Маладзей!

Усё толькі пачынаецца...
Жанчына, у якой першая маладосць мiнула, а другая яшчэ не наступiла, прыходзiць да знаёмай партнiхi заказваць новы касцюм.
Тая зняла ўсе неабходныя меркi, засталося апошняе.
— Спаднiца якой даўжынi будзе? — пытае для парадку i адкладвае тканiну ледзь не да сярэдзiны лыткi. Яна ведае гэтую сваю сяброўку. З нагамi ў яе ўсё ў парадку, з комплексамi — таксама поўны камплект: кароткiя спаднiцы яна насiла мо толькi ў далёкiм дзяцiнстве цi раннiм юнацтве.
— Ты заўважыла, — задуменна пытае клiентка, — што чым больш гадоў жанчыне, тым карацейшыя спаднiцы яна пачынае насiць?
— Зразумела! — кiвае галавой партнiха. — Прабач, табе колькi ўжо стукнула?
— Сорак два.
I нажнiцы смела рэжуць тканiну, агаляючы круглыя каленi.
— Праз пару гадоў прыйдзеш — яшчэ сантыметраў пяць адрэжам, — гаворыць павесялеўшай сяброўцы на развiтанне. — Маладзей!
Хто чым пахмяляецца
Ранiца. Працоўны люд спяшаецца на работу. Той-сёй заглядвае ў адкрыты толькi што магазiн: каму пачак цыгарэт трэба купiць, каму — пячэнне дзiцяцi. Мне — пакецiк кавы: ранiцай не паспела выпiць...
У чарзе перада мной — двое мужчын.
— Мне бутэльку шампанскага i шакаладку! — падае грошы адзiн, iнтэлiгентнага выгляду, але з крыху пакамечаным тварам. Хоць, зрэшты, што гэта я — б’ю сябе па непрыгожых думках, — мо ў чалавека ўчора свята было, мо ён ранкам каханай у ложак хоча фужэр шампанскага падаць...
Мае ўзнёслыя думкi перабiвае хрыплы голас другога пакупнiка:
— Бутэльку “чарнiла”. Вунь тую, дзешавейшую.
...Хто чым напiваецца, той тым i пахмяляецца?
Джэнтльмена пазнаеш па гальштуку
Цягнiк у сталiцу прыходзiць раненька, на досвiтку. У iнтэрнаты ў такi час яшчэ не пускаюць. Але ў Людмiлы Iванаўны якраз вахцёрка знаёмая дзяжурыла. Ды i па жанчыне адразу вiдаць: матуля да некага са студэнтаў прыехала — з вялiзнымi сумкамi, заклапочаным тварам. Прапусцiлi.
Толькi мiнула яна вахту, зайшла ў хол — глядзiць: насустрач ёй двое мужчын iдуць, хiстаюцца, адзiн аднаго падтрымлiваюць. I на дваiх у iх адзiн касцюм: першы — у штанах, ды з голым торсам, а ў другога з адзення — толькi пiнжак ды трусы. Ну i туфлi яшчэ.
Каб не сустракацца з экзатычнай парачкай, не бянтэжыць iх i не чырванець самой, Людмiла Iванаўна схавалася за калону: хай ужо iдуць куды сабралiся. Ды мужчыны раптам спынiлiся.
— Слухай, — прамовiў той, што ў пiнжаку, — я далей не пайду. Мне падалося: там, за калонай, жанчына стаiць. А я без гальштука... Я так не магу.
Вось так: пазнаеш пана па халявах, а джэнтльмена — па гальштуку.
Вось i пацалуй пясок!
Па вулiцы iдзе дзяўчына. Прыгожая!.. Валасы доўгiя, рысы твару вытанчаныя, постаць — бы з-пад рукi скульптара. Словам, сама дасканаласць.
Хлопцы, што стаяць на тратуары, шыi павыкручвалi, поглядам яе праводзячы. I кожны — хто ўпотайкi, хто ўголас — уздыхнуў: мне б такую...
А дзяўчына мiнула iх, яшчэ пару метраў прайшла — i... плюнула прама на зямлю, смачна так, па-сапраўднаму.
Твары ў хлопцаў адразу скiслi.
...Вось i пацалуй пясок, па якiм яна хадзiла!
Што лепш?
Маладая дзяўчына расказвае жанчынам на рабоце свой сон. А прыснiла яна, што мыла падлогу ў бацькоўскай хаце, а затым на вулiцу выйшла, а там — пралiўны дождж.
— Падлогу мыла — то “вымыешся” хутка з хаты. Замуж, пэўна, пойдзеш, — разгадваюць патаемны сэнс сну калегi.
— А дождж пры чым? Лiвень быў — светлы, чысты, — дапытваецца дзяўчына.
— Значыць, муж будзе багаты, — прарочаць далей жанчыны.
— Бог з iм, з багаццем, — задуменна ўздыхае Жанна. — Каб толькi не гуляў...
— Вось бяду знайшла! — хмыкае старэйшая каляжанка. — Не мыла, не змылiцца, i табе хопiць. Скажы лепей: каб не пiў, бо то ўжо бяда, дык бяда. Мой як гуляў, то мне таксама здавалася, што большай бяды няма, усё казала: хай бы лепей пiў! А цяпер стаў пiць, то думаю: лепш бы па бабах хадзiў...
Нiна РЫБIК
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter