Маладзей, Маладзечна!

Днямі Прэзідэнт Беларусі падпісаў распараджэнне, згодна з якім сталіцай рэспубліканскіх “Дажынак-2011” названы менавіта гэты горад.

У Маладзечне ўжо ва ўсю рыхтуюцца да свята. У горада ёсць багаты вопыт правядзення значных мера- прыемстваў. Маладзечна, адзін з буйнейшых гарадоў Міншчыны, па праву лічыцца культурным і гістарычным цэнтрам рэгіёна. Раз у два гады Маладзечна збірае гасцей з розных мясцін Беларусі і замежжа на фестываль беларускай песні і паэзіі. Ды і ў эканамічным развіцці Маладзечна — адзін з гарадоў-лідараў.

— Горад валодае вялікім патэнцыялам, — расказвае намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Шматко. — Тут працуюць чыгуначная станцыя, прадпрыемствы радыёэлектроннай і электратэхнічнай прамысловасці. Вялікім попытам карыстаецца маладзечанская мэбля. Мяркуецца, “Дажынкі” прыдадуць імпульс развіццю культуры, прамысловасці і, безумоўна, сельскай гаспадаркі ў раёне. У наступным годзе плануем пабудаваць тут два жывёлагадоўчыя комплексы. А за бліжэйшую пяцігодку — мадэрнізаваць усе сельскагаспадарчыя фермы раёна.
На падрыхтоўку горада і раёна да свята мяркуецца затраціць каля 400 мільярдаў беларускіх рублёў. Жыхары Маладзечаншчыны ў прыемным прадчуванні: якія ж змены чакаюць іх родны горад? 
— Зменіць твар не толькі раённы цэнтр — у Маладзечне будуць добраўпарадкаваны восемдзесят вуліц, але і сельскія населеныя пункты, — тлумачыць Іван Шматко. — Ключавым аб’ектам стане сучасны спартыўна-забаўляльны цэнтр з лядовай пляцоўкай, басейнам, элементамі аквапарка, які з’явіцца ў Маладзечне. Ён абыдзецца дзяржаве прыкладна 60 мільярдаў рублёў.
Да “Дажынак” яшчэ дзевяць месяцаў, але ў горадзе ўжо ідуць рамонтныя работы.
— Пачата будаўніцтва лядовага палаца, капітальны рамонт вуліц Вялікі Гасцінец і Гарадоцкая, — расказвае намеснік начальніка аддзела археалогіі і будаўніцтва Мала-
дзечанскага райвыканкама Святлана Валько. — Наш гонар, што ўжо ў гэтым месяцы мы ўводзім дзіцячую бальніцу і аздараўленчы блок з вялікім прыгожым басейнам для дзетак, хворых на скаліёз. Плануецца вялікая рэканструкцыя парку Перамогі з будаўніцтвам амфітэатра, дзе будуць праводзіцца маладзечанскія фестывалі. Наведвальнікаў парку парадуе таксама “Водная феерыя” — дэкаратыўныя каналы з пераходнымі мосцікамі. А кінаманам прыйдзецца даспадобы адноўлены кінатэатр з магчымасцю прагляду фільмаў у 3D фармаце. Памяняе сваё аблічча плошча Старое Месца. Замест кіёскаў з’явяцца зялёныя дрэўцы і стаянка для тых, хто прыедзе сюды адпачыць.
Працы яшчэ шмат. Але трэба думаць, ужо ў верасні  Маладзечна сустрэне герояў жніва ва ўсёй сваёй прыгажосці і незвычайных абноўках.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter