўпэўнены, што Кіеў адновіць суверэнітэт у Данбасе і на Крымскім паўвостраве. Кіраўнік украінскай дзяржавы нагадвае: з падпісаннем Мінскіх пагадненняў раней быў пахаваны праект “Наваросія”, пра які паведамілі ў ДНР і ЛНР 24 мая 2014 года.

Сваю занепакоенасць “абвяшчэннем Маларосіі” выказалі афіцыйныя  прадстаўнікі Дзярждэпа ЗША Хізер Наўэрт, МЗС Францыі Агнес Раматэ-Эспань, урада ФРГ. Між іншым у суседняй ЛНР гэтаму факту былі здзіўлены, паколькі з імі дадзенае пытанне не абмяркоўвалася. Такім чынам прадстаўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі на перамовах Кантактнай групы па Украіне ў Мінску Уладзіслаў Дэйнега лічыць “стварэнне новай дзяржавы несвоечасовым”. Прэс-сакратар Прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў назваў ідэю Захарчанкі яго асабістай ініцыятывай. Аналагічную танальнасць вытрымалі пастаянны прадстаўнік Расіі пры АБСЕ Аляксандр Лукашэвіч і член падгрупы па бяспецы мінскай Кантактнай групы ад Украіны Яўген Марчук.

Якія ж перспектывы ў “новай дзяржавы”? Відавочна, што міжнароднай падтрымкі яна дакладна не атрымае, але можа ўзрасці даволі моцная напружанасць на лініі раз’яднання ў Данбасе, тым больш што ў Кіеве цяпер рыхтуецца новы закон аб змене існуючай Антытэрарыстычнай аперацыі (АТА) на Закон аб узброенай аперацыі. Можа, на жаль, адбыцца і адмова ад “Мінска-2”.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter