Малады чалавек ніколі не бачыў свайго бацьку.

Хоць той жывы-здаровы і знаходзіцца ў адным з ім горадзе

Гэты ліст нельга чытаць без хвалявання. Прыйшоў на пабыўку салдацік. Адаспаўся, пад’еў дамашніх прысмакаў, пабачыўся з сябрамі, дапамог маці. А потым вырашыў пагартаць складзеныя ў стос газеты. Убачыў “НГ” з падборкай “Помні імя сваё” за 17 чэрвеня. І не змог пераадолець жадання распавесці сваю гісторыю. “Прачытаў вельмі кранальную гісторыю пра жанчыну, што чакае і не можа дачакацца свайго сына. Стаўшы сталічным жыхаром, ён заганарыўся і пачаў лічыць сябе вышэй за простую паляшучку, што падарыла яму жыццё, — піша Іван. — У мяне сітуацыя ў нечым падобная — я чакаю свайго бацьку. Ужо 21 год... Я ніколі не бачыў яго. Але ведаю, што гэта Артур Віктаравіч Н. У яго ў Мінску свая фірма, звязаная з перавозкамі, маці працавала там сакратаркай. Закруціўся службовы раман, Артур Віктаравіч літаральна страціў галаву... Але, калі даведаўся, што яго каханая цяжарная, адразу перамяніўся: “Бывай, Люся, не жадаю ведаць ні цябе, ні тваё дзіця!”

Звычайная на сённяшні час гісторыя. На жаль. Маленькі хлопчык так хацеў, каб бацька калі-небудзь прыйшоў, ці пазваніў і яны б сустрэліся. Марыў расказаць яму, як сумуе і любіць. Але спаткання не адбылося. Бізнесмен застаўся верным свайму слову  — не жадаю ведаць і ўсё тут.

Іван скончыў школу, паступіў у каледж сувязі, потым завочна ва ўніверсітэт. Хлопца прызвалі ў армію, ён стаў тэлеграфістам. Здавалася б, мары маленства павінны былі адысці далёка-далёка. Але вось яны, тайны нашай псіхалогіі — хлопцу да болю крыўдна, калі да іншых прыязджаюць таты. Не, маці і бабуля не забываюць свайго салдаціка. Але яму не хапае менавіта мужчынскага  разумення і прызнання...

Няўжо так і не ўбачыць Іван свайго бацьку? Так хочацца верыць у адваротнае. Можа, і мы паспрыяем сустрэчы. Дапамаглі ж  звязацца Паўлу і Юлі, героям нашай публікацыі, змешчанай у “НГ” за 10 чэрвеня, а раптам і тут атрымаецца...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter