Наш корреспондент встретила колядный «Щедрец» с Дедом-Предком, Конем и Журавлем

Магiя святочнага абраду

Унікальны па сваёй прыгажосці калядны абрад «Шчадрэц», або «Казельчыкi», праводзіцца ў вёсцы Осава Салігорскага раёна штогод. Напярэдаднi старога Новага года ён збірае самых рознаўзроставых удзельнікаў: малодшаму калядоўшчыку 11 гадоў, а самаму старэйшаму, Васілю Каваленю, які іграе на барабане, ужо 88. Паглядзець на каляднае свята ў Осава  прыязджаюць з розных пасёлкаў і гарадоў краіны. Таму што акунуцца ў аўтэнтычную атмасферу абраду, дзе сабраны пяць пакаленняў вяскоўцаў, — гэта асобае пачуццё.

Акунуцца ў аўтэнтычную атмасферу абраду — гэта асобае пачуццё.

Да блiжэйшай «Амерыкi»

У ноч з 13 на 14 студзеня да самай раніцы ў Осаве льецца народная музыка, гучаць магічныя песні са звонкімі галасамі галоўных зорак абраду — артыстаў народнага фальклорнага калектыву «Палескія крыніцы». Зачароўваюць рытмамі народныя танцы... Каляда па хатах у літаральным сэнсе ходзiць да ўпаду. Ходзiць па снезе шчыра і шчодра: ад высокай гары, дзе калісьці рос вялікі дуб, у дупле якога, па легендзе, жылі восы (адсюль і назва пасёлка — Осава), да самай «Амерыкі». Так жыхары гэтага пасёлка называюць далёкія ад яго цэнтра сельскія вулачкі.

Менавіта з-за сваёй унікальнасці свята «Шчадрэц» на самым поўдні Міншчыны дзесяць гадоў таму набыло статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Тут галоўнай зоркай калядавання з’яўляецца Дзед-продак — чалавек у вывернутым кажусе ды берасцяной масцы. З першага погляду падасца, што Дзед гэты страшнаваты, але мяне пераконваюць: ён у душы непераўзыдзены дабрак. Трэба толькі яго залагодзіць!

Вяскоўцы імкнуцца, каб на «Казельчыкi» стол быў шчодрым: з 12 страў. Абавязкова павінна быць гарачае: капуста з мясам або салам, каўбаса-крывянка, аладкі. А яшчэ квашаніна, тварог са смятанай... Гаспадар з гаспадыняй першымі садзяцца за стол з раскошным абрусам, запальваюць свечку і моляцца, чакаюць ганаровых гасцей. А тыя ў двары ўжо танцуюць і спяваюць. Грукаюць у акенца першымі дзеці: «Гаспадыня, дзе вашы куры нясуцца?» Гаспадыня адказвае: «У куратнiчку». Дзед-продак пераступае парог хаты са словамі «Добры вечар — шчодры вечар!» і запрашае пад абрадавыя песні шчадраваць.

Дырэктар Осаўскага сельскага Дома культуры Сяргей Каваленя з гонарам распавядае аб атрыбутах шчодрага зімовага свята:

— На стары Новы год у нас заўсёды збіраецца цікавая кампанія. Гэта не тыя персанажы, якіх гледачы звычайна бачаць на Каляды. У нашым «Шчадрацы» абавязковыя героі — гэта Баба-сейбітка, Каза, Журавель, Конік, Цыганка з дзіцем, Механоша, Зорканоша. Іх гід у працэсіі — сімвал мудрасці, дабра і справядлівасці — Дзед-продак. Ён заходзіць у хату з посахам, на якім пазвоньвае званочак, пастуквае гэтай палкай у столь, нiбыта абуджае і заклікае вышэйшыя сілы ў дапамогу простым людзям.

«Шчадрэц» выдатны сваёй прастатой і пакорыць нават заўзятага скептыка.

Маска Дзеда — гэта наогул славутасць Осава. Аналагаў ёй нідзе ў краiне не знойдзеце. Яе вырабляюць з суцэльнага кавалка бяросты, у якім выразаюць дзіркі для вачэй, носа і рота. Прыклейваюць бародку, вугалем малююць на бяросце бровы, рот, вусы... Такога незвычайнага Дзеда Мароза, толькі без мяшка падарункаў за плячыма, калі ён завітаў у хату, чакаюць з нецярпеннем, задобрываюць рознымі прэзентамі, каб год быў паспяховым, добрым і шчодрым. Каб жыццё нарадзілася, вялося, ладзілася ў новым крузе. Спрадвеку лічылася, калі ў акно пастукалі казельчыкi, то наступны год будзе абавязкова паспяховым.

Варажылі ды дровы збіралі...

Абрадавыя традыцыі осаўскага «Шчадраца» выдатныя сваёй прастатой і пакораць нават заўзятага скептыка. Вось толькі некалькі самых каларытных з iх. Трэба пасыпаць збожжам пеўня, каб закласці зерне будучага ўраджаю і багацця. Лічыцца, што менавіта ў гэтую ноч варажба праўдзівая, а мары выконваюцца са стаадсоткавай верагоднасцю. Для нежанатых хлопцаў і дзяўчат на выданні ёсць рэцэпт: заплюшчыць вочы, абняць плот і злічыць дошчачкі, якія ўдалося абхапіць. Калі іх парная колькасць, значыць, знойдзеш пару і створыш сям’ю. Паваражыць на наканаванага можна і з дровамi, сабраўшы іх у бярэмя, а потым раскласці і палічыць кожнае палена. У парнай суме таксама крыецца адказ: раз сабрала 6 — 8 — 10, значыць, у гэтым годзе давядзецца выйсцi замуж. Выдатныя рытуалы!

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter