Фотамадэль Таццяна Рынейская аб сваёй працы ў Беларусі і за мяжой

Міс натуральная прыгажосць

Навіна пра тое, што ўраджэнка Мінска трапіла ў спіс самых багатых жанчын да 30 гадоў па версіі часопіса Forbes, абмяркоўвалася многімі нашымі суайчынніцамі. Крысціна Базан — першая блогер-мільянерка, якая зарабіла свой капітал дзякуючы старонцы, прысвечанай модзе, у сацыяльнай сетцы Instаgram. За дзейнасцю 22-гадовай Крысціны сочаць больш за два мільёны чалавек! Здаецца, жыццё мадэлі і блогера лёгкае ды бесклапотнае. На самай справе да вышынь моднай індустрыі дабіраюцца толькі адзінкі. Так-так! Нарадзіцца прыгожай недастаткова. Што яшчэ патрэбна для поспеху? Дзяўчаткі, паслухаем знакамітую Таццяну Рынейскую — «Міс фота» конкурсу «Міс Беларусь-2008», фотамадэль са старонак італьянскага Vogue.

Раніца ў мінскім кафэ. Я заказваю каву з цукрам, Таццяна — імбірны чай. У яе рацыёне практычна адсутнічаюць цукар, плюшкі, пірожныя, чыпсы і нават дранікі. «Ой, за фігурай сочыць яна», — скажа нехта. Для Таццяны ж правільнае харчаванне ледзь не рэлігія. Хаця... Ёсць у яе адна слабасць — капучына. Але і толькі. «Я не ем мяса толькі таму, што проста яго не хачу. Тое ж самае тычыцца смажанай ежы і кандытарскіх вырабаў. Сама прарошчваю грэчку, ем садавіну, гародніну і арэхі. У цэлым люблю простую кухню», — расказвае пра сябе фотамадэль. Я між тым пільна ўглядаюся ў яе твар. На ім — мінімум макіяжу. Дарэчы, Таццяна прыйшла на сустрэчу ў звычайных чорных штанах, кашулі і чаравіках — проста і з густам. Ужо праз некалькі хвілін нашай гутаркі я канчаткова разумею, што яна — простая дзяўчына без якіх-небудзь свецкіх замашак. Напэўна, на гэта паўплывала тое, што ў мадэльны бізнес Таццяна трапіла ў свядомым узросце. 

— Я вучылася на эканаміста і нават не думала быць мадэллю, — расказвае Таццяна, якую мы амаль кожны дзень бачым на рэкламных білбордах у самых розных вобразах: дзелавая жанчына ў банку, чароўная прыгажуня з цукерачнай прадукцыяй і ў іншых. — Але жыццё склалася так, што я і дня не працавала па прафесіі. У мадэльны бізнес выпадкова трапіла ў 21 год. Абсалютна не была да яго гатовая: ні маральна, ні нават фізічна.

Усё пачалося з мадэльнага агенцтва. Там вучылася, але на многае не разлічвала. Неяк прыехалі ў краіну прадстаўнікі мадэльнага агенцтва з Італіі для адбору дзесяці мадэляў з перспектывай працы. Як вы ўжо зразумелі, Таццяна трапіла ў гэты спіс.

— Я была такая шчаслівая! Тады я зусім не верыла ў сябе, — працягвае яна. — Праўда, італьянцы сказалі, каб я пахудзела. Скінула вагу адразу. Скідвала так, абы пахудзець. Ад гэтага мне потым усё вярталася з лішкам.

Пакуль Таццяна рыхтавалася да новай сустрэчы з італьянцамі, дамоўленасць з імі, на жаль, сарвалася. Безумоўна, гэта было для яе непрыемна. Але тое, што ў яе паверылі, натхніла на працу ў мадэльным бізнесе канчаткова. У 2008 годзе яна заваявала тытул «Міс фота» на конкурсе «Міс Беларусь-2008», а затым прадстаўляла нашу краіну на міжнародным конкурсе Miss International-2008 у кітайскім горадзе Макаа, дзе атрымала спецыяльны прыз «Міс натуральная прыгажосць». Праўда, зараз яе пазнаюць не толькі дзякуючы конкурсам. Вядомая яна па працы фотамадэллю за мяжой.

Таццяна пасля выдатнага старту пачала здымацца ў такіх часопісах, як Vogue, Style, Cosmopolitan, Marie Claire, Vogue accessorize, Velvet, Instyle, Grazia, і іншых. Адзначылася нават у кліпах нашых выканаўцаў — Atlantiс і Litesound. 

— Пасля паездак у Макаа, Ганконг я зразумела, які свет вялікі і шматгранны. Тады ж прыйшло ўсведамленне, што конкурсны свет адрозніваецца ад мадэльнага, — успамінае Таццяна. — І я засталася ў мадэльным, які мне бліжэй па духу: у ім ёсць магчымасць праявіць свае ўнутраныя якасці, у тым ліку акцёрскія.

Нягледзячы на ўзрост — 28 гадоў, у якім многія мадэлі фінішуюць у сваёй кар’еры, Таццяна радуе сваімі фотаработамі і зараз:

— Цяпер ідзе тэндэнцыя да павелічэння ўзросту ў мадэльным бізнесе. Усё роўна, колькі табе гадоў, галоўнае, якім чалавекам з’яўляешся на самай справе. Вядомыя брэнды цэняць унікальнасць. І сярод мадэляў яны шукаюць сапраўдную асобу, а не проста 15-гадовую дзяўчынку з прыгожым тварам і фігурай. Паглядзіце на знакамітых мадэляў — яны ўсе цікавыя людзі. 

Быць прыгожай — гэта велізарная праца. Пералёты, здымкі, дзе выкарыстоўваюцца ўсе віды касметыкі, патрабавальныя заказчыкі, якія трымаюць дзяўчат на ветры пад дажджом з раніцы да ночы дзеля ўдалага кадра… Усё гэта пакідае свой адбітак на знешнасці. 

Таццяна да кожнага праекта рыхтуецца вельмі старанна: спачатку стварае вобраз у галаве, уваходзіць у яго і працуе з целам, каб сёння стаць іншай, новай гераіняй. Дарэчы, самыя складаныя здымкі ў Таццяны былі ў Вялікабрытаніі: холадна, ветрана, дажджліва, а яна ў сукенцы каля мора. Але фота адтуль яе любімыя! Дарэчы, вы звярнулі ўвагу, што мы гаворым толькі пра фотаздымкі? Таццяна з подыумамі на «вы», ды і са сваёй знешнасцю стылістам не дазволіць эксперыментаваць. Кажа, валасы не абрэжа і не пафарбуе. Толькі натуральная жаноцкасць!

— Я, вядома, магу прадэманстраваць вопратку на подыуме, але толькі для знаёмых нашых дызайнераў. Для вядомых замежных я неканкурэнтаздольная з-за свайго росту, — тлумачыць яна і адзначае, што для подыумаў патрабуецца рост ад 177 сантыметраў і вышэй. А ў яе рост — 1,75.

Дарэчы, Таццяна Рынейская нядрэнна ладзіць з фотакамерай. А яшчэ, між іншым, ні ў якім разе не адмаўляецца ад навыкаў эканаміста. Праца мадэлі звязана з рознымі дакументамі, і яна іх вядзе сама. Безумоўна, асноўным рэгуляваннем працы Таццяны займаецца яе агенцтва ў Амерыцы: прапануе мадэлі варыянты, пасля чаго менавіта яна вырашае, дзе хоча здымацца. Мадэль аб’ездзіла добрую частку свету і нават знайшла сабе другі дом — у Мілане.

— Для мяне дом — гэта тое месца, дзе жывуць мае блізкія людзі. Мінск — гэта першы дом, тут жывуць мама, тата і сябры. Родны брат — у Канадзе. А малады чалавек — у Нідэрландах. Я знаходжуся вечна ў раз’ездах, — смяецца Таццяна. — З веданнем моў праблем няма.

Дзякуючы мадэльнаму бізнесу яна пачала размаўляць на англійскай, французскай і італьянскай мовах. 

Цікава, а як ставяцца да беларусак за мяжой? Таццяна сцвярджае, што ў нашых дзяўчат добры патэнцыял у моднай індустрыі. Хто б сумняваўся!

— Нашы дзяўчаты канкурэнтаздольныя. Праўда, самыя прабіўныя — расіянкі. Мне гаварылі, якія яны вынослівыя і баявыя. Ніколі не скажуць: «Я стамілася». увогуле не скардзяцца, — расказвае яна. — Што тычыцца нашай краіны, то я бачу вялікі прагрэс у моднай індустрыі, тут працуе мноства таленавітых фатографаў. 

Ці шмат цікавых прафесійных знаёмстваў завязала Таццяна ў Заходняй Еўропе? Ці ходзіць на зорныя тусоўкі? Аказваецца, пасля працы на фотапляцоўцы Таццяна адпачывае, чытае адну за адной кнігі, размаўляе з роднымі па скайпу:

— Манекеншчыцы, якія любяць тусавацца і дазваляюць сабе праспаць кастынгі, доўга не затрымліваюцца ў мадэльным бізнесе. Нярэдкія сітуацыі, калі хлопчыкі-піяршчыкі, якія чакаюць маладых дзяўчат пад дзвярыма кастынгаў, клічуць іх на падазроныя вечарынкі. Мадэльныя агенцтвы супраць такога баўлення часу, яны клапоцяцца пра сваю рэпутацыю. Што тычыцца вечарынак, дзе збіраюцца вядомыя дызайнеры, то агенцтва будзе толькі рада, калі іх мадэлі туды трапяць.

Таццяна ўвесь вольны час аддае сям’і, адукацыі і здароваму ладу жыцця. Так, напрыклад, яна сур’ёзна займаецца ёгай. Кожную раніцу прысвячае любімаму занятку практычна дзве гадзіны. І для яе гэта не толькі від фізічнай нагрузкі, але і ачышчэнне душы. 

— Займацца сабой, сваім унутраным светам — гэта вельмі важна для мяне. Вядома, мадэлі на тым і зарабляюць, што добра выглядаюць знешне. Але тое, што ў нас унутры, — больш значна. Усе мае падарожжы, доўгія паходы ў горы, чытанне і людзі вакол — гэта тое, што мяне натхняе, — кажа Таццяна. — Таму скажу дзяўчатам тое, што аднойчы мне сказаў настаўнік у Тайландзе: «Не хлусі сабе». Будзьце ў згодзе з сабой, не падманвайце сябе — і ўсё атрымаецца.

alinakasel@gmail.com

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter