Маладыя «парасткі» Старога Сяла

Уважліва сачылі за ходам патрыятычнай экспедыцыі газеты «Рэспубліка» і тэлеканала АНТ па Заходняй Дзвіне піянеры Старасельскай сярэдняй школы Віцебскага раёна. У салідарнасць з журналістамі наша моладзь правяла ўласную тыднёвую акцыю «Памяць».
Пад кіраўніцтвам савета гісторыка-краязнаўчага музея школы быў створаны валанцёрскі атрад. У яго ўвайшлі лепшыя вучні 7, 8, 10-х класаў, якія зрабілі дэвізам акцыі аптымістычны заклік «Свяціць заўжды, свяціць для ўсіх!», а паходнаю песняй абралі «Глобус». Наша акцыя завяршыла выкананне сваёй праграмы якраз адначасова з заканчэннем экспедыцыі газеты «Рэспубліка» і АНТ. Нам не сорамна паведаміць, што ў час яе валанцёрскі атрад з 17 добраахвотнікаў добраўпарадкаваў дзве брацкія магілы і пяць помнікаў. Не засталася без увагі і магіла былога выпускніка нашай школы Уладзіміра Шчэдрунова, які загінуў у Афганістане... Таксама была аказана дапамога па гаспадарцы тром ветэранам Вялікай Айчыннай, нарыхтавана пяць тон металалому. Падчас экспедыцыі сабрана каля сотні новых экспанатаў для школьнага краязнаўчага музея... Сапраўднымі нашчадкамі баявой славы адчулі сябе ў час паходу камандзір валанцёрскага атрада, выхаванец дзетдома Арсеній Дзямешка і яго намеснік Дзяніс Міхееў, байцы атрада Лілія Макава, Света Залеская, Саша Іспянкоў, Юля Арлова, Алена Навумава і іншыя ўдзельнікі акцыі «Памяць». Незабыўныя ўражанні засталіся ў юнакоў і дзяўчат ад сустрэч з сем’ямі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з вязнямі гітлераўскіх канцэнтрацыйных лагераў, былымі воінамі 235-й стралковай дывізіі, якая вызваляла вёску Старое Сяло...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter