“ПлаSтформа” соберет артистов из семи стран

Магія ў рухах

Адкрыты форум эксперыментальных пластычных тэатраў “ПлаSтформа” лічыцца адной з самых незвычайных культурных падзей краіны. Ні на якім іншым фестывалі беларускія гледачы не бачаць такое багацце пластычнага эксперыменту, як тут. У праграме — фізічны тэатр, харэаграфічныя і пластычныя спектаклі, сучасная пантаміма. Прычым пастаноўкі прадстаўляюць не толькі айчынныя, але і замежныя калектывы. У афішы сёлетнега фестывалю, які пройдзе з 13 па 17 лютага, праекты з Чэхіі, Польшчы, Расіі, Аўстрыі, Кітая, Ізраіля і, вядома, Беларусі.

Фота БЕЛТА

Да прыкладу, чэх Антанін Брында прэзентуе ў першы фестывальны дзень перформанс In Heaven. Артыст збіраецца на працягу трох гадзін без перапынку спяваць аднайменную кампазіцыю Дэвіда Лінча і Пітэра Айверса. Тэатр OddDance з Санкт-Пецярбурга пакажа 14 лютага спектакль “Чалавек па імені...”, які аб’ядноўвае буто (авангардны стыль сучаснага японскага танца), пластычны і фізічны тэатр. На наступны дзень, 15 лютага, тэатралаў парадуюць адразу двума спектаклямі — аўстрыйскім Paula і кітайскім Empty Set. Вечар Люблінскага Тэатра Танца і монаспектакль “Апошняе сола К.” чакаюць гледачоў 16 лютага. У гэты ж дзень мінчанка Валерыя Хрыпач пакажа спектакль “Паміж простым і складаным”. Завершыцца фестываль 17 лютага адразу двума праектамі. Адбудзецца паказ пластычнага монаспектакля Femina ўроцлаўскага Фізічнага Тэатра Формы Юзэфа Маркоцкага, заснаванага на біяграфіі і творчасці польскага пісьменніка і мастака Бруна Шульца, а таксама сумесны беларуска-ізраільскі вечар сучаснай харэаграфіі.

Толькі паказам спектакляў “ПлаSтформа” не абмяжуецца. Стала добрай традыцыяй падчас фестывалю праводзіць абмеркаванні спектакляў з гледачамі, майстар-класы замежных гасцей, лекцыі-перформансы, круглыя сталы. Сёлета, да прыкладу, плануюць абмеркаваць праблему нэтворкінгу ў творчым асяроддзі.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter