В Николаевщинской школе, которую помогал строить Якуб Колас, сейчас учится правнук его сестры

Маладыя каласкі Коласавай нівы

Мікалаеўшчына — невялікая вёска на Стаўбцоўшчыне ў некалькі соцень жыхароў. З інфраструктуры тут засталося самае неабходнае: аддзяленне сувязі, Беларусбанк, магазіны, але, бадай, самы незвычайны па архітэктуры будынак, напоўнены творчай таямніцай, — мясцовая школа, якую дапамагаў узводзіць у 40-х гадах ХХ стагоддзя аўтар бессмяротных паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», трылогіі «На ростанях» Якуб Колас. Чым жывуць прадаўжальнікі традыцый класіка, якім чынам захоўваюць памяць пра земляка, ці пішуць вершы і, наогул, як пачуваецца на пісьменніцкай зямлі?

Мікалаеўшчынская школа.

ЯКУБ Колас нарадзіўся ў сусед-ніх Акінчыцах, дарагія яму тутэйшыя вёскі Альбуць і Ласток, у якіх жыў разам з родзічамі, а таксама Смольня, дзе ўпершыню сустрэўся з Янкам Купалам. Усе гэтыя мясціны суседнія і злучаюцца музейнай сцежкай, аб’яднанай драўлянымі скульптурамі. У кожнай з вёсак — мемарыяльныя сядзібы ў гонар земляка.

Мікалаеўшчына таксама на­дзейна і адмыслова беражэ памяць: школа і калгас носяць коласаўскае імя, тут бюст класіка, дагледжаны пахаванні яго родзічаў і бацькоў, лейтматыў, бадай што, усіх тутэйшых свят — яго творчасць. Вялікая ўрачыстасць «Каласавіны» заўсёды праходзіць праз Мікалаеўшчыну, і вяскоўцы прымаюць за гонар сустрэцца з вядомымі беларускімі пісьменнікамі.

Школа, дарэчы, тут не тыповая — з калонамі ў стылі неакласіцызму. Быў намер на гэтым месцы паставіць стандартную, і ў 1940-х гадах нават зроблены першыя спробы, але ўсё зруйнавала Вялікая Айчынная. Пасля ліхалецця Якуб Колас у лісце свайму сябру Ігнацію Міцкевічу (той пасля стаў першым дырэктарам наваспечанай навучальнай установы) пісаў: «Як толькі прыеду на Беларусь, займуся мікалаеўшчынскімі справамі. Школу трэба паставіць, зрабіць яе на зайздрасць людзям».

І зрабіў, і паставіў — пабудаваная па эскізах класіка і першага дырэктара. Якуб Колас тады якраз працаваў у Вярхоўным Савеце БССР і ў розных інстанцыях стараўся здабыць будматэрыялы, што пасля вайны было складана. Школа ўзведзена мазолістымі рукамі тутэйшых жыхароў. Як супольна суайчыннікі аднаўлялі пасляваенны Мінск, так мікалаеўцы родную школу літаральна за год, у 1948-м, яна паўстала, велічная і прыгожая. Яшчэ праз год выпусціліся 11 першых вучняў, усе яны сталі настаўнікамі, за выключэннем аднаго, які выбраў прафесію зубнога тэхніка.

— Настаўніцкі шлях па прыкладзе свайго земляка выбірае большасць нашых выхаванцаў. Шмат філолагаў, матэматыкаў, спартсменаў. У кагорце славутых вучняў доктар філалагічных навук Валянціна Мароз, доктар гістарычных навук Лідзія Кулажанка, доктар педагагічных навук Мікалай Міцкевіч. Ад нашага парога выйшлі 33 нашчадкі Якуба Коласа па пісьменніцкай лініі, — пералічвае адметных сучаснікаў цяперашні дырэктар школы гісторык Лілія Кротава.

Ніна ЗАГАРЭЎСКАЯ і яе вучні Паліна КУРЭЦ, Мікіта БРУЙ, Кацярына САБАЛЕЎСКАЯ.

У легендарнай школе і педагогі славутыя. Першы выкладчык фізічнай культуры заслужаны настаўнік Беларусі Мікалай Семяняка, з якім вучні на веласіпедах ездзілі ў вандроўку ажно ў Маскву. Са званнем заслужанага: былы дырэктар Аркадзь Камёнка, мовазнаўца Лянгіна Цвірка, якой сёлета спаўняецца 90 гадоў. Біёлаг Ніна Урадава з адным запісам у працоўнай кніжцы, мае стаж больш за 40 гадоў, пры­ехала ў Мікалаеўшчыну маладым спецыялістам, тут стварыла сям’ю. Зараз ёй 71, але па-ранейшаму ёсць сілы і імпэт працаваць.

УЗВЕДЗЕНЫ з дапамогай Якуба Коласа будынак да гэтага часу служыць верай і праўдай, па ўтульнасці не толькі не саступае гарадскім камяніцам, а нават вый­грае. Атмасфера нібыта дамашняя, як і драўляная лесвіца, што вядзе на другі паверх. Між тым захавана сучаснасць. Асаблівае месца, так званы чырвоны кут, — гэта этнаграфічна-літаратурны музей класіка, у класах — партрэты пісьменнікаў, мясцовыя відарысы царквы, драўлянага моста, цагельні. У Мікалаеўшчыне калісь было больш за тысячу жыхароў, у школе — па некалькі паралельных класаў.

Зараз тут 48 вучняў і 20 дзетсадаўцаў. Пра малечу не скажу, з ёй незнаёма, а вось школьнікі мяне ўразілі. Па-першае, чыстай беларускай мовай, якую цяпер не тое што ад дзяцей, ад дарослых пачуеш рэдка. А гэтыя — коласаўскія парасткі — па слова ў кішэнь не лезуць. Ёсць на каго раўняцца: іх настаўніца Ніна Загарэўская — аўтар трох кніг, бард з уласнай кружэлкай песень, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі і кіраўнік літаратурна-творчага гуртка «Маладыя каласкі», якому летась споўнілася 55 гадоў. На дзве круглыя пяцёркі як пражыў, так і спрацаваў калектыў. Многія выхадцы з гэтага аб’яднання сталі вядомымі пісьменнікамі і мовазнаўцамі. Гэта Алесь Камароўскі, Мікола Дземідовіч, Яўген Хвалей — першыя гурткоўцы, якія рэдагавалі насценгазету «Наднёманская рунь». З Мікалаеўшчыны шчыльна ўмацаваліся ў беларускую творчую ніву Мікола Маляўка, Алесь Рыбак, Дзмітрый Дземідовіч, Сымон Белы.

Па ўсім бачна, падрастаюць паслядоўнікі, стараюцца трымаць марку, бо на іншае проста не маюць права. Сямікласнік Мікіта Бруй і наогул Коласаў нашчадак, праўнук Марыі Міхайлаўны — трынаццатай роднай сястры класіка. Мікіта адчувае сувязь са стрыечным прадзедам і ўжо другі год піша аўтабіяграфічныя празаічныя замалёўкі.

— Так удала, як у вялікага сваяка, у мяне не атрымліваецца, — сціпла прыкмячае хлопец.

Цудоўна, што Мікіта з вялікай дапытлівасцю цікавіцца сваім радаводам. Амаль штовечар бяжыць да стрыечнай бабулі — дачкі Коласавай сястры Марыі Міцкевіч, каб высветліць нешта новае пра сваю галіну, збірае гістарычныя матэрыялы і здымкі, а таксама захоўвае лісты з эміграцыі ад брата Якуба Коласа, адрасаваныя класіку.

З ІМПЭТАМ дзеці прыгадваюць прыезд у школу сына Коласа — Міхася Міцкевіча. Ён прэзентаваў тут сваю фотавыставу, чытаў бацькавы творы, да якіх мясцовыя вучні ставяцца з асаблівай павагай. Адзінаццацікласнік Дзяніс Міцкевіч пазнае ўсе апісаныя ў творах родныя мясціны, а сямікласнік Раман Маляўка дагэтуль не можа зразумець, як праз столькі гадоў можна так дакладна перадаць вобраз дзядзькі Антося. Відаць, значнай асобай ён быў для Кастуся.

— На жаль, у праграме вывучаюць толькі першую кнігу з трылогіі «На ростанях». Памятаю, у школьную пару была зачараваная другой — «У глыбі Палесся». Здавалася іду ў школу па тых Мікуцічах, гэта ўсё гісторыя малой радзімы, заўсёды чую ўслед: «Колас цябе суправа­джае», — заўважае Ніна Загарэўская.

Яе калега-філолаг, кіраўнік музея Ірына Паплаўская, мае стажу ледзь не 35 гадоў, стараецца зацікавіць выхаванцаў лёсам класіка:

— У музеі штогод падчас «Каласавін» праводзім літаратурны месячнік «Традыцыйныя Коласаўскія чытанні», кожны раз па новай тэме. Летась, напрыклад, чыталі творы Якуба Коласа перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Сярод удзельнікаў пранікнёнасцю вылучылася адзінаццацікласніца Аліна Маляўка, актывістка і сябра савета музея.

Ірына ПАПЛАЎСКАЯ разам з вучаніцай Крысцінай ЗАІКІНАЙ.

Не толькі літаратурную, але і песенную ніву прысвячаюць класіку. Так, завуч школы Таццяна Чэрнік і іншыя яе калегі ўдзельнічаюць у народным фальклорным ансамблі «Коласавы землякі», які бярэ выток з Мікалаеўшчыны, а яго першым кіраўніком і арганізатарам быў Міхась Скарабагаты. У рэпертуары ёсць добрая песня «А я млода па беражку хадзіла, гусей-лебедзяў дадому ганяла», якую так любіла маці Коласа.

ПАКУЛЬ размаўляем, «Маладыя каласкі» складаюць новыя вершы, дзе галоўны крытэрый — не рыфма, а пачуццёвасць і вобразнасць. Крысціна Заікіна дзеліцца сваім набыткам:

Дзякуй, Колас Якуб, 
за цудоўны радок,
Я жыву, расту тут, 
малады каласок.
Мову родную нам 
сваім вершам бярог,
Сваім прыкладам 
ты мне пісаць дапамог.

Шасцікласніца Паліна Курэц і Кацярына Сабалеўская ўсвядомілі ісціну сваёй настаўніцы: «Зрыфмаваць можна і тэарэму па матэматыцы, але гэта не будзе паэзіяй». У маладых каласкоў, як і ў коласаўскага героя Сымонкі, «свет цікавы, свае вобразы, жыццё, а ў душы ў іх усе з’явы сваё маюць адбіццё». Хлопчыка, нягледзячы на перашкоды, чакаў шчаслівы лёс. Дай бог, каб і паслядоўнікам класіка пашчасціла.

basikirskaya@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter