Ім засталася “Спадчына”

Пра свае беларускія карані памятаюць удзельнікі ўнікальнага вакальнага сямейнага гурта з Цюмені“Гэта тая сям’я, у якой матрыярхат?..” Вось дык пачатак інтэрв’ю ў дыктафоне! Гэта з восеньскай камандзіроўкі ў Цюмень, размова з Марыяй Піскун у фае тамтэйшага Палацы нацыянальных культур “Будаўнік”. А справа ў тым, што кіраўнік беларускай суполкі Сяргей Яфімчык, везучы нас у сваім аўто на святочную імпрэзу, згадаў сямейны гурт “Спадчына”. Расказаў: вялікая радня пераехала ў Цюмень з Лангепаса, жывуць усе ў адным катэджы і пажартаваў: там, маўляў, усім Марыя Іосіфаўна запраўляе. І калі паказалі нам гурт землякоў у беларускіх строях, то і сумненняў не было, хто ў гурце лідар. Праўда, хоць Марыя Іосіфаўна сама больш гаварыла, але адразу прадставіла і мужа, Мікалая Аркадзевіча, і старэйшую дачку Надзею ды яе дзетак Аляксея, Ангеліну і меншую Марыйку. Згадала і пра дачку Веру, вядучую на канцэрце, і пра старэйшага сына Аляксандра і яго падчарку Сафію. Усе спяваюць!
Пра свае беларускія карані памятаюць удзельнікі ўнікальнага вакальнага сямейнага гурта з Цюмені

У фальклорным сямейным гурце “Спадчына” шануюць беларускія народныя традыцыі<br />“Гэта тая сям’я, у якой матрыярхат?..” Вось дык пачатак інтэрв’ю ў дыктафоне! Гэта з восеньскай камандзіроўкі ў Цюмень, размова з Марыяй Піскун у фае тамтэйшага Палацы нацыянальных культур “Будаўнік”. А справа ў тым, што кіраўнік беларускай суполкі Сяргей Яфімчык, везучы нас у сваім аўто на святочную імпрэзу, згадаў сямейны гурт “Спадчына”. Расказаў: вялікая радня пераехала ў Цюмень з Лангепаса, жывуць усе ў адным катэджы і пажартаваў: там, маўляў, усім Марыя Іосіфаўна запраўляе. І калі паказалі нам гурт землякоў у беларускіх строях, то і сумненняў не было, хто ў гурце лідар. Праўда, хоць Марыя Іосіфаўна сама больш гаварыла, але адразу прадставіла і мужа, Мікалая Аркадзевіча, і старэйшую дачку Надзею ды яе дзетак Аляксея, Ангеліну і меншую Марыйку. Згадала і пра дачку Веру, вядучую на канцэрце, і пра старэйшага сына Аляксандра і яго падчарку Сафію. Усе спяваюць!

Спяваць — гэта ў крыві…
Самадзейныя артысты гурта “Спадчына” ўпрыгожваюць сваімі спевамі ды строямі святы на канцэртных пляцоўках Цюмені і вобласці. Як жа сталі яны сямейным ансамблем? “Гэта ў нас у крыві: спяваць, — лічыць спадарыня Марыя. — А калі на Поўнач прыехалі, у 1986-м, то настальгія, пэўна, і вялікая любоў да Радзімы таленты абуджалі. Мы ўсе патрыёта Бацькаўшчыны, спяваем пераважна беларускія песні — і народныя, і аўтарскія. Муж і я — вяскоўцы, родам з Бабруйскага раёна, з Магілёўшчыны, у Бабруйску жылі да пераезду. У дзявоцтве я — Усціменка, у мамы карані з Украіны, тата беларус. Мужа майго на пачатку 1986-га камандзіравалі ў Лангепас спачатку на год. Потым Чарнобыль “дапамог” перабрацца туды сям’ёй. А Поўнач ведаеце як зацягвае! Вось і засталіся. Верачка ў нас ужо ў Расіі нарадзілася: гэта, жартуем, наш паўночны варыянт… Хоць па Радзіме, па хаце роднай вельмі тужым. У Беларусі шмат радні, сяброў — кожны год адведваем”.
Нядаўна Марыя Іосіфаўна па нашай просьбе даслала некаторыя матэрыялы. Сярод іх і характарыстыка на ўдзельнікаў сямейнага фальклорнага вакальнага гурта “Спадчына”, напісаная ў Лангепасе. У гурце было пяць чалавек. Што цікава: ён дзейнічаў пры Цэнтры духоўна-маральнай асветы “Наследие” — спецыяльна пакідаем без перакладу назву. Пэўна, яна і дала штуршок, калі выбіралі імя гурту. А між тым сёлета ў “Спадчыны” 10-гадовы юбілей: артысты ўпершыню заявілі пра сябе ў 2004-м. “Касцюмы сцэнічныя рабілі самі, як маглі, — расказала Марыя. — Палатно льяное прывозілі з Беларусі, ніткі чырвоныя, краілі, шылі, вышывалі ўсё самі — так спрадвеку на Беларусі вялося”.

Радавод – справа ўсёй сям’іХто ў доме гаспадар?
Заслугоўвае павагі, што жаночая частка роду паціху схіліла ў творчую каманду і Мікалая Аркадзевіча. “Спачатку, праўда, ён упіраўся, не хацеў, але мы і яго да сябе ўзялі”, — з хітрынкай паглядваючы на мужа, расказвала Марыя Піскун. Пры тым дадала, што хораша спявае ён з маладосці, і мама ягоная пявуння добрая была. Тут і муж падхоплівае: “Раней праца шмат часу адымала, а цяпер ёсць магчымасць... Я ж у ахове служыў, у службе бяспекі”. І жонка, зрэшты, дома не сядзела: працавала ў кацельні, аператарам, хоць закончыла раней Бабруйскае мастацкае вучылішча. Была намесніцай у старшыні беларускай суполкі Лангепаса. Іх Надзея, у замужстве Падкарытава, тлумачыць: “Лангепас — гэта горад, які беларусы ў асноўным і будавалі. Там і цяпер нашых многа, ёсць і ўкраінцы. І ў горадзе Губкінскі таксама вельмі шмат беларусаў, яго з 85-га нашы суайчыннікі і пачалі будаваць”.
Што ж, зразумела, хто каго ў беларускую справу прывёў і хто на сцэну “Спадчыну” вывеў. Выпрабаваннем для клана Піскуноў-Падкарытавых стаў іх пераезд з Лангепаса ў Цюмень. “Тут нас прыняла новая творчая сям’я: ансамбль “Лянок”, якім кіруе Клаўдзія Міхайлаўна Зуева, — расказвала Марыя Піскун. — У Цюмені нас прынялі, палюбілі такімі, якія мы ёсць. Выступалі і ў Маскве, але ў асноўным у сваім рэгіёне: Цюмень, Табольск, Ханты-Мансійск, Сургут… Мы дыпламанты і лаўрэаты многіх акруговых, гарадскіх фестываляў”.
Піскуны-Падкарытавы пасля пераезду вырашылі ўсе жыць супольна ў адным доме-катэджы. “У нас пад адным дахам 13 чалавек, — прадаўжае Марыя. — У кожнага свой пакой. Гаспадарыць хто? Ды ўсе паціху. Але нас тата натхняе: усё робіцца пад яго кіраўніцтвам.”
Матрыярхат? Зрэшты, галоўнае, каб лад і згода былі і ў доме, і ў “Спадчыне”. І яны, пэўна ж, там ёсць. Бо гатуюць, напрыклад, у вялікім доме ўсе па чарзе. Традыцыйныя беларускія стравы давяраюць у асноўным Марыі Іосіфаўне, і маладыя падключаюцца. Вядома ж, усе любяць дранікі, у пашане і смачны салат, рэцэпт якога дастаўся Марыі ад маці.

Пакуль гарыць вогнішча
Каб не забыць мову, Піскуны і Падкарытавы часам размаўляюць па-беларуску. А ў побыце ўжываецца беларуска-руска-польская “трасянка”. Душы адаграюць родным словам, сустрэчамі з блізкімі ў Беларусі, куды наведваюцца штогод. А яшчэ — песнямі. У радаводзе з цёплай назвай “Мамін сшытак”, які піша і часткова даслала ў рэдакцыю Марыя, чытаем: “Песні — гэта тое, чым жывем я і мой муж, мае дзеці і нават унукі. Песня дапамагае і ў працы, і на адпачынку, і ў цяжкія хвіліны. З песняй лягчэй жывецца. Без песень я не магла жыць з дзяцінства, і цяпер не змагу. Добрай традыцыяй стала спяваць усім разам у коле сям’і. Спяваем і для людзей, якія разумеюць і любяць беларускія песні, фальклор, індыйскія песні. І, здаецца мне, калі б ведала я ўсе мовы свету — то спявала б на ўсіх! Песні — гэта маё дыханне”.
Вельмі цікава чытаць цёплыя, напоўненыя светлымі ўспамінамі радкі пра вёску Слабодку, дзе нарадзілася Марыя, пра Брожу, у якой пазней жылі яе бацькі і якую па мацярынскім запавеце наведваюць нашчадкі: “А ўвечары дзяцей спаць пакладзем — і самі да вогнішча. Любілі пасядзець і паспяваць. У нас уся сям’я спявае. У такія вечары нас чула ўся вёска, потым казалі маме: “Усю ноч слухалі, як твае дзеўкі спявалі”. Мы — гэта чатыры сястры ды брат Васіль з нявесткай, а часам яшчэ і мамка з татам: цэлы хор!... І вось ужо няма бацькоў, а дадому мы ўсёроўна на святы прыязджаем. І душой заўсёды разам. І цяпер, калі бываем у Беларусі, збіраемся ў вёсцы, ідзем да нашай рэчкі, распальваем вогнішча — і зноў уся вёска слухае нашы песні”.

Іван і Валянціна Ждановічы

На здымках:
У фальклорным сямейным гурце “Спадчына” шануюць беларускія народныя традыцыі
Радавод – справа ўсёй сям’і
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter