Почему примулы наши предки считали «ключиками весны», а василькам приписывали связь с потусторонним миром

Магія кветак

З сівых часоў нашым продкам былі вядомыя расліны, якія валодалі лекавымі якасцямі. Іх выкарыстоўвалі падчас абрадаў, лічылі абярэгамі. У вясновую пару, калі кветкі толькі пачынаюць радаваць сваёй прыгажосцю, карысна ведаць, якія з іх маюць гаючую сілу.

Фото из архива «СБ»

Ці бачылі вы жоўтыя кветкі прымулы, што зацвітаюць у канцы красавіка — пачатку мая? Яны нагадваюць звязку ключоў. Таму ў народзе расліна і атрымала назву «ключыкі». Распускаюцца яны амаль на свята Юр’е, калі зямля прачынаецца ад зімовага сну. Невыпадкова ключыкі здаўна ўспрымаліся як сімвал адамкнутай зямлі. Паводле старажытнага міфа, зямля таму і застаецца замкнёнай, што Юр’ева маці згубіла ключы. Пра гэта гаворыцца ў вясновай юраўскай песні:

Юр’ева матка пагнала цялятка,

У лес пайшла, у лес пайшла,

Залатыя ключы панясла, панясла…

З ключыкаў нашы продкі гатавалі лекі і нават прываротнае зелле, выкарыстоўвалі ў варожбах. Збіраць травы і кветкі пачыналі яшчэ ўлетку, на Сёмуху, падчас Русальнага тыдня.

Асаблівай павагай продкаў карысталіся васількі, ці валошкі. Нездарма ў наш час гэта прыгожая кветка — адзін з самых яркіх сімвалаў нашай краіны. У даўнія часы кожная гаспадыня імкнулася пасадзіць васількі ў агародзе ці садзе. Цікава, што кветка прываблівала не толькі цікавай формай пялёсткаў, але і іх сінім колерам. У даўнія часы лічылася, што колер звязвае кветку з іншасветам. Таму васількі выкарыстоўваліся таксама ў пахавальнай абраднасці: іх клалі ў труну, крапілі імі лаўку, дзе ляжаў памерлы, потым магілу.

Некаторыя навукоўцы параўноўваюць этымалагічныя назвы «валошка» і «васілёк» з імем язычніцкага бога Вялеса (Воласа). На Сёмуху (або Зелянец) дзяўчаты з васількоў плялі вянкі, доўгі час захоўвалі іх у хаце. Па адной з легенд, назва сініх кветак паходзіць ад хлопчыка Васілька, якога русалка на Русальным тыдні заманіла ў поле і заказытала. Пасля ён і ператварыўся ў расліну. На Гомельшчыне падчас абраду провадаў русалак выбіралі дзяўчыну, якая выконвала ролю русалкі, ускладалі ёй на галаву вянок з валошак і спявалі песню-зварот да васілька.

Цікава ведаць: травы і кветкі здаўна збіралі не толькі знахаркі і чараўнікі, але і ўсе жанчыны. Зёлкі асвечвалі ў храме, засушвалі і карысталіся імі на працягу года. 3 кветак плялі вяночкі для варажбы на здароўе і дабрабыт людзей і хатняй жывёлы.

З імпэтам у даўнія часы адносіліся і да дзьмухаўца (па-народнаму «багатка»). Сёння многія разглядаюць яго як пустазелле, а раней лічылі сімвалам жыцця. Дзьмухаўцы маглі прадказаць чалавеку здароўе ў будучым. Для гэтага жоўтую кветку ўторквалі ў шчыліну сцяны ў сенях па чарзе ўсе члены сям’і: бацька, маці, дзеці. Потым раніцай глядзелі, чыя кветка распушылася, а чыя — не. Калі завяла, чакалі няўдачу ці хваробу.

У канцы красавіка — маі зацвітае барвінак (барлінак, барлінец). Продкі яго выкарыстоўвалі для пляцення шлюбнага вянка нявесты, які аздаблялі яшчэ і мятай, лілеяй, ружай, калінай, белым кменам, міртамі. Менавіта да барвінку ставіліся вельмі паважліва, лічылі абярэгам і добразычлівым сімвалам. Сакральным сэнсам барвінак надзялялі таму, што ён заставаўся амаль на працягу ўсяго года зялёным, таму сімвалізаваў здароўе і вечнае жыццё.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter