Маладзечанскiя агледзiны

Лепшым маладым беларускiм эстраднiкам названы Аляксандр Салаўёў

Сярод 20 маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песнi лепшым названы Аляксандр Салаўёў

Х Нацыянальны фестываль беларускай паэзii i песнi прайшоў у мiнулую суботу ў Маладзечне. Адной з самых цiкавых i хвалюючых яго падзей стаў Рэспублiканскi конкурс маладых выканаўцаў эстраднай беларускай песнi, у якiм за лаўрэацкiя званнi змагалiся 20 салiстаў з усiх абласцей краiны i горада Мiнска.

Уладальнiкам конкурснага Гран-пры i прыза глядацкiх сiмпатый стаў прадстаўнiк Мiнскай вобласцi i ўраджэнец Маладзечна Аляксандр Салаўёў (на здымку). Малады чалавек — выпускнiк Маладзечанскага музычнага вучылiшча па класе вакалу i студэнт аддзялення эстрадных спеваў Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры i мастацтваў. Цяперашняя перамога – не першая ў яго творчым жыццi, ён лаўрэат многiх iншых песенных конкурсаў, з 10 гадоў займаецца ў эстраднай студыi горада Маладзечна пад кiраўнiцтвам вядомага беларускага кампазiтара Алены Атрашкевiч. Дарэчы, дзве яе песнi на вершы паэта Васiля Жуковiча якраз i прынеслi перамогу ў конкурсе маладому салiсту.

Разам з Аляксандрам Салаўёвым пераможцамi сталi яшчэ чатыры выканаўцы. Першае месца прысуджана Улляне Шэлах з Магiлёўскай вобласцi, другое заняла яе зямлячка Маргарыта Халатава, трэцяе – Дзянiс Вяршэнка з Гомельшчыны. Спецыяльны прыз iмя народнага артыста СССР i Беларусi Уладзiмiра Мулявiна за захаванне нацыянальных песенных традыцый атрымаў прадстаўнiк Вiцебскай вобласцi Глеб Лапiцкi.

Як адзначыў пасля завяршэння конкурсу старшыня прафесiйнага журы народны артыст Беларусi кампазiтар Эдуард Зарыцкi, у параўнаннi з мiнулымi гадамi сёлетнiя маладыя выканаўцы прадэманстравалi прыкметна больш высокую вакальную падрыхтоўку, а некаторыя з iх, на яго думку, маглi б паспрачацца на сцэне i з прафесiяналамi айчыннай эстрады.

Цiкава, што сярод удзельнiкаў конкурсу былi i будучыя прадстаўнiкi даволi далёкiх ад спеваў i музыкi спецыяльнасцей. Як слушна заўважыў з гэтай нагоды першы намеснiк мiнiстра культуры Беларусi Уладзiмiр Рылатка, маладзечанскi конкурс вельмi дэмакратычны, бо адна з галоўных яго мэт — звярнуць увагу маладых выканаўцаў да беларускай песнi, каб песня на роднай мове заставалася ў iх жыццi i душы незалежна ад таго, прафесiяналамi якой галiны яны стануць надалей.

Памкненнi, канечне, ухвальныя. Вось толькi з роднай мовай конкурс высвецiў сумную акалiчнасць. Аддаючы перавагу ўдасканаленню вакалу i музычных апрацовак, выканаўцы часцяком пакiдаюць па-за ўвагай тэксты песень. На працягу конкурсу са сцэны не раз гучала, рэжучы вуха, вiдавочная непiсьменнасць, асаблiва прыкметная i крыўдная побач з лепшымi ўзорамi беларускай песеннай спадчыны. На жаль, не многiя з сучасных аўтараў песенных радкоў сёння могуць пахвалiцца добрымi ведамi беларускай мовы.

Разам з конкурсам маладых выканаўцаў у ходзе маладзечанскага свята адбылiся выстаўка-кiрмаш вырабаў майстроў народных рамёстваў, выступленнi самадзейных творчых калектываў горада i раёна, сустрэчы з беларускiмi пiсьменнiкамi i кампазiтарамi. Праўда, не надта спрыяла надвор’е мерапрыемствам на адкрытых пляцоўках. Але блiжэй да вечара i фiнальнай кропкi фестывалю – пачатку гала-канцэрта “Зямля мая — песня” на Цэнтральнай плошчы горада – дождж, на радасць удзельнiкаў i арганiзатараў свята, усё ж сцiшыўся. Як адзначаў, жартуючы, на гэты конт старшыня Маладзечанскага райвыканкама Генадзь Кучко, вiдаць, пачулi-такi яго гарачыя просьбы ў “нябеснай канцылярыi”.

Трохгадзiнны гала-канцэрт сабраў на iмпра­вiзаванай сцэне артыстаў вядучых творчых песенных i танцавальных калектываў краiны, зорак беларускай эстрады, пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў i стаў дзякуючы таму самым вiдовiшчным i масавым з усiх мерапрыемстваў фестывалю. Прыхiльнiкi беларускай эстрады маглi ўбачыць яго тэлетрансляцыю на наступны дзень. Праўда, самыя дасведчаныя меламаны вялiкага захаплення на гэты конт не выказвалi, бо добра вядома, што калi на вялiкiм зборным канцэрце прысутнiчаюць тэлекамеры, на сцэне амаль не застаецца гучання “жывых” галасоў i песень.

Пункт гледжання

У час Нацыянальнага фестывалю беларускай паэзii i песнi адбыўся першы выхад у свет нядаўна прызначанага на пасаду мiнiстра культуры краiны Паўла Латушкi.

Дзелячыся думкамi з журналiстамi, Павел Латушка адзначыў, што маладзечанскi фестываль — гэта вельмi важная традыцыя, захаванне якой знаходзiцца пад патранатам Прэзiдэнта краiны, падтрымлiваецца на рэспублiканскiм i рэгiянальным узроўнях.

— Упэўнены, што Нацыянальны фестываль беларускай паэзii i песнi будзе праходзiць у Маладзечне i надалей, бо беларускае слова i песня – гэта тыя крынiцы, якiя патрэбны нашай краiне i людзям, якiя ў ёй жывуць, — падкрэслiў мiнiстр i адзначыў, што для яго вельмi важна, каб у ментальнасцi беларусаў было разуменне, што наш народ можа ганарыцца сваёй багатай культурай.

Як расказаў Павел Латушка, зараз, пасля прызначэння на новую пасаду, ён знаёмiцца з той сiтуацыяй, якая iснуе ў падпарадкаванай яму галiне, хаця i прызнаўся, што слова “галiна” ў дачыненнi да сферы культуры яму падаецца не надта правiльным, “таму што культура – гэта ўсё тое, што вакол нас, што ўнутры нас, тое, з чым мы сустракаемся штодня”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter