Культурная грамадскасць на Уздзеншчыне, а таксама ў Мінску ўшанавала годныя даты беларускай гісторыі, звязаныя з лёсам славутых землякоў — князёў Магдалены і Мікалая Радзівілаў

Магдалена і Мікалай

Культурная грамадскасць на Уздзеншчыне, а таксама ў Мінску ўшанавала годныя даты беларускай гісторыі, звязаныя з лёсам славутых землякоў — князёў Магдалены і Мікалая Радзівілаў

70 гадоў таму, 6 студзеня 1945 года ў швейцарскім гарадку Фрыбурзе пры кляштары сясцёр-дамініканак ціха і незаўважна для свету, які знемагаў ад Другой сусветнай вайны, сышла ў Вечнасць маленькая акуратная паважнага веку жанчына. Жыццё яе — нібы сама гісторыя Беларусі за пэўны час, калі, пераадольваючы заняпад, ішла яна да адраджэння. Жанчынай была Магдалена з роду Завішаў Радзівіл (1861—1945). Яе імя ў сілу пэўных абставін не ўпрыгожвала раней пантэон славутых дзеячаў Беларусі, хоць яе справы вартыя гонару, пашаны і ўдзячнасці нашчадкаў. Са спадарыні Магдалены, упэўнена я, можна браць прыклад служэння Богу, Айчыне і бліжняму. Але часы мяняюцца, і цяпер мы цікавімся: што пакінулі на нашай зямлі прадстаўнікі арыстакратычных родаў, беларускія князі ды вяльможы-земляўласнікі?А яны ж узводзілі храмы, пашыралі асвету, культуру, дбалі пра росквіт гаспадаркі.

Князь Мікалай Радзівіл і Княгіня Магдалена Радзівіл.
Фота з архіва Віктара Хурсіка

Ужо ў наш час у сузор’і гэтых імёнаў аднавілася і зорка княгіні Магдалены Радзівіл — свядомай і дзейснай беларускі, мецэнаткі і асветніцы. Сто гадоў таму яна спрычынілася да адраджэння беларускай культуры і літаратуры: менавіта на яе сродкі друкаваліся першыя беларускія газеты і кнігі, пашыралася выдавецкая дзейнасць. У яе маёнтках працавалі беларускія школы для вясковых дзяцей, яна адкрывала прытулкі для сірот і шпіталі для параненых і хворых пад час Першай сусветнай вайны, ахвяравала вялізныя сродкі на святыні і рэлігійную дзейнасць.

Магдалена нарадзілася 8 ліпеня 1861 года ў Варшаве. Яе бацька Ян Казімір Завіша паходзіў са знакамітага шляхецкага роду герба Лебедзь, быў вядомым навукоўцам — гісторыкам і археолагам, шанаваў сваё беларускае паходжанне і быў свядомым патрыётам Айчыны. Цэнтрам яго спадчынных земляў быў палац у Кухцічах (цяпер пасёлак Першамайск) за некалькі вёрстаў ад Узды ў тагачасным Ігуменскім павеце. Любоў да Беларусі ад бацькі перадалася і Магдалене. Бацька быў для яе ўзорам служэння высокім ідэалам патрыятызму, сумленнасці, дабрачыннасці. Менавіта Магдалене ў спадчыну і адышлі па смерці Яна Завішы бацькоўскія маёнткі Кухцічы і Жорнаўка на Міншчыне.

Аўдавеўшы ў першым шлюбе, Магдалена без асаблівага жалю пакідае Варшаву і пасяляецца на бацькавай радзіме. Менавіта там яна чуецца дома. Яна і шмат падарожнічае, наведвае еўрапейскія сталіцы, варшаўскую радню. Але сэрца яе належыць Беларусі. Важнай падзеяй яе асабістага жыцця стала знаёмства ў 1904-м у Англіі з князем Мікалаем Вацлавам Радзівілам — прадстаўніком берлінскай галіны беларускага магнацкага роду. Па бацькавай лініі князь быў праўнукам знакамітага Антонія Радзівіла — аўтара музыкі да оперы “Фаўст” паводле вядомага твора Гётэ. Хоць князь Мікалай быў збяднелым прадстаўніком роду, ды гэта быў чалавек неардынарны — смелы ваяр, які вызначыўся гераізмам у Руска-японскай вайне (пад Порт-Артурам) і быў узнагароджаны ордэнам св. Уладзіміра, сапраўдны рыцар. Будучы “літвінам” з паходжання, ён цікавіўся беларускім фальклорам, народнымі традыцыямі, меў чуласць да іх носьбітаў — сялянаў, і тым не мог не заваяваць сэрца Магдалены. Сваімі прыхільнасцямі ён нагадваў Магдалене бацьку. Ды і яна адпавядала Мікалаю беларускім патрыятызмам. Нягледзячы на вялікую розніцу ва ўзросце (Магдалена была старэйшая за Мікалая на 19 гадоў), у 1906-м у Лондане адбыўся шлюб Мікалая і Магдалены. Іх асуджалі ў варшаўскіх салонах, для іх зачыніліся дзверы ўсіх арыстакратычных польскіх дамоў і клубаў. Але гэта не спалохала маладых сужонкаў, аднадумцаў у духу: у іх была Беларусь, былі землі з маёнткамі. Магдалена аформіла ў валоданне Мікалая родавы маёнтак у Кухцічах, а ён — не толькі смелы ваяр, але і дбайны гаспадарнік — найперш заняўся пабудовай чыгункі, каб злучыць глыбінку з цэлым светам, стварыць умовы для развіцця прамысловасці краю. Дбаў і пра лясную гаспадарку, спрыяў таксама ўвядзенню новых тэхналогій у земляробстве.

Пачатак Першай сусветнай вайны перапыніў тую дзейнасць: Мікалай, які быў капітанам рэзерву 52-га палка драгунаў расійскай арміі, пайшоў на фронт, і 17 (30) лістапада 1914 года быў забіты ў баі ва Усходняй Прусіі. Яго пахавалі ў склепе касцёла ў Кухцічах, набажэнства праводзіў ксёндз Аляксандр Астрамовіч, ён жа паэт Андрэй Зязюля, які сябраваў з Магдаленай і Мікалаем. У сваёй прамове ён адзначыў ваярскую смеласць князя, яго руплівае гаспадаранне на карысць краю, любоў да беларускай мовы і адданасць справе беларускага адраджэння. Жалобны вянок на труну князя Мікалая ўсклала пісьменніца Алаіза Пашкевіч (Цётка). І хоць князь Мікалай не нарадзіўся тут, але “сынам зямлі беларускай” лічылі яго супляменнікі, развітваючыся з ім.

Мемарыяльная дошка ў памяць князя Мікалая Радзівіла ў Кухцічах

Справа беларускага адраджэння ўзвышала жыццё Мікалая і Магдалены. Маёнткі прыносілі немалы даход, значная частка якога ішла на дабрачынныя справы. Яны фінансавалі выданні і дзейнасць выдавецкіх суполак. Гэта была не заўважная, але надта патрэбная чыннасць людзей, якія не шукалі сабе славы, але служылі культурнаму адраджэнню Айчыны. Цяпер вядома: менавіта з дапамогай княгіні і яе мужа развівалі дзейнасць выдавецкія таварыствы ў Вільні і суполка “Загляне сонца і ў наша аконца” ў Пецярбурзе, выдавалася газета “Наша ніва”. З 1913 года ў Вільні пачала выходзіць каталіцкая беларуская газета “Biełarus”, якой таксама, як пісаў кс. Адам Станкевіч, зацікавілася “княгіня Магдалена Радзівіліха, каторая сыстэматычна пакрывала даўгі “Biełarusа” аж да яго закрыцця, г. зн. да прыходу ў Вільню немцаў у 1915 г.”. Справам адраджэння Беларусі служыла і віленская друкарня “Зьніч”, у якой пры фінансавай падтрымцы Магдалены быў выдадзены першы беларускі малітоўнік для набажэнстваў “Бог з намі”.

Знакам падзякі Магдалене за яе мецэнацкую дзейнасць была выява Лебедзя — герба роду Завішаў, — якую змяшчалі выдаўцы на тытульных аркушах кніг, друкаваных на грошы княгіні. То былі знакавыя кнігі: “Вянок” Максіма Багдановіча (1913), “З роднага загону” Андрэя Зязюлі (1913), “Родныя з’явы” Якуба Коласа (1914, пад псеўданімам Т. Гушча), “Рунь” Максіма Гарэцкага (1914), “Курганная кветка” Канстанцыі Буйло (1914), “Васількі” Ядвігіна Ш. (1914). Аўтараў можна лічыць заснавальнікамі нацыянальнай літаратуры. Дабрачынную дзейнасць Магдалены Радзівіл не перапынілі ні вайна, ні гібель мужа. Памяць пра яго, відаць, натхняла яе на працяг справаў, якія вялі яны сумесна. Вайна прынесла народу вялікія выпрабаванні і пакуты. Магдалена спрыяла адкрыццю дзіцячых прытулкаў і шпіталяў, заснавала ў Мінску дабрачыннае таварыства “Літасць” для дапамогі сем’ям пакліканых у войска. У сваіх уладаннях княгіня адчыніла некалькі беларускіх пачатковых школ для сялянскіх дзяцей, выкладалі ў іх і сёстры Канстанцыі Буйло. Яшчэ ў даваенны час Магдалена выдаткоўвала сродкі на стыпендыі для студэнтаў-беларусаў, асабліва для тых, хто ішоў вучыцца ў духоўныя семінарыі. Магдалена Радзівіл і сама была шчырай верніцай-каталічкай, прыхільніцай усходняга абраду. Рупілася пра пабудову грэка-каталіцкай царквы ў Мінску, але не атрымала на тое дазволу гарадскіх уладаў; пасылала грошы на набыццё беларускіх кніг для Духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбурзе, дзе вучылася шмат будучых беларускіх святароў. Урэшце, змушаная да выезду за мяжу ў 1918-м, яна ахвяравала на пабудову Беларускага калегіума ў Рыме каштоўнае брыльянтавае калье, ды здзейсніць план тады так і не ўдалося.

Напрыканцы жыцця, жывучы на эміграцыі пад апекай сясцёр- дамініканак, княгіня Магдалена, як вядома, з ахвотаю займалася пляценнем так званых “каронак”: рабіла пацеркі для ружанцовай малітвы, шырока прынятай у каталіцкай традыцыі. Зрэшты, і ўсё яе жыццё было як ружанцовая малітва за Беларусь. 

Магдалена Радзівіл лічыла сябе беларускай і менавіта так публічна пазіцыянавала сябе. Яна шанавала беларускую мову і ўсяляк спрыяла яе пашырэнню. Так, апрача адкрыцця беларускіх школ, яна ўласным загадам перавяла ўсё справаводства ў сваіх маёнтках на беларускую мову. “Я грошай для маіх беларусаў не шкадую,” — так не раз казала Магдалена, па ўспамінах сучаснікаў. Гэта быў матэрыяльны фундамент беларускага адраджэння, без якога яно не магло існаваць, пашырацца і весці да дзяржаўнасці Беларусі.

“Яе беларусы” сёння на Уздзеншчыне і ў Мінску з удзячнасцю згадваюць і шануюць княгіню-патрыётку, пашыраюць сведчанні пра яе дзейнасць, аднаўляюць памяць пра яе і яе гераічнага мужа. Першай данінай памяці ёй стала кніга выдаўца, журналіста, краязнаўцы Віктара Хурсіка “Белы лебедзь у промнях славы”, прысвечаная Магдалене Радзівіл і выдадзеная ў 2001-м, да 140-х угодкаў. Гэта кніга-адкрыццё! Яна натхніла многіх, у тым ліку і мяне, на пашырэнне ведаў пра зямлячку.

У памяць пра спадарыню Магдалену нямала робяць яе землякі. Яе прыклад натхняе іх на адраджэнне культурнай памяці і гістарычных каранёў. У прыватнасці, уздзенскі прадпрымальнік Аляксандр Нікітка з 2008-га выдае календары, прысвечаныя славутым дзеячам і гістарычным мясцінам краю. Каляндар на 2011 год быў прысвечаны Магдалене Радзівіл — да 150-х угодкаў — і змяшчаў партрэт княгіні, намаляваны мастаком Алесем Цыркуновым. Хоць партрэт і выклікаў вакол сябе бурную палеміку, ды прыгажосць і сімвалічны змест яго, можна сказаць, зрабілі з яго нацыянальны абраз, у якім асоба княгіні становіцца вобразам-алегорыяй Маладой Беларусі.

150-годдзе Магдалены Радзівіл было адзначана правядзеннем круглага стала, які ладзіла Міжнародная асацыяцыя беларусістаў і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Сабраліся навукоўцы, культурныя дзеячы, мастакі, прадпрымальнікі, матэрыялы ўвайшлі ў кнігу “Асветніца і мецэнатка: Да 150-годдзя Магдалены з Завішаў Радзівіл”, што выйшла ў 2013 годзе. Гожая цаглінка ў помнік княгіні Магдалене Радзівіл, знак удзячнасці ёй.

Нібыта сама Магдалена натхніла землякоў на аднаўленне каванай касцёльнай брамы ў цэнтры Узды. Сэрца радуецца, калі глядзіш на гэтую дбайна ўзноўленую прыгажосць. Імем Магдалены Радзівіл названа адна з новых уздзенскіх вуліц. А летась 9 снежня ў Кухцічах-Першамайску каля Узды адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Мікалая Вацлава Радзівіла, адважнага ваяра і патрыёта: усталяванне яе прымеркавалі да сотых угодкаў з часу гібелі гаспадара маёнтка. Патрыятычная падзея таксама з’яднала тых, хто неабыякавы да сваёй гісторыі, памятае продкаў ды іх высакародныя ўчынкі,  актыўна спрыяе культурнаму адраджэнню Бацькаўшчыны.

…Спачыўшая 70 гадоў таму і пахаваная на чужыне, дзе змушана была доўга жыць, Магдалена Радзівіл у духу заўсёды была і застаецца з’яднанаю з роднай зямлёй і яе людзьмі. А зямныя справы і дабрачыннасці княгіні-беларускі, думаецца, выслужылі ёй месца ў Валадарстве Божым сярод святых заступнікаў і нябёсных апекуноў Беларусі.

Дарэчы. У Мінску 23 лютага ў гонар святой памяці Мікалая і Магдалены Радзівілаў была ўрачыста адслужана памінальная Імша ў касцёле Святога Роха на Залатой Горцы.

Ірына Багдановіч, выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter