Культработник из Логойского района собирает уникальные керосиновые лампы и изучает старинные свадебные наряды

Магічная сіла «керасінкі»

Захапляцца «керасінкамі» Алена Яраславаўна пачала з дзяцінства. У бабулінай хаце ў Докшыцкім раёне на Віцебшчыне іх часта запальвалі, калі не было святла. У вёсцы Барсукі засталося шмат прадметаў сялянскага побыту: саматканыя ручнікі, абрусы, рарытэтныя гаспадарчыя рэчы, радавая ікона бабулі Магдалены 1884 года. Частку скарбаў, пакінутых продкамі ў спадчыну, наша гераіня перавезла ў Гасцілавіцкі сельскі дом культуры Лагойскага раёна, дзе працуе. Цяпер гісторыю цікавых прадметаў даўніны вывучаюць мясцовыя школьнікі. Зазірнулі да збіральніцы цікавых скарбаў і мы.


Калекцыю лямп яна пачала збі­раць прыкладна 20 гадоў таму. Сёння ў экспазіцыі іх больш за 30, знаходзяцца ў асобным пакойчыку Гасцілавіцкага дома культуры. Кожная мае сваю гісторыю. Першая засталася Алене Яраславаўне ад бабулі Марыі Іванаўны Яцкоўскай.

— Мноства экспанатаў прывезла з Віцебшчыны, — расказвае Алена Сайко. — Вось гэтыя цяжкія ліхтары з Рыгі, ёсць нават чыгуначны. А таксама «керасінкі», якія даўней называліся «кажаны», або «лятучыя мышы», бо іх можна было не толькі ставіць на стол, але і падвешваць на крукі. Гойдаючыся ў паветры, лямпы нагадвалі жывых істот. 

Калі знаёмыя і сябры даведаліся пра маё захапленне, сталі прыносіць падобныя скарбы з апусцелых хат бабуль і дзядуль. Потым да справы падключыліся сябры сяброў. Хтосьці аддаваў «керасінкі» за так, а хтосьці — за невялікія грошы. З цягам часу хобі захапіла настолькі, што стала шукаць рарытэты ў інтэрнеце. У сацыяльных сетках знайшла су­полкі калекцыянераў з розных рэ­гіёнаў Беларусі і Расіі. 


У Гасцілавіцкім сельскім клубе для калекцыі выдзелілі пакой. Захаванне культурнай спадчыны для Алены Яраславаўны — неад'емная частка жыцця. Дарэчы, ствараць прыгожыя рэчы сваімі рукамі любіць з дзяцінства. Пасля заканчэння школы паступіла вучыцца на швачку, потым у Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў на спецыяльнасць «рэжысёр народных свят і абрадаў».

Адкуль цікавасць да прадметаў, што даўно выйшлі з сучаснага побыту? Алена Яраславаўна прызнаецца, што свет керасінавай лямпы — сувязь з продкамі, нешта дарагое і блізкае для яе:

— Калі на нашым хутары зусім не было святла, бабуля запальвала «керасінку». Агеньчык нёс у сабе нейкую магічную сілу. Сёння хачу захаваць скарбы глыбокай старажытнасці для дзяцей і ўнукаў. Продкі карысталіся такімі рэчамі, якіх сучасная моладзь у вочы не бачыла. Мая задача — паказаць гэта.


Над іржавымі лямпамі аматарцы «керасінак» прыходзіцца нямала папрацаваць: ачысціць ад бруду, пафарбаваць. Бывае, гэта займае тыдзень, а можа, амаль і цэлы месяц. Алена Яраславаўна ўспамінае, як аднойчы так адчысціла і пафарбавала лямпу, што доўгі час нават баялася яе запальваць. «Керасінкі», якія дзесяцігоддзямі пыліліся на гарышчах хат, даходзяць да сучаснай збіральніцы няспраўнымі, вось гаспадыні і прыходзіцца іх рамантаваць. 

Аднак не толькі ліхтарамі ды лямпамі можа пахваліцца Алена Сайко: сапраўдная захаваль­ніца гісторыі па архівах, старадаўніх метрыках, што знаходзіла ў храмах на малой радзіме, узнавіла свой радавод да сёмага калена. Асабліва яе цікаві­ла вывучэнне жаночай лініі. А яшчэ культработнік збірае старадаўнія фотаздымкі вясельных убораў.

Шлюбныя сукенкі нашых бабуль вельмі цікавыя для нас сёння, — расказвае Алена Яраславаўна. — Аказваецца, у кожнай вёсцы была свая мода. Падчас даследавання даведалася: галаўному ўбору ў Докшыцкім раёне надавалася вялікае значэнне, а вось абутак адыходзіў на другі план. Напрыклад, на адным здымку бачым: у нявесты на нагах звычайныя боты.


Наша гераіня збірае і старадаўнія рэцэпты беларускай кухні. Асаблівае месца сярод іх займае макарона па-сялянску на каровіным малодзіве (сучасныя гаспадыні могуць замяніць яго тлустым малаком). Менавіта гэта блюда гатавалі ў яе сям'і. Бралі малодзіва, дадавалі крыху мукі, некалькі курыных яек, раскатвалі ў пласты, потым разразалі на палоскі, сушылі, а захоўвалі ў торбачцы на прыпечку.

Пра ўсё свае здабыткі Алена можа расказваць гадзінамі, ды з такім імпэтам, што зразумее яе толькі такі ж самы, як і яна, апантаны збіральнік скарбаў глыбокай старажытнасці. І хто ведае, магчыма, наступным ра­зам, калі журналісцкая сцежка зноў зверне нас на Гасцілавічы, мы абавязкова трапім на кулінарны майстар-клас па прыгатаванні сялянскай макароны пры святле керасінавай лямпы.




kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter