Магія дыплома

Ці добра, калі пра вышэйшую адукацыю мроіць кожны выпускнік?

Як і многія, я заўсёды ганаруся дасягненнямі нашай краіны. Ці гэта спорт, ці эканоміка, ці сучасныя тэхналогіі або адукацыя. Магчыма, гэта і ёсць адзін са складальнікаў таго пачуцця, якое называецца патрыятызмам. Але ёсць перамогі, якія падштурхоўваюць да іншых думак. Вось, напрыклад, наша краіна ў разліку на 10 тысяч насельніцтва па ліку студэнтаў апярэджвае Аўстрыю, Германію, Італію і Японію. І гэта пры тым, што пакуль працэнт замежных слухачоў у нас не такі вялікі, як у краінах-лідарах па экспарце адукацыйных паслуг. Выходзіць, ільвіная доля ад названай лічбы — выпускнікі нашых школ.

Вядома, дрэнна, калі вышэйшая адукацыя становіцца раптам нікому не патрэбнай. Але ці добра, калі пра яе мроіць нават не кожны другі, а кожны першы малады чалавек? Навошта? У 17 гадоў на гэтае пытанне можа адказаць далёка не кожны. Як адзначыла ў гутарцы намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра прафесійнай арыентацыі моладзі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вольга Тарасюк, часцяком гэта рашэнне бацькоў, якія лічаць студэнцтва магчымасцю падоўжыць дзяцінства свайму дзіцяці. Што ж тычыцца саміх хлопцаў і дзяўчат, многім з іх у такім узросце ўсё адно, куды ісці вучыцца. Але офіс і белыя каўнерыкі выглядаюць куды больш прывабна, чым уніформа рабочага. Гэта потым жыццё паказвае, што кваліфікацыя таго самага плітачніка можа быць больш каштоўнай, чым юрыста. Але магія дыплома перамагае.   

Уласна кажучы, хто тыя людзі, якія ідуць сёння ў ВНУ краіны? Пры тым, што колькасць выпускнікоў школ у параўнанні з 2006 годам няўхільна скарачаецца: на ўзроўні базавай — з 147 тысяч да 87 тысяч, сярэдняй школы — з 96 тысяч да 60 тысяч чалавек. Між тым у мінулым годзе на ўсе формы навучання ў ВНУ былі залічаны больш за 60 тысяч хлопцаў і дзяўчат. Зразумела, што не ўсе яны былі выпускнікамі школы таго ж года, але ўсё ж! У 2012-м, напрыкдад, пры колькасці выпускнікоў сярэдняй школы 64 тысячы студэнтамі першага курса сталі больш за 80 тысяч чалавек.

Калісьці казалі: каб стаць студэнтам ВНУ, трэба не проста добра, а вельмі добра вучыцца. Школьны троечнік ніколі не спрабаваў штурмаваць алімп вышэйшай адукацыі, таму што разумеў: у яго няма шанцаў. Ці такі ўжо моцны ведамі цяперашні абітурыент? Калі ўсталяваная планка для атрымання сертыфікату ЦТ у 20 балаў — па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўству, геаграфіі, замежным мовам, 15 — па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі і ўсяго 10 балаў — па дзяржаўных мовах некаторымі з іх лічыцца недасягальнай? Мой пятнаццаціхвілінны вопыт знаёмства з рэпетыцыйным тэстам па рускай мове паказаў: 10 балаў можна набраць, зрабiўшы 10 з 40 прапанаваных заданняў без асаблівай падрыхтоўкі і нават тым, хто скончыў школу больш за 20 гадоў таму.

Хтосьці скажа: у многіх краінах наогул няма экзаменаў пры паступленні ў ВНУ. Каб атрымаць студэнцкі білет, дастаткова падаць заяву. Аднак пры гэтым усе разумеюць, што пасля першага семестра будуць масавыя адлічэнні, паколькі паступіць у ВНУ і вучыцца там — дзве розныя рэчы. Не першы год шэраг айчынных рэктараў наракаюць: веды некаторых абітурыентаў прыходзіцца падцягваць да вышэйшага ўзроўню і толькі потым даваць асноўны курс. Рэктар Белдзяржуніверсітэта Сяргей Абламейка, дапускаючы зніжэнне ніжняга прахаднога бала для сілавых і аграрных ВНУ, дзе ў мінулым годзе быў недабор на бюджэтныя спецыяльнасці, выказваўся за павышэнне гэтага паказчыка для такіх ВНУ, як БДУ. «Тады мы адсякаем слабых дзяцей, з якімі потым трэба шмат і доўга працаваць, — адзначае ён. — Акрамя таго, больш слабыя хлопцы і дзяўчаты адразу, ацэньваючы свае магчымасці, пойдуць у сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы».

Дарэчы, праблема набору ў ПТВ і ССНУ — іншы бок медаля. Можна доўга абмяркоўваць павышэнне прывабнасці рабочых прафесій, але наіўна меркаваць, што заўтра абітурыенты, як па ўзмаху чарадзейнай палачкі, аддадуць перавагу гэтым навучальным установам. Да таго часу, пакуль стаць студэнтам ВНУ будзе так проста.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter