У чым жа магічная сіла оперы “Кармэн” Жоржа Бізэ, прэм’ера якой прайшла незадоўга да закрыцця тэатральнага сезона

Магія Кармэн

І зноў у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі прыхільнікі опернага мастацтва будуць спрабаваць разгадаць, у чым жа магічная сіла оперы “Кармэн” Жоржа Бізэ, прэм’ера якой прайшла незадоўга да закрыцця тэатральнага сезона


Аксана Якушэвіч у ролі Кармэн

Хочаш свята — ідзі ў Вялікі… Там усё, пра што пісала ўжо не раз, выклікае прыхільнасць. У любы час года. У непагадзь — цёпла, у спякоту — прахалода. Стаміўся за працоўны дзень — пройдзе! Не выспаўся напярэдадні — не бяда: узбадзёрышся. Абавязкова. Бо ты — у прадчуванні чараўніцтва, якое пачнецца з першым узмахам дырыжорскай палачкі, якая благаслаўляе аркестр пачаць музычны марафон з уверцюры…

Усюды: у фае, у зале — зіхатлівае святло  кандэлябраў і люстр. І ўсюды — знак якасці. Ім, як і мае быць, адзначана і служба аховы ў вестыбюлі: вымуштраваныя яе прадстаўнікі з выпрастанымі плячамі вітаюць цябе на спуску ў гардэробную. І ты, усміхаючыся, адгукаешся прывітаннем не без задавальнення: гэтыя людзі адказваюць за бяспеку гледачоў. За тваю бяспеку. І табе — добра!

Мне — добра. Ад усмешак і бляску вачэй! І ад доўгіх сукенак. І ад джынсаў з футболкамі ў яркіх прынтах. А вунь смелая дама ў туніцы. Напэўна, ведае, што галоўны трэнд сезона — нефармальнасць.  І што з таго, што ў адзенні тых, хто прыйшоў у Вялікі тэатр, поўная эклектыка.  Хто як можа, так і апранаецца. Вунь, у Венскай оперы, расказвала суседка-студэнтка, таксама дазволена не захоўваць дрэс-код, многія туды ідуць пасля службы ў офісе. Хоць сама яна купіла сабе раскошную сукенку. Для партэра. Туды пераважней з’явіцца  ў вячэрнім уборы.

А я, калі іду ў оперу  пасля працы, абавязкова захопліваю з сабою які-небудзь светлы шалік, які асвяжыць мой злёгку стомлены выгляд. І любімая парфума  “Alien” ад Цьеры Мюглера, якую з раніцы кладу ў сумачку, дадасць  пазітыву. Пасля некалькіх націсканняў на распыляльнік флакона мая стомленасць, ведаю, знікне.


Сцэна са спектакля

Шлейфы парфумы ў Вялікім і сёння, у дзень прэм’еры “Кармэн”, зачароўваюць. У іх міксце, настроіўшы нос, улоўліваеш блізкія табе, твае, усходне-дрэўныя водары з верхняй нотай язміну. Ці ж гаркавата-рэзкія, якія асацыююцца з квітнеючым лугам, дзе буяніць разнатраўе… Змяшэнне шматлікіх пахаў не раздражняе. Наадварот,  успрымаецца як “сімфонія”. Так, псіхасаматыка — штука магутная… А якія мілыя бабулькі, тыя карэнныя мінчанкі, сталыя наведвальніцы Вялікага, якія чулі легендарную Ларысу Александроўскую ў ролі Кармэн. З гэтага спектакля і пачалася ў 1933 годзе яго гісторыя. І гэтыя шаноўныя дамы, падаецца, чакаюць: хто ж дасць фору ўсеагульнай улюбёнцы іх маладосці — вялікай Ларысе Пампееўне, народнай артыстцы СССР. Магу ўявіць, як потым па тэлефоне або ж сустрэўшыся ў вузкім асяроддзі за кубачкам чаю з торцікам, яны стануць абмяркоўваць плюсы і мінусы сучаснай Кармэн. А выканаўц на ролю назначана аж пяць. Магчыма, стануць наракаць на тое, што Аксана Волкава, заслужаная артыстка Беларусі, оперная дзіва, імя якой у ролі Кармэн стаіць у праграмцы загалоўным, цяпер спявае ў Ла-Скала. Кантракт, ці ведаеце, скажуць… Бо яны ведаюць усё пра любімых артыстаў. Трэба б, паразважаюць, восенню, калі яна вернецца ў Мінск, схадзіць у Вялікі зноў…

І ў сабе назіраю падобны ход думак. Так, я таксама абавязкова схаджу пасля летніх вакацый на Волкаву, якой захапляюся. Не захапляцца яе дзіўным мецца-сапрана, глыбокім і яркім, проста немагчыма. Неардынарная, непараўнальная, чароўная, цудоўная — так пра яе гавораць. І я не выключэнне. Бо Волкава бездакорная ў стварэнні вобразаў гераінь — палкіх і моцных, як Кармэн. Пра гэтую ролю гавораць як пра візітную картку спявачкі. Што ж, пачакаем восені.  

А пакуль чакаю знаёмства з Кармэн Аксаны Якушэвіч. Мне падабаецца гэтая выканаўца: яркасці і тэмпераменту ёй таксама не займаць. Слухала яе ў “Сівой легендзе” (Любка)  і ў “Аідзе” (Амнерыс). Дарэчы, неяк чытала, што прыхільнікі з ліку прафесіяналаў параўноўваюць яе з Джэсі Норман. Паглядзім, як справіцца Яку­шэвіч з найскладанейшым, як гавораць музыказнаўцы, вобразам Кармэн.

Чакаю з хваляваннем пачатку: я ў Оперы, якую вельмі люблю. За што ж? Ды за таінства, якое нясе з сабою прыгажосць чалавечага голасу пры спяванні. Яшчэ ведаю: хто і як бы ні паставіў новую “Кармэн”, мае пачуцці зноў абновяцца, узвысяцца. І ўсё лепшае ўва мне абудзіцца ізноў. Чакаю, гартаючы свежы чэрвеньскі нумар часопіс “Партэр”. Ён прысвечаны праекту “Балетнае лета ў Вялікім”, які пройдзе ў другі раз. А таксама ўжо шостаму па ліку фестывалю опернага і балетнага мастацтва  “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”. І вока падае на радкі, дзе калега Таццяна Тэадаровіч цытуе Ніцшэ. Аказваецца, ён быў гарачым прыхільнікам “Кармэн”. Дазволю сабе іх паўтарыць: “Калі я слухаю Бізэ, я станаўлюся лепшым чалавекам, таксама лепшым музыкантам, лепшым слухачом. Гэты твор вызваляе…”. Трэба ж, прамое пападанне ў мой настрой! Сказала б тое ж і пра сябе ў оперы. Бо ніякі іншы від мастацтва не дорыць мне такой  паўнаты пачуццяў і адчування сябе самое — жывой, разумнай, любячай… І любімай  Жыццём. Так-так, у Оперы я зведваю незвычайныя перажыванні …  І нават калі апускаюся ў мяккае крэсла гледача або на прыстаўны стул для прэсы, то ўжо і зусім адчуваю: маё маленькае жыццё ў плыні вялікага Жыцця ўдалося. І адчуваю душэўны камфорт. А таксама духоўнае адзінства з усімі, хто ў зале.


Масавыя сцэны ў оперы “Кармэн” — маленькія спектаклі ў канве сцэнічнага дзеяння. На пярэднім плане: Аксана Якушэвіч — у цэнтры, Эдуард Мартынюк (Хазэ — справа), Дзмітрый Капілаў (Цуніга — злева)

Адна, як вядома, з самых папулярных музычных драм у свеце “Кармэн”, створаная Анры Мельякам і Людовікам Галеві паводле матываў аднайменнай навэлы Праспера Мерымэ, опера-шэдэўр. Опера на вякі. Як выказаўся Андрэй Галанаў, дырыжор-пастаноўшчык, ёсць дзіўныя творы, якія па незразумелых прычынах вабяць усё новыя пакаленні выканаўцаў, пастаноўшчыкаў. Вакол іх нешта адбываецца… Па-мойму, гэта “нешта” і ёсць містыка, якую варта прымаць як дадзенасць.

Для тых, хто забыў сюжэт оперы, нагадаю: Кармэн — прыгажуня- цыганка, якая працуе на цыгарэтнай фабрыцы. З-за бойкі, якая ўзнікае сярод работніц, Кармэн арыштоўваюць. У паліцэйскім участку  яе сцеражэ сяржант Хазэ. Цыганка, зачараваўшы яго, угаворвае адпусціць яе на свабоду. У Хазэ ёсць нявеста Мікаэла, сціплая і любячая, добрая пасада і адзінокая маці. Сустрэча з Кармэн пераварочвае жыццё Хазэ. Ён адпускае яе, траціць работу, становіцца простым салдатам. У запале сваркі паднімае руку на свайго начальніка і, каб не трапіць у турму, выбірае жыццё з кантрабандыстамі, з якімі водзіцца Кармэн. Тая ж адначасова какетнічае з Эскамілья, вядомым прыгажуном-тарэадорам, які абяцае даць бой у яе гонар. Хазэ раўнуе Кармэн. Фінал трагічны. Як Хазэ ні ўмаляе Кармэн вярнуцца да яго, яна ў рэзкіх выразах гаворыць, што паміж імі ўсё кончана. Тады Хазэ забівае сваю каханую, каб яна не дасталася нікому.

Па ўсеагульным прызнанні прафесіяналаў, якія маюць дачыненне да опернага мастацтва, “Кармэн”, якой сёлета споўнілася 140 гадоў, змяніла гісторыю еўрапейскай і сусветнай музычнай культуры. У оперы ў Беларусі багаты сцэнічны лёс: на сцэне Вялікага яе ставілі сем разоў. Цяперашні спектакль рэжысёр-пастаноўшчык Галіна Галкоўская, як піша пра тое часопіс “Партэр”, прысвяціла ўсім вялікім Майстрам Вялікага тэатра Беларусі: салістам, дырыжорам, рэжысёрам, хормайстрам, балетмайстрам, канцэртмайстрам, артыстам і музыкантам. Усім, хто стварыў гэты цудоўны тэатр.

І прысвячэнне, па-мойму, атрымалася годным. Забягаючы наперад, скажу: спектакль быў прыняты з захапленнем. Авацыі, крыкі “брава” суправаджалі  як фінальны выхад салістаў, так і ўсіх астатніх удзельнікаў оперы. І, зразумела, заканчэнне ўсіх сольных партый азнамяноўвалася апладысментамі. Вядучыя партыі ў той вечар (дырыжыраваў Іван Касцяхін)   спявалі ўладальнікі медаля Францыска Скарыны Эдуард Мартынюк (Хазэ) і Таццяна Гаўрылава (Мікаэла), заслужаны артыст Беларусі Станіслаў Трыфанаў (Эскамілья).

Не ўсё, на мой погляд, далёкі ад узроўню погляду музыказнаўцаў, было ў оперы роўна. Часам  падавалася, што тая ўнутраная нітка, якую “саткаў” рэжысёр-пастаноўшчык і працягнуў праз усё  палатно спектакля, недастаткова моцна трымае сцэнічнае дзеянне. Магчыма, адчуванне такой фрагментарнасці ўзнікала таму, што з прагаворваннем тэксту, паўзамі без музыкі ў оперным спектаклі я сутыкнулася ўпершыню. Потым жа, пасля сцэны варажбы,  калі адносіны прыгожай цыганкі з Хазэ ўскладніліся, опера загучала больш драматычна і магутна і ўжо ўспрымалася мною як суцэльны паток, які захапляе траге­дыйнасцю.  

Паводле слоў Галіны Галкоўскай, ёй было цікава раскрыць гісторыю смерці Кармэн, яе трагічнага кахання. “Бізэ стварыў вобраз Кармэн трагічным, — гаворыць рэжысёр-пастаноўшчык. — Ён расказаў гісторыю жанчыны, якая, не падазраючы, што здольная на сапраўднае пачуццё, трапляе ў пастку пад назвай “каханне”. І менавіта ўнутраная драма Кармэн, якую яна старанна ўтойвае, з’яўляецца стымулам дзеяння ў оперы. Прыхільнасць да Хазэ — з аднаго боку і сапраўдная захопленасць тарэадорам — з другога вызначаюць шлях яе гібелі”.

Што і гаварыць, вобраз Кармэн — прыцягальны. Ва ўяўленні яшчэ здаўна яна малявалася мне не толькі як вельмі прыгожая, свабодалюбівая і ганарлівая цыганка. Бачыла я і некалькі экранізацый навэлы Праспера Мерымэ, якую чытала ў студэнцкія гады. І ўжо тады разважала над тым, што Кармэн адносіцца да той пароды жанчын, якіх не задавольвае штодзённасць. Ёй патрэбны не проста багаты муж або палюбоўнік, ёй патрэбны перш за ўсё герой. Хазэ-Мартынюк — не такі. Ён — толькі прыступка на шляху раскрыцця яе сэрца. У нашай оперы, адчуўшы дзі­ў­­­­­­­­­-нае яго біццё, хваляванне,  Кармэн не разумее, што ж ёй рабіць з гэтым незразумелым пачуццём. Дарэчы, Аксана Якушэвіч артыстычна даносіць унутраную збянтэжанасць гераіні. У некаторыя моманты мне хацелася б, каб яна чыталася больш выразна. Так, Хазэ для яе — занадта звычайны. Мартынюк, таленавіты акцёр, які валодае мастацтвам пераўвасаблення, такім яго і робіць. Гэта вам не яго Герцаг  у “Рыгалета”. Там Мартынюк — герой-спакуснік жаночых сэрцаў. Тут — просты чалавек. І хоць каханне абуджае ў ім і ўнутраную прыгажосць, і рашучасць, ён усё ж не герой. Таму Кармэн захапляецца глыбока і палка бліскучым тарэадорам Эскамілья.

Недзе я прачытала пра тое, што імкненне некаторых жанчын выбіраць  у спадарожнікі жыцця мужчыну статнага, мужнага, яркага абумоўлена іх падсвядомай цягай да ўзнаўлення здаровага і моцнага патомства. І калі з гэтага пункту гледжання паглядзець на Кармэн, то, назіраючы яе барацьбу з самой сабою, яе ўнутраную карыду, абавязкова будзеш  зведваць да яе спачуванне. І не асуджаць за выбар. Сама, прызнаюся, была ў сітуацыі, калі прыйшлося гаварыць таму, хто цябе выбраў у жонкі, што ён не герой твайго рамана. І колькі ў жыцці такіх прыкладаў! Таму такая прывабная для ўвасаблення ў мастацтве тэма кахання і гібелі Кармэн.

 Пачуццёвую іспанскую музыку Бізэ, які ні разу не пабываў у Іспаніі, можна слухаць бясконца: у ёй столькі цудоўных мелодый. І  ўлоўліваць нюансы ў знаёмых тэмах, у тым ліку і папулярнай тэме кахання, у якой крылы як у пташкі, тэме тарэадора ў “Маршы тарэадораў”. І на прэм’еры яна несла з сабою адчуванне  свежасці, захоплівала і трымала ўвагу рытмамі фламенка і севільяны настолькі моцна, што не заўважала цягу часу. Таму што твая свядомасць была там, па іншы бок рампы…  І падавалася часам, што і ты сярод артыстак хору назіраеш за Кармэн, якая іграе кветкай…

Хор у Вялікім, за якім стаіць хормайстар-пастаноўшчык  Ніна Ламановіч, гэта асобная тэма, вартая пазітыўнай ацэнкі. Даўно забытыя тыя гады, калі хор у тэатры  быў масоўкай і яго артысты стаялі на сцэне як укапаныя.  У “Кармэн”, зрэшты, як і ў іншых пастаноўках Вялікага, кожны з удзельнікаў ведае, што і як яму рабіць, ствараючы ілюзію розных лёсаў. Рухі кожнага апраўданыя і прадуманыя. Таму што падпарадкаваныя агульнай задачы, якую сфармуляваў перад хормайстрам рэжысёр-пастаноўшчык.  

Дэкарацыі і касцюмы  для “Кармэн” стварала фінскі мастак Ганна Контэк. Уяўляю, наколькі напружана давялося працаваць пашывачнаму  цэху тэатра, каб стварыць сукенкі “bata de faralies” са шматлікімі аборкамі на спадніцах. І колькі затраціць сродкаў: усе касцюмы, што відаць простым вокам, дарагія. Прычым і жаночыя, і мужчынскія не паўтаралі адзін аднаго…

Ці ўдалося Вялікаму тэатру перадаць у новай “Кармэн” дух іспанскага стылю з яго водарам сонечнай Севільі, радасцю жыцця,  ракавымі страсцямі, жывымі эмоцыямі і ненадуманымі чалавечымі адносінамі? Ці ўпісалася ўсё, што зрабіла пастановачная група і выканаўцы ў музыку Бізэ, арганічна? Ці пульсавала яна, нібы кроў, у жылах выканаўцаў? І ці гучыць опера актуальна? Адказ, па-мойму, адназначны: так!

Валянціна Ждановіч

Фота: Міхаіл Несцераў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter