Маўклівыя сведкі гісторыі

Чаму паклонныя камяні ў Дзятлаўскім раёне сталі «сыходзіць» пад зямлю?

Чаму паклонныя камяні ў Дзятлаўскім раёне сталі «сыходзіць» пад зямлю?

Са старажытных часоў камяні гралі важную ролю ў жыцці нашых продкаў. Яны былі асноўным матэрыялам для ўзвядзення культавых збудаванняў, а часам і самі станавіліся цэнтрам паломніцтва. Такія маўклівыя сведкі гісторыі ёсць і ў Дзятлаўскім раёне. Культавы пагорак з паклоннымі камянямі размяшчаецца крыху больш чым у 20 кіламетрах ад раённага цэнтра паблізу вёскі Горка. Згодна з народным павер`ем, той, хто тройчы прапаўзе праз шчыліну паміж каменнымі варотамі, вылечыцца ад розных хваробаў. Мы вырашылі ўбачыць усё на ўласныя вочы і паспрабавалі даведацца, у чым прыцягальная моц гэтых камянёў.

У вёсцы Горка ёсць старыя могілкі, размешчаныя на высокім узгорку. Паміж радамі магіл — сцежка, якая ідзе ўверх. Туды мы спачатку і накіроўваемся. Падняцца па ёй аказваецца зусім не проста: восеньскае лісце, намочанае дажджавой вадой, літаральна “адкатвае” гасцей назад. На самым версе гары стаіць маленькая драўляная каплічка.

— Раней на гэтым месцы стаяла драўляная царква, — распавядае дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева, якая пагадзілася правесці нас да мясцовай святыні. — Калі яна згарэла, мясцовыя жыхары на тым жа месцы пабудавалі каплічку. Вяскоўцы заняліся і яе ўбраннем: практычна з кожнага дома сюды прынеслі абразы і ручнікі.

За каплічкай — старадаўнія магілы розных стагоддзяў. На іх выгравіраваныя імёны іерэяў — мяркуючы па ўсім, тут пахавана цэлая дынастыя святароў.

Не крыўдзіце святыні!

Крыху лявей знаходзяцца тыя самыя каменныя вароты. Паводле падання, калісьці яны былі настолькі высокімі, што пад імі мог нават праскакаць вершнік, але ўжо потым камяні сталі прасядаць.

— Старажылы распавядаюць, што калісьці тут праязджаў пан, а за ім бег яго сляпы сабака, — працягвае дзяліцца народнымі паданнямі Вольга. — Пан, пачуўшы пра цудоўныя ўласцівасці каменных варотаў, праскакаў на кані пад імі, а следам за ім і сабака. Пасля гэтага камяні сталі сыходзіць у зямлю. Лічыцца, што такой абразай пан пакрыўдзіў святыню.

Зараз, каб тройчы праціснуцца ў каменныя вароты, даводзіцца не ісці, а паўзці ледзь не на карачках, апускаючы галаву, каб не бразнуцца аб парослы мохам край аркі.

Аб горацкіх каменных варотах ходзіць мноства легенд. Адна з іх распавядае пра тое, што на Юр’я недалёка ад святыні працавала група лесарубаў. Мужчыны ўбачылі, што на свята ля паклонных камянёў сабралася шмат людзей, і далучыліся да натоўпу. Адзін з лесарубаў пасмяяўся з вернікаў і сказаў: “Вось дурні, хіба ж камень можа дапамагчы?” Пасля гэтага плюнуў у бок святыні і пачаў лаяцца. Пляваў і лаяўся ён і тады, калі з іншымі лесарубамі вяртаўся да месца працы — ніяк не мог спыніцца. Трохі пазней мужчыну выклікалі “хуткую” і адвезлі ў бальніцу. Праз некалькі гадоў, распавядаюць мясцовыя, у паклонных камянёў яны сустрэлі жанчыну з двума дзецьмі. Аказалася, што той лесаруб так і памёр, лаючыся і плюючы, а цяпер яго жонка з дзецьмі прыйшла прасіць прабачэння ў святыні за яго.

Яшчэ адна цудоўная ўласцівасць каменных варотаў выяўляецца ў крыжапаклонны тыдзень падчас Вялікага посту — з камянёў пачынае прасочвацца вада. Прычым, сцякаючы, вада ўтварае крыж. Лічыцца, што яна дапамагае вылечыцца ад любых хваробаў.

Мясцовая жыхарка Марыя Іосіфаўна Карніенка ўспомніла яшчэ адну легенду пра ваду. Раней, калі камяні яшчэ не параслі мохам, на іх была бачная метка. Паводле падання, менавіта ў гэтае месца ступала нага Багародзіцы.

Моц вады

Мы спускаемся з узгорка і ўваходзім у лес, размешчаны ўбаку ад могілак. Там у атачэнні цяністых дрэваў хаваецца яшчэ адна народная святыня — крынічка. Раней у Юр’еў дзень маладзенькія дзяўчаты ўставалі з першымі пеўнямі і адпраўляліся да крыніцы — тая, што памылася крынічнай вадой да ўзыходу сонца, магла быць упэўненая, што цэлы год будзе здаровай і прыгожай. Вернікі прыязджаюць сюды на працягу ўсяго года, каб набраць гаючай вады з гэтай крыніцы.

Калісьці на месцы крыніцы стаяў высокі дуб, з якога цякла чыстая вада. Пазней яго спілавалі, але на тым жа месцы крыніца зноў прабілася з-пад зямлі. Зараз мясцовыя жыхары акультурылі святыню: паставілі невялікую альтанку, уладкавалі калодзеж... Каля студні заўсёды стаіць кружка, каб можна было выпіць чыстай вады не адыходзячы ад крыніцы. Але такое стаўленне да святыняў было не заўсёды: у часы савецкай улады крыніцу спрабавалі знішчыць. Дах над ёй разламалі, слупы, што трымаюць яе, выкапалі, а саму крыніцу спрабавалі закапаць. Але нават пасля гэтага крынічная вада не перастала выбівацца з-пад зямлі.

Вера ў цуд

Хочаце — верце, хочаце — не, адчуванне пасля наведвання святыняў Дзятлаўскага краю незвычайнае — улагоджаным здаецца ўсё навокал. І хаця б дзеля гэтага варта наведаць месца, ушанаванае не толькі жыхарамі суседніх вёсак і раёнаў. Знаўцы свайго роднага краю могуць успомніць нямала вылячэнняў, якія адбыліся пасля наведвання святых месцаў: у аднаго перастала балець спіна пасля доўгіх гадоў пакут, у другога сапраўды палепшыўся зрок. Але, як аказалася, лячэнне — далёка не адзіная мэта, з якой да каменных варотаў прыязджаюць вернікі. Ужо пасля таго, як мы селі ў машыну, каб адправіцца ў раённы цэнтр, кіроўца распавёў і апошнюю таямніцу нерукатворнай аркі:

— Ну што, Таццяна, хутка на вяселле гасцей паклічаце! А вы не ведалі, што пасля таго, як незамужнія дзяўчаты тройчы пралезуць пад камянямі, адразу замуж выходзяць? Дзеля гэтага многія дзяўчаты прыязджаюць у наш край...

Як дабрацца да вёскі Горка?

Дабрацца да Дзятлава можна аўтобусам практычна з любога горада Беларусі. Да вёскі Горка даехаць крыху больш складана: хоць яна знаходзіцца ў 22 кіламетрах ад горада, грамадскі транспарт туды ходзіць вельмі рэдка, таму лепш адпраўляцца на ўласным аўто.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter