Маэстра Лучанок да “Песняроў”: “Вы маеце добры густ”

Чацвярговы канцэрт “Песняроў” быў ахутаны інтрыгай. Апошнімі гадамі ансамбль на радзіме, мякка кажучы, не ўспрымалі. Маўляў, пасля Мулявіна пад старой назвай хлопцы, што засталіся ў калектыве, робяць нешта “не тое”. Напярэдадні выступу калектыву ў КЗ “Мінск” з новай праграмай “Вольнаму — воля” я пацікавіўся ў знаёмых: “Ці пойдзеце?” Многія адказвалі: “Не”. А  сабралася цэлая зала...

Чацвярговы канцэрт “Песняроў” быў ахутаны інтрыгай. Апошнімі гадамі ансамбль на радзіме, мякка кажучы, не ўспрымалі. Маўляў, пасля Мулявіна пад старой назвай хлопцы, што засталіся ў калектыве, робяць нешта “не тое”. Напярэдадні выступу калектыву ў КЗ “Мінск” з новай праграмай “Вольнаму — воля” я пацікавіўся ў знаёмых: “Ці пойдзеце?” Многія адказвалі: “Не”. А  сабралася цэлая зала...

“НГ” напярэдадні заключыла з “Песнярамі” пары: калі ў канцы канцэрта публіка ўстане і стоячы праслухае песні больш за дваццаць хвілін — значыць, вяртанне легенды і яе прызнанне народам адбылося. Бо ў Маскве і Пецярбургу беларусаў, як ні парадаксальна, прымалі дагэтуль лепш, чым у Мінску.
Але на гэты раз здарыўся той самы доўгачаканы цуд: “Песняры” ўжо развіталіся, сышлі са сцэны, а зала — стоячы! — клікала артыстаў на біс зноў і зноў. І так — больш за паўгадзіны.
На шоу прысутнічаў міністр культуры Павел Латушка: як заўсёды, трымаўся дыпламатычна стрымана — назіраў. Сціпла, далёка не ў першым радзе слухаў “Песняроў” Ігар Міхайлавіч Лучанок. Народны артыст Беларусі і Савецкага Саюза ўрэшце быў запрошаны Вячаславам Шарапавым, цяперашнім кіраўніком ансамбля, на сцэну. Зала сціхла. Што ж скажа Лучанок, які можа і пакрытыкаваць?..
— Вы ведаеце, а я ж быў сведкам, як сорак год таму ўсё пачыналася, — настальгічна ўспомніў канец 60-х маэстра. — Па Мінску хадзіла пагалоска: малады хлопец Мулявін нешта там у кансерваторыі эксперыментуе. Я паслухаў, як эксперыментуюць цяперашнія “Песняры”, складаючы песні на музыку Бетховена, Агінскага. Скажу вам, хлопцы: вы маеце добры густ. Толькі памятайце: “Песняры” — духоўныя спадкаемцы нашых народных песняроў — Купалы, Коласа, на чыёй паэзіі нараджаўся ансамбль. А перш за ўсё “Песняры” трымаліся на беларускай народнай песні. Я неаднойчы ездзіў з Уладзімірам Георгіевічам на Гомельшчыну, дзе ён запісваў ад бабулек сапраўдны фальклор. У тыя часы гэта было няпроста. Адна кабета — я думаю, цяпер пра гэта можна расказаць, — пасля запісу перапытала: “А вы мяне не арыштуеце?” Дык шануйце традыцыі і не забывайце, з чаго пачыналіся “Песняры” і што ёсць іх пакліканнем: родная песня на роднай мове!
Лучанок благаславіў ансамбль, зала заапладзіравала, а са сцэны загучалі песні на словы Купалы, Коласа і, вядома ж, лепшае са спадчыны Уладзіміра Мулявіна: “Касіў Ясь канюшыну”, “Каляда”, “Молодость моя, Белоруссия”. Публіка прызнала новых “Песняроў” за сваіх.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter