Максім Танк вачыма землякоў

Максім Танк прайшоў праз вернасць

Пра асобу і талент такога маштабу нельга расказаць у адным артыкуле. Ды і ці варта? Бібліёграфы і літаратуразнаўцы даўно склалі яго жыццяпіс і даследавалі творчасць. Аднак ёсць яшчэ вусная пагалоска,  памяць тваіх землякоў, адзнака якіх так хвалявала Максіма Танка, паэта з сусветна вядомым імем, 105-годдзе якога будзем адзначаць 17 верасня.

На возеры Нарач Якуб КОЛАС, Максім ЛУЖАНІН і Максім ТАНК, 1956 год.

Едзем па дарозе, што вывела Жэню Скурко ад роднага парога на жыццёвы прасцяг. Гэтую вандроўку да землякоў аднаго з самых яскравых беларускіх паэтаў гасцінна прапанавала мне намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мядзельскага райвыканкама Ганна Падгол. У паездку запрасілі і кіраўніка краязнаўча-літаратурнага музея імя Максіма Танка ў Сваткаўскай школе Святлану Шылько. 

Ганна Мікалаеўна ўзгадвае, што паабапал прасёлка ў полі заўсёды расло жыта, адвечная збажына беларуса:

— Вось яна, дарога, закалыханая жытам. Гэта паэтаў вобраз і назва кніжкі, што выйшла ў 1976 годзе. Краявіды, якія ён бачыў, бадай што не змяніліся. З гэтай прыгажосці паэт і чэрпаў натхненне.

У афіцыйных крыніцах пазначана, што нарадзіўся народны паэт у вёсцы Пількаўшчына, але ж яго родная хатка з вокнамі на шэсць шкельцаў месціцца на хутары Хведарцы. На сядзібе, да якой пад’ехалі неўзабаве, пахне свежаскошанай травой. Загадкава шапочуць галіны ліпавых прысад, якія заклаў сам паэт, яшчэ мацнейшымі сталі дубы, пасаджаныя каля селішча дзедам. Састаўленыя побач вуллі, змайстраваныя бацькам, адмысловым пчаляром, скасабочаныя драбіны, там-сям раскіданы сялянскі рыштунак.

Ці памятаюць мядзельцы Танка? Несумненна! За сродкі, сабраныя на арганізаваных мясцовай уладай суботніках, усталявалі ў райцэнтры помнік. Музыка гімна раёна пакладзена на яго верш. Конкурс  тэкстаў галоўнай песні цягнуўся больш года,  аднак большасць  сказала: “У нас ёсць Танк!” 

“Наш край Нарачанскі, край сініх азёраў, шляхоў партызанскіх і слаўных пабед, бароў меднастволых, жытнёвых прастораў”, — дэкламуе Ганна Мікалаеўна словы гімна, пакуль едзем да Слабадскога пагоста, дзе пахаваны род Скурко. Магілы ўсе сціплыя, як і самі людзі, якія знайшлі тут вечны спакой. Сціпласць Яўгена Іванавіча ўражвала. Будучы пры рэгаліях і пасадах, ён плаціў шафёру службовай машыны, калі той падвозіў яго на дачу ці дадому, саромеўся насіць узнагароды і наказваў пахаваць яго на малой радзіме, без аркестра і прамоў, не ставіць на магіле помнік. 

Помніка і сапраўды няма. Толькі два высокія мармуровыя крыжы, бо ў зямлі — яго труна і урна з прахам любай Любашы, Любкі, Лю, як пяшчотна называў ён сваю жонку Любоў Андрэеўну.

Гісторыя пра тое, як чатыры месяцы захоўваў жончыны астанкі ў тумбачцы ля свайго ложка, пакуль сам не памёр, нагадвае нешта містычнае. Мо і насамрэч, усявышнія сілы злучылі іх і на тым свеце, настолькі моцным было зямное каханне гэтых людзей?

Непадалёку гулялі дзяўчынкі. Мы запыталіся, ці ведаюць, хто знакаміты пахаваны на могілках? “Канешне! — засакаталі Арына і Насця. — Наша бабуля Люда яго ведала”. І павялі нас праз невялікі луг да дому.  Людміла Васільеўна Скурко, прыехаўшая сюды на адпачынак з Мінска, у сваю чаргу, выправіла да суседкі Аліны Лукінічны, таксама Скурко, бо тая сустракалася з ім часцей:

— Прадставіцельны такі. Праязджае машына — усе адразу бавілі: “Танк паехаў”. Хто яшчэ ў вёсцы тады мог катацца на легкавіку? Заўсёды каля людзей спыняўся, каб прывітацца і пагаварыць. Распытваў пра жыццё-быццё. Любіў зямлю сваю і пісаў пра яе хораша. Бацькі яго былі разумныя і добрыя. Усім стараліся дапамагчы чым маглі. Нас жа немцы папалілі. Маладзейшых вывезлі ў Нямеччыну. Наша сям’я таксама вярнулася з Германіі на папялішча. Жылі так-сяк — хіляліся, бадзяліся, праўда, мамін брат баньку сваю аддаў, а ў іншых ні жытла, ні правізіі. Дык Домна заўсёды дзялілася куском хлеба. У Новіках пляменнік Любы жыве, апошняя хата ад левага боку на павароце на Пількаўшчыну, — Мікалай Асаевіч, той і дома ў Мінску ў Танка бываў.

Мікалаю Аляксандравічу АСАЕВІЧУ ёсць што ўспомніць. Фота Алены КЛІМОВІЧ
Завітаўшы да Мікалая Аляксандравіча, сядзім за сталом, над якім вісіць геаграфічная карта. Гаспадар таксама паблукаў па свеце, аб чым зараз і нагадвае сетка паралелей і мерыдыянаў на сцяне, ды асеў на роднай зямлі, працаваў у калгасе брыгадзірам. Падчас аповеду ён між іншым прачытаў нам урывак з паэмы “Журавінавы цвет” і праспяваў “Яшчэ Польска не згінэла” — памяць у сталага чалавека за дзевяноста на зайздрасць маладым: 

— Мой бацька і Люба стрыечныя брат і сястра, а дзед мой і яе бацька тут жыў, а пры Польшчы паехаў у Вільню. У іх кватараваў Жэня, калі вучыўся ў гімназіі, — вядома ж, на чужыне хінешся да сваіх. Там і сышліся з Любай. Вельмі яе кахаў.

Неяк дзядзька Жэня прыслаў яму ў Заходнюю Беларусь з Мінска беларускі буквар, каб не забываўся роднай мовы ў польскай школе, а цётка Люба — зборнік “Журавінавы цвет” у чырвонай вокладцы:

— З гэтай кніжкай здарылася цэлая бяда. Бацька мой меў стасункі  з заходнімі падпольшчыкамі. І вось са Сваткаўскага пастарунка прыехалі яго трасці, каб знайсці рускую літаратуру. Я ўжо разумеў, што да чаго, схаваў чырвоную кніжку пад бэльку. Ды палякі прыкмецілі, дасталі і давай чытаць. Я перапужаўся, але нічога палітычнага яны не знайшлі. 

Праўда, чыталі пількаўскія мужыкі і палітычныя брашуры. Аднаго разу ранняй вясной, калі разгалісты клён на двары яшчэ стаяў голым, пачуў Мікола, тым часам хлопчык гадоў дзесяці, як кувае зязюля. Здзівіўся: чаму так рана? Потым даведаўся: гэта Кірыл Карабейнік, прыносіўшы падпольную літаратуру, па дамоўленасці знак падаваў яго бацьку Аляксандру Асаевічу. Вельмі верагодна, што з імі меў сувязь і Жэня Скурко. Потым Аляксандр Мікалаевіч Асаевіч стаў старшынёй калгаса, за што пацярпеў ад немцаў падчас акупацыі.

Ну а потым, калі Люба пайшла замуж за Яўгена Скурко, стасункі з вядомай раднёй у Мікалая Асаевіча сталі часцейшымі.

Многія землякі высокую пасаду Танка часта выкарыстоўвалі, так бы мовіць, у асабістых мэтах.

Быў выпадак візіту да знакамітай радні. Разам з калгасным ветэрынарам выправіліся яны ў круіз па Чорным моры. Да Адэсы трэба было ляцець самалётам з Мінска, а ў сталіцу дабраліся вечарам за дзень да вылету. Абхадзілі гасцініцы, каб пераначаваць, месцаў няма. Куды падацца?  Да Любы і Жэні!

Максім ТАНК з братам Фёдарам на алеі, пасаджанай паэтам.

— Вечарам нас добра пачаставалі. Жэня ўсё дапытваўся, ці ў добрыя рукі нямецкі камбайн патрапіў, які ён  для калгаса дабыў. Пра калгасныя справы кожны раз турбаваўся. Далі нам асобны пакой, — хітра шчурыць выцвілыя вочы Аляксандравіч. — Нараніцу цётка наварыла яды, садзімся за стол.  Жэня налівае нам каньяк, па чарцы-другой, а сам ён зусім у рот не браў. Тут гляджу, і доктар Мікалай Шашура келіх адстаўляе. Я пад сталом яго за нагу ціскаю: “Куляй, і я ж буду болей піць”. А той засаромеўся: няёмка ў такога чалавека напівацца. Толькі прыехалі ў аэрапорт, ён стрымгалоў у буфет — бярэ бутэльку “Масквы”. Я не вытрываў, заругаўся: “Дык гатовы каньяк — плаціць не трэба — не п’еш, а ты мне тут водку куплёную сунеш”.

Вялікую цікавасць выклікалі ў пількаўцаў пісьменнікі, якіх прывозіў на радзіму Танк, — што гавораць, колькі п’юць. Пільныя погляды мясцовых мужыкоў і кабет лепш за ўсялякі рэнтген прасвечвалі нутро інжынераў чалавечых душ. Дагэтуль на Мядзельшчыне ходзяць ці то анекдоты, ці то быль пра творчую інтэлігенцыю, адпачываўшую ў Нарачанскім краі. Дзед Мікола смяецца: 

— Адзін казаў: “Як вып’ю сто грам, дык у мяне тады лепей галава робіць”.

Было на возеры і лецішча Танка. Едучы туды, ён заўсёды завітваў у родную хату. Любіў хадзіць па грыбы, выслухоўваў просьбы вяскоўцаў.

Дачка Мікалая Асаевіча Зінаіда памагала школьнаму музею складаць радавод паэта. Цяпер разлістым сямейным дрэвам, якога няма ў ніводнага бібліёграфа, Сваткаўская школа асабліва ганарыцца. Шмат тут і фотаздымкаў, на якіх Яўген Іванавіч з аднавяскоўцамі, з маці і жонкай, са школьнымі настаўнікамі, а таксама шмат каштоўных дакументаў. Цяпер дзеці з настаўнікамі хочуць знайсці іншыя, акрамя Сівер, Граніт і Танк, псеўданімы паэта. А пры ўваходзе ў музейны пакой вісіць вялікая карціна Алеся Марачкіна, на якой зноў жа — сустрэча Танка з землякамі. 

А вось на апошнюю ён спазніўся. Было гэта напрыканцы 1994 года. На той час яго даймалі хваробы. Відаць, адчуваў, што місія на гэтым свеце пакрысе набліжаецца да завяршэння, і вырашыў яшчэ раз пабываць на Бацькаўшчыне, паразмаўляць з землякамі. І хаця той восеньскі вечар не быў звязаны з юбілеем, людзі перапоўнілі прасторную канцэртную залу тагачаснай дзіцячай музычнай школы, многія стаялі на праходах ля акон і дзвярэй.  І чакалі. А  Танк заехаў на некалькі хвілін на хутар. Каб, напэўна, таксама развітацца з тымі людзьмі і зямлёй, якім да канца заставаўся верным, якія галоўным радком прайшлі праз яго творчасць.

Я спытаў чалавека,
Якi прайшоў праз агонь
i воды,
i медныя трубы:
— Што самае цяжкае
На гэтым свеце?
І ён адказаў:
— Прайсцi праз вернасць.

Нягледзячы на многія выпрабаванні лёсу, Паэт застаўся верным сабе, свайму каханню, ідэалам і землякам.

klimovich@sb.by

P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, у рэдакцыю прыйшла сумная вестка — Мікалай Аляксандравіч Асаевіч пайшоў з жыцця. Прыносім свае спачуванні родным і блізкім.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter