Антон Талашко з Маларыты вышывае вопратку традыцыйным беларускім арнаментам

Мадэ iн сам зрабiў

У першыя дні навучальнага года на брэсцкай вуліцы Гогаля — кірмаш. Злева ад помніка тысячагоддзю горада — палаткі са школьнымі таварамі. Па правую руку — прылаўкі народных майстроў. Сярод іх час ад часу з`яўляюцца адзінкавыя пакупнікі. На фоне баваўняных шкарпэтак і чорнапаленых збаноў сціплая вешалка з кашулямі выгадна вылучаецца: да яе падыходзяць найчасцей. Гэта гандлёвая кропка Антона Талашко з Маларыты. Ужо некалькі месяцаў хлопец вышывае вопратку традыцыйным беларускім арнаментам. 


Антон ТАЛАШКО

На кірмаш у Брэст хлопец прыяз-джае з Маларыты, дзе жыве з дзяцінства. Цікава, што нават вучоба ў Гомельскім палітэхнічным не змусіла Антона забыцца пра родны райцэнтр. Хлопец гаворыць, калі ёсць любімая справа, не важна, дзе ёй займацца. Галоўнае, каб была ахвота. А з аднадумцамі цяпер не праблема звязацца з любой кропкі краіны.

Пакуль мы размаўляем, да вешалкі з аўтарскімі рэчамі падыходзяць цікаўныя. Майстар расказвае, што вышытаму адзенню людзі прыемна здзіўляюцца і купляюць з задавальненнем. На вешалцы разглядаю майкі для хлопцаў і дзяўчат. На першых арнамент вылучаецца стрыманымі адценнямі. На другіх ён больш мудрагелісты, тут шмат колераў, кветак. Здаецца, цяперашнія майкі, кашулі і байкі нібы толькі і чакалі, каб іх упрыгожылі па-народнаму. 



Антон Талашко расказвае, да пачатку працы яго заахвоціла сёлетняя мода на ўсё аўтэнтычнае. Хлопец узгадвае, як аднойчы яго ўвагу прыцягнулі так званыя «вышымайкі» — звычайныя майкі, аздобленыя народным арнаментам-прынтам. Але майстру з Маларыты захацелся іх дапрацаваць, стварыўшы штосьці сваё:

— Па-першае, само слова «вышыванка» не беларускае, а ўкраінскае. У нас людзі заўжды вышывалі і насілі менавіта кашулі. А па-другое, усё ж ёсць пэўная розніца паміж прынтам і вышыўкай, і яна значная. Я не супраць самога слова «вышымайка», бо яно вельмі трапнае і гучнае. Але прынт — гэта нешта з канвеера, пастаўленае на паток. Вышыўка ж, наадварот, унікальная. Яна мае ў сабе жыццё, сваю гісторыю і традыцыю, сэнс, асаблівасці. Разам з ёй вопратка нібыта набывае ўласнае аблічча.

Так, пакрысе, у Антона Талашко нарадзілася ўласная задумка, як вярнуць славу народнай вопратцы. Але не кідацца пры гэтым у крайнюю аўтэнтыку, а зрабіць яе больш сучаснай. Адукацыя інжынера-энергетыка, здаецца, тут дапамагчы наўрад ці магла б. Але захапленне маларыцкага майстра — менавіта той выпадак, калі ў патрэбны час збегліся ўсе абставіны. Дзякуючы камп`ютарнай грамаце сёння Антон можа праектаваць будучы малюнак у электронным выглядзе. А дома «заліваць» яго ў адмысловую швейна-вышывальную маміну машыну. 

Пагаварыўшы з чарговым патэнцыяльным пакупніком, Антон Талашко тлумачыць, як на вопратцы з`яўляецца вышыўка. Па-першае, трэба падабраць арнамент. Варыянты майстар шукае ў спецыяльнай літаратуры, час ад часу натрапляе на іх у сельскіх дамах культуры ці музеях. Бывае і так, што ўзор даспадобы выбірае сам замоўца. Затым малюнак трэба перанесці ці са старой рэчы, ці з кнігі ў спецыяльную камп`ютарную праграму. Гэты крок, прызнаецца майстар, часта забірае найбольш часу. Нядаўна хлопец капіраваў вышыўку са старой кашулі ў камп`ютар на працягу чатырох гадзін!

Наступны крок — падбор самой вопраткі. Вядома, гэта не павінны быць танныя рэчы. На няякаснай тканіне вышыўка будзе выглядаць недарэчна. І больш за тое, узор можа прабіць навылет тонкае палатно. Таму для вышыўкі Антон Талашко замаўляе тую вопратку, якая і як матэрыял пасуе, і у будучым будзе доўга служыць свайму гаспадару. Пасля на ёй вызначаецца дакладная кропка, дзе і размесціцца вышыўка. А майстар замацоўвае пяльцы, падкладвае пад будучы арнамент стабілізатар і трымае яго разам з тканінай.

Калі машына пачынае вышываць па закладзенай у камп`ютары схеме, за яе працай трэба пільна сачыць. Адна памылка — і сцяжок можа пайсці не ў той бок. Некаторыя арнаменты могуць складацца з ажно сямідзесяці элементаў. І, каб машынка перайшла да чарговага, нітку трэба абрэзаць і ўручную зрабіць перацяг. Такім чынам, стварэнне адной-адзінай вышыўкі, напрыклад, для майкі можа расцягнуцца і на цэлы дзень. Таму сцвярджэнні, нібыта ў яго рэчах няма ручной працы, Антон абвяргае:

— Ты сочыш за гэтым працэсам ад пачатку да канца. Стварэнне арнаменту ў камп`ютары — таксама цалкам мая справа. Таму тут ёсць вялікае адрозненне ад тых жа «вышымаек» ці іншых прынтаў, якія наклейваюцца за хвіліну. Калі «вышымаек» можна за некалькі гадзін наштампаваць некалькі дзясяткаў, то з вышыўкай справа больш цяжкая. Гэта праца вельмі карпатлівая. Вядома, не такая, як выконвалі нашы бабулі. Але гэта тым не менш творчасць.

Па вялікім рахунку, сёння Антон Талашко працягвае іх справу. У ягоных арнаментах тыя ж душа, сэнс і гісторыя. Хлопцу цяжка сказаць, што менавіта запаліла ў ім цікаўнасць да свайго. Ці то любоў да краіны і малой радзімы, ці то мама так шчодра падзялілася талентам, ці то ўнутры гавораць гены — яшчэ пра-   дзед маларыцкага майстра прафесійна займаўся шыццём. 

Хлопца не раз абвінавачвалі, маўляў, ягоная вопратка без гісторыі і каранёў. Але Антон Талашко перакананы, што такім чынам захаваць прыгажосць роднага адзення атрымаецца як найлепш. Ён задаецца пытаннем: навошта нам гэтыя «Адыдасы», «Пумы», «Фрэд Пэры»? Чаму лэйблы замежных марак круцейшыя за наш арнамент? Час ганарыцца сваім. Бо і аўтэнтычнае можа быць сучасным.

Арцём КІР`ЯНАЎ

Фота з архіва Антона ТАЛАШКО

artem.kirjanov@gmail.com
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter