Маладыя пачынаюць...

Яшчэ i года не прайшло з часу ўвядзення 75-працэнтнай квоты беларускай музыкi на радыё, яшчэ не ўсе радыёстанцыi выконваюць гэты закон, а сiтуацыя выразна змянiлася: беларускiх артыстаў стала болей не толькi ў эфiры, але i на канцэртных афiшах. Часам нават даходзiць да таго, што меламану даводзiцца рабiць сур’ёзны выбар.

Яшчэ i года не прайшло з часу ўвядзення 75-працэнтнай квоты беларускай музыкi на радыё, яшчэ не ўсе радыёстанцыi выконваюць гэты закон, а сiтуацыя выразна змянiлася: беларускiх артыстаў стала болей не толькi ў эфiры, але i на канцэртных афiшах. Часам нават даходзiць да таго, што меламану даводзiцца рабiць сур’ёзны выбар.

Вось i зусiм нядаўна, вярнуўшыся з паспяховага канцэрта унiкальных беларускiх гуртоў “Kriwi” i “ЯR” у мiнскiм Доме лiтаратара, я зiрнуў у афiшныя рубрыкi газет на наступны дзень i заўважыў, што ў розных месцах былi заяўлены папулярная “Крамбамбуля”, легендарная “Крама” ды адкрыццё апошнiх гадоў “Garadzkija”. Ну самi памяркуйце, чым тут можна ахвяраваць?
Натуральна, у такой невырашальнай сiтуацыi мяне лёгка падштурхнула да вызначэння наяўнасць цiкавых гасцей на апошнiм канцэрце, на якi запрашаў у той дзень сталiчны клуб “Рэактар”. Перад няўрымслiвымi “Garadzkimi” меўся паказацца яшчэ адзiн праект знакамiтага гiтарыста Пiта Паўлава — акустычны фолькавы “Pete Paff”, а на самым пачатку — маладая гранджавая каманда “Крок”, пра якую цяпер шмат пiшуць, але жыўцом пабачыць якую мне прынамсi не даводзiлася. Дый за апошнi час я прапусцiў аж два канцэрты гурта “Garadzkija”.
Натуральна, “Крок”, як маладыя, пачынаў. Я адразу заўважыў, што гэта цi не самы малады рок-гурт Беларусi. Хлопцам гадоў па 18—20, не болей, але як зайгралi, ад захаплення захiстаўся нават я, не такi ўжо зацяты прыхiльнiк гранджу.
Безумоўна, нехта мог бы папракнуць iх, што занадта капiруюць класiкаў жанру, легенду сiэтлскай школы “Nirvana” (вакалiст увогуле жывы Курт Кабэйн), але шчыра скажу: калi вас “Nirvana” перагружала ўжо на другой-трэцяй песнi, то “Крок” упэўнена будзеце слухаць безупынку, так мягка закалыхвае iхнi напружаны гiтарны нерв.
Пасля кароткага перапынку адразу высветлiлася, як будуць спалучацца на адной сцэне два такiя розныя праекты Пiта Паўлава: аказваецца, па ходу канцэрта на подыум падчас выступлення “Garadzkich” выходзiлi то дудар, то саксафанiст, то дадатковы бубнар — перкусiянiст. Праўда, гэта быў не зусiм чысты “Pete Paff”, а крыху, так бы мовячы, наэлектрызаваны. Дый “Garadzkija” былi месцамi з незвычайным акустычным шармам. Ужо нават дзеля таго, каб пачуць незвычайнае выкананне знаёмых песень, варта было прыйсцi на гэты канцэрт.
На канцэрце прагучала ўся праграма дэбютнага альбома гурта “Garadzkija”, шэраг песень будучага фольк-альбома гурта “Pete Paff”. Але калi вядучы абвясцiў аб заканчэннi, публiцы не хацелася верыць. I яна так доўга i настойлiва бiсавала (“Garadzkija”! “Garadzkija”! “Garadzkija”!), што здзiўленыя музыкi вымушаны былi пакiнуць грымёрку i выйсцi на сцэну ў звычайных неартыстычных касцюмах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter