“Маладосць” сталее, не старэючы

Вядомы ў краіне штомесячны часопіс адзначае 60-годдзеПа сутнасці, гэта свята ўсіх, хто мае дачыненне да беларускай літаратуры: многія з вядомых аўтараў прайшлі “маладосцеўскую” школу творчасці. Са старонак часопіса, заснаванага ў 1953 годзе, прыходзілі да чытачоў творы Якуба Коласа, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Васіля Віткі, Янкі Сіпакова, Уладзіміра Дамашэвіча ды многіх іншых празаікаў, паэтаў, крытыкаў, публіцыстаў. Зрэшты, гаварылася на ўрачыстасці з нагоды юбілею “Маладосці” ў прэс-цэнтры Дома прэсы, выданне па-ранейшаму арыентавана на маладых аўтараў, гэта для іх — і стартавая пляцоўка, і крылы для палёту. “Будучыня беларускай літаратуры, ды і культуры — у вашых руках”, — гаварылі старэйшыя сябры калегам, якія сёння робяць часопіс.
Вядомы ў краіне штомесячны часопіс адзначае 60-годдзе

Па сутнасці, гэта свята ўсіх, хто мае дачыненне да беларускай літаратуры: многія з вядомых аўтараў прайшлі “маладосцеўскую” школу творчасці. Са старонак часопіса, заснаванага ў 1953 годзе, прыходзілі да чытачоў творы Якуба Коласа, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Васіля Віткі, Янкі Сіпакова, Уладзіміра Дамашэвіча ды многіх іншых празаікаў, паэтаў, крытыкаў, публіцыстаў. Зрэшты, гаварылася на ўрачыстасці з нагоды юбілею “Маладосці” ў прэс-цэнтры Дома прэсы, выданне па-ранейшаму арыентавана на маладых аўтараў, гэта для іх — і стартавая пляцоўка, і крылы для палёту. “Будучыня беларускай літаратуры, ды і культуры — у вашых руках”, — гаварылі старэйшыя сябры калегам, якія сёння робяць часопіс.
Юбіляраў віталі кіраўнік Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч — бо “Маладосць” цяпер адносіцца да гэтай структуры, прадстаўнікі міністэрстваў інфармацыі, адукацыі, культуры, прафсаюзаў, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, літаратурных музеяў і часопісаў, маладыя творцы. “Мы выпісваем і з цікавасцю чытаем нашу “Маладосць”, — гаварыў галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі. У пацвярджэнне называў прозвішчы маладых аўтараў, творы якіх усхвалявалі пісьменніка. А шасцігадовая спявачка Адрыана Аракелян, якая ўжо засвяцілася на вокладцы “Вясёлкі” і прыйшла на ўрачыстасць з Уладзімірам Сцяпанавічам, парадавала ўсіх выдатным выкананнем знакамітай народнай песні “Купалінка”.
Святлана Дзянісава (справа) і Таццяна Сівец на Купалаўскім свяце ў Вязынцы Удалося мінулым летам і мне заспець, сфатаграфаваць у ролі своеасаблівых Купалінак на Купалаўскім свяце ў Вязынцы цяперашнюю галоўную рэдактарку часопіса “Маладосць” Святлану Дзянісаву і яе папярэдніцу Таццяну Сівец — яна цяпер галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва”. Гэтыя маладыя жанчыны разам з калегамі шмат робяць, каб гадаваліся на старонках часопіса прыгожыя “кветачкі”, з якіх з часам атрымаюцца і смачныя “ягадкі”. І дызайн вокладкі “Маладосці” цяпер адпаведны: кветачны!
Пра тое, як удаецца часопісу-юбіляру сталець, не старэючы, мы гутарым са Святланай Дзянісавай. Яна — унучка вясковай настаўніцы з песеннай Капыльшчыны, пасля школы закончыла медвучылішча, працавала медсястрой, вучылася на біёлага ў БДУ: у яе чырвоны дыплом. Школьная мара пра журналістыку падштурхнула пісаць для “глянцавых” часопісаў, яна прайшла школу фрылансерства, шэф-рэдактарства ў “Женском журнале”.

— Святлана, а груз адказнасці і традыцый, якім кожнае знакавае выданне абрастае з часам, нібы карабель ракавінкамі, не перашкаджае “Маладосці” рухацца наперад?
— Каб, нібы караблю, трымаць баланс устойлівасці ў плыні часу, каб груз мінулага дапамагаў ісці курсам у будучыню, трэба ўсё ж ведаць гісторыю выдання. І абавязкова, як казаў на ўрачыстасці Уладзімір Ліпскі, будуючы 60-ы паверх дома-часопіса, аддаваць даніну павагі ветэранам. Тым, хто ствараў падмурак выдання. Чытачы бачаць: мы звяртаемся да гісторыі. Друкавалі з нумара ў нумар дзённікі вядомага “маладосцеўца” Уладзіміра Дамашэвіча, успаміны іншых творцаў. Веданне гісторыі дазваляе рухацца наперад, улічваючы мінулы досвед і ловячы ў ветразі павевы новага часу. А цікавага на шляху “Маладосці” шмат. Мы за апошнія месяцы шмат даведаліся, калі рыхтавалі да юбілею выданне “Скрозь “Маладосць”: Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру”. Напрыклад, што першым фатографам часопіса быў вядомы майстар Аляксандр Дзітлаў. Яго асабіста запрасіў на працу Пётр Машэраў, крэсла якога доўгі час стаяла ў “Маладосці” — а потым недзе знікла. І на старонках кнігі разгортваецца вельмі цікавая дэтэктыўная гісторыя: адзін з аўтараў у мемуарах непакоіцца, куды знікла тое крэсла, другі прыадкрывае таямніцу…

— Мяркую, на будынку па Карла Маркса, 40, дзе пачалася “Маладось”, была першая рэдакцыя, і шыльда памятная будзе. Напрыканцы 80-х я працаваў у ЦК камсамола, і старэйшыя калегі падказалі: ты ж сядзіш якраз у тым пакоі (а гэта на другім паверсе), дзе працавалі класікі…
— Так, мы знайшлі дакументы цікавыя з тае пары, і пра шыльду, пэўна, варта падумаць — разам з Саюзам пісьменнікаў. Цікава было даведацца, што Машэраў, які “кіраваў камсамолам”, шчыльна займаўся і справамі “Маладосці”. Таму і добры старт у часопіса атрымаўся.

Спеўны падарунак “Маладосці” ад “Вясёлкі” ўручае Адрыана Аракелян— Падкажыце, як цяпер можна стаць вашым аўтарам?
— Людзі самі прыходзяць. Дасылаюць творы і па звычайнай пошце, і па электроннай. І суайчыннікаў замежжа запрашаем у аўтары, перашкодаў няма, паглядзець “Маладосць” можна ў інтэрнэце ці аформіць падпіску. Хто піша, той, вядома ж, хоча бачыць творы надрукаванымі, у тым ліку і ў нашым выданні. Калі ёсць нешта новае ці то ў форме, ці то ў змесце, аўтарскім стылі — гэта да нас, наш фармат. Нам цікава, калі аўтар задаецца новымі пытаннямі, а не “перажоўвае” традыцыйныя тэмы ці “майструе тэксты”, як рамеснік, па старых лякалах. Пошукі новага — гэта шлях “Маладосці”. А яшчэ мы часта праводзім творчыя сустрэчы са школьнікамі, гімназістамі, у бібліятэках з чытачамі, у ВНУ. І там запрашаем да супрацоўніцтва. Мы ўвогуле лёгкія на пад’ём, ідзем усюды, куды нас запрашаюць. Сёлета супрацоўнікі “Маладосці” выступалі ў мінскіх Медыцынскім і Лінгвістычным універсітэтах, у Брэсце і Баранавічах сустракаліся з чытачамі і бібліятэчнымі работнікамі. А мая мара: каб нас запрашалі яшчэ больш, у тым ліку фізікі, хімікі, матэматыкі, ІТ-спецыялісты — не толькі філолагі. Гэта і будзе тая пераемнасць традыцый, якая не абцяжарвае, а дае сілы для творчасці. Калі ствараўся часопіс — чыталі ўсе, маю на ўвазе сацыяльна актыўную частку грамадства. Цяпер жа літаратурна-мастацкія выданні бяруць у рукі нямногія.

— Пад адной вокладкай з “Маладосцю” выходзіць і часопіс “Бярозка”, вельмі важны “гадавальнік” для творчай моладзі. Не спрабавалі збіраць у фан-клубы “Маладосці” юных прыхільнікаў літаратуры, якія ёсць амаль у кожнай школе, а тым больш гімназіі ці ВНУ?
— Такі клуб, па сутнасці, ужо ёсць пры рэдакцыі. Аднак вы ж ведаеце: творчасць — справа тонкая, я б сказала, элітная... Нам калегі раяць выступаць на абласных, рэспубліканскіх прадметных алімпіядах школьнікаў, дзе збіраецца “галавастая” моладзь. І мы будзем у тым кірунку рухацца. А на юбілейнай урачыстасці ўшанавалі шэраг нашых маладых аўтараў, у ліку якіх Маргарыта Латышкевіч, Наста Кудасава, Арцём Кавалеўскі, Міхаіл Бараноўскі, Анатоль Трафімчык, Серж Мінскевіч, Сяргей Мацін ды іншыя. Думаю, іх імёны з часам стануць яшчэ больш вядомымі.

— Святлана, задайце сабе пытанне — і самі на яго адкажыце.
— Я б у сябе запытала: калі б мела машыну часу, то ў якім перыядзе з 60-гадовай гісторыі “Маладосці” хацела б папрацаваць? І творчая фантазія заносіць мяне чамусьці ў 60-я з іх “адліжнай” грамадскай атмасферай. Часопіс ужо стаў на ногі, галоўны рэдактар — Пімен Емяльянавіч Панчанка, друкуецца проза Уладзіміра Караткевіча, і ўсе глядзяць у будучыню з надзеяй... Мне нават тагачасная мода ў адзенні падабаецца! Прыходзіць у рэдакцыю ў пышнай сукенцы з рукавамі-ліхтарыкамі, круглым каўнерыкам, маленькімі гузічкамі... У туфельках на тоненькіх абцасіках... Вобразы са старых савецкіх фільмаў мне вельмі імпануюць. Разумею: не ўсё там проста было — ды хочацца ў маладосці маіх бацькоў пабываць, у тым ліку і для лепшага разумення таго, што мы сёння маем.

Гутарыў Іван Ждановіч

На здымках:
Святлана Дзянісава (справа) і Таццяна Сівец на Купалаўскім свяце ў Вязынцы
Спеўны падарунак “Маладосці” ад “Вясёлкі” ўручае Адрыана Аракелян
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter