Міру і дабра ўсім людзям Беларусі!

Якія актуальныя праблемы абмяркоўваюцца зараз у дыялогу дзяржавы, нацыянальных суполак і царквы?

Якія актуальныя праблемы абмяркоўваюцца зараз у дыялогу дзяржавы, нацыянальных суполак і царквы?

Міжнацыянальны і міжканфесіянальны мір — неад’емны складнік сацыяльнай стабільнасці ў нашай краіне. І адна справа жыць сённяшнім днём і спадзявацца, што нехта будзе гарантам дабрабыту, зусім іншая — самім яго ствараць і кожны дзень працаваць на агульны здабытак. Гарант гэтага — такія рысы менталітэту карэннага этнасу, як уменне працаваць, адказваць за тое, што робіш, любіць месца, дзе жывеш, а яшчэ свайго суседа лічыць не менш блізкім, чым родзіча. Сумесную працу і ўзаемадапамогу беларусы назвалі прыгожым словам “талака”. Талакой звалі апякунку жніва і ўрадлівасці. Талакой будавалі хаты, талакой жалі і касілі. У міры і згодзе жывём і цяпер. Аднак за гэтым — штодзённы клопат, найперш з боку дзяржавы. Ці так проста дасягаецца ўзаемаразуменне паміж прадстаўнікамі розных канфесій і нацыянальнасцей, што жывуць у Сінявокай? На гэта і іншыя пытанні “Народнай газеце” адказаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Леанід ГУЛЯКА.

— Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур за васямнаццацігадовую гісторыю свайго існавання набыў статус па-сапраўднаму ўнікальнай з’явы. Гэта заўсёды падкрэсліваюць і жыхары нашай краіны, і замежныя госці, што прыязджаюць у Гродна. Наколькі вызначальная яго роля ў сацыяльным, палітычным, культурным жыцці беларускага грамадства?

— Сапраўды, фестываль стаў знакавым у жыцці краіны. Ён не толькі дэманструе лепшыя традыцыі мірнага суіснавання розных культур і народаў на беларускай зямлі, але і спрыяе росту культурнай самасвядомасці і самаўдасканалення ў духоўным і культурным развіцці нацыянальных супольнасцей, самога беларускага народа, у імкненні развіваць і дэманстраваць адзін аднаму лепшае са сваёй нацыянальнай спадчыны.

— Леанід Паўлавіч, падводзячы вынікі мінулага года, вы адзначылі ўзрослую эфектыўнасць адносін дзяржавы з рэлігійнымі арганізацыямі і нацыянальнымі супольнасцямі. Што зроблена ў гэтым кірунку?

— Беларусь — поліканфесіянальная і шматнацыянальная. Гарманічнаму развіццю этнаканфесіянальнай сферы спрыяе работа органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых улад. Дзейнасць іх каардынуецца Праграмай развіцця канфесіянальнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2011—2015 гады, распрацаванай апаратам Упаўнаважанага сумесна з зацікаўленымі і зацверджанай на пасяджэнні калегіі апарату ўпаўнаважанага ў студзені 2011 года.

З удзелам супрацоўнікаў апарату Упаўнаважанага прайшлі семінары, круглыя сталы, сустрэчы з намеснікамі старшынь аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, святарамі па пытаннях рэгулявання этнаканфесіянальнай сітуацыі, духоўнага адраджэння. Важная роля належыць створаным пры Упаўнаважаным каардынацыйнаму савету па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і Беларускай праваслаўнай царквой, міжканфесіянальнаму кансультатыўнаму савету, з дапамогай якіх знаходзім адказы на важныя пытанні ўзаемаадносін дзяржавы і розных рэлігійных кірункаў. Усё гэта дапамагае акцэнтаваць увагу на праблемных пытаннях і дазваляе вырашыць іх.

— Колькі сродкаў летась было выдаткавана з рэспубліканскага бюджэту на падтрымку статутнай дзейнасці нацыянальных супольнасцей, грамадскіх аб’яднанняў?

— У мінулым годзе і першай палове гэтага дзяржавай была аказана дапамога на суму звыш 250 мільёнаў беларускіх рублёў. Значная частка сродкаў выкарыстана на падрыхтоўку нацыянальных аб’яднанняў да IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. А гэта і пашыў нацыянальных касцюмаў, і набыццё нацыянальных музычных інструментаў, што дапаможа годна выступіць у час заключных мерапрыемстваў фестывалю ў Гродне. Штогод пры нашай фінансавай падтрымцы выдаюцца друкаваныя СМІ польскай, літоўскай, украінскай, грэчаскай, армянскай, яўрэйскай, карэйскай і другіх супольнасцей. Гэтыя газеты і часопісы разам з друкаванымі СМІ беларускіх суайчыннікаў замежжа на працягу апошніх гадоў рэгулярна прымаюць удзел у выставах “СМІ ў Беларусі”.

— Якімі дасягненнямі сваёй дзейнасці можа ганарыцца кансультатыўны міжэтнічны савет, створаны пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей?

— Найперш тым, што зроблена ў сферы пашырэння ідэй міжнацыянальнай і міжканфесіянальнай дружбы і згоды ў беларускім грамадстве. Савет, у які ўваходзяць кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў 26 нацыянальных супольнасцей, удзельнічае ў рабоце са СМІ, а таксама разглядае пытанні статутнай дзейнасці аб’яднанняў, узаемадзеяння іх з органамі дзяржаўнага кіравання, плануе сумесныя мерапрыемствы.

— Летась для ўзвядзення культавых будынкаў было выдзелена 39 зямельных участкаў. Аднак немалаважна захаваць тыя, што ўжо існуюць на тэрыторыі Беларусі і занесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны. Якія ў гэтым кантэксце ўзнікаюць цяжкасці?

— Дзяржавай нямала зроблена для захавання будынка акадэміі і семінарыі ў Жыровічах, унікальнага Жыровіцкага манастыра з яго храмамі. Яны, безумоўна, заслугоўваюць гэтай падтрымкі, як заслугоўвае яе і духоўна-адукацыйны цэнтр праваслаўнай царквы ў Мінску на вуліцы Гандлёвай, недалёка ад Нямігі, дзе ў гэтым годзе павінна завяршыцца будаўніцтва. У той жа час, у аднаўленне фрэсак каталіцкага кафедральнага касцёла імя Найсвяцейшай Панны Марыі на Плошчы свабоды ў Мінску, якое доўжылася паўтара года, дзяржава ўклала амаль тры мільярды рублёў. Па мільярду рублёў — з рэспубліканскага бюджэту і мінскага абласнога — было летась выдаткавана і на аднаўленне каталіцкага касцёла ў Нясвіжы. Існуе праграма і па лініі Міністэрства культуры, у якую ўключаны некалькі дзясяткаў культавых будынкаў па Беларусі ў цэлым.

Вядома, дзяржава не можа адначасова ахапіць рэстаўрацыяй і рэканструкцыяй усе помнікі, але ў краіне робіцца максімум магчымага для іх захавання. І ў гэтай справе нельга недаацэньваць самую, здавалася б, невялікую дапамогу.

— Леанід Паўлавіч, наколькі цесна Беларусь супрацоўнічае з замежнымі суайчыннікамі?

— Развіццё канструктыўнага ўзаемадзеяння краіны з беларускай дыяспарай за мяжой — адзін з найважнейшых аспектаў дзяржаўнай палітыкі. Зараз Міністэрствам культуры з нашым удзелам вядзецца работа над дзяржаўнай праграмай “Беларусы ў свеце” на 2011—2015 гады. У ёй прадугледжана падтрымка суайчыннікам у захаванні і развіцці іх нацыянальна-культурнай самабытнасці, выкарыстанне патэнцыялу суайчыннікаў у распаўсюджванні беларускай культуры за мяжой, арганізацыя інфармацыйнага абмену паміж СМІ беларускіх дыяспар за мяжой і СМІ Беларусі, забеспячэнне беларускамоўнай літаратурай і падручнікамі, праца з этнічнай беларускай моладдзю за мяжой у галіне адукацыйных праграм, арганізацыі адпачынку і аздараўлення ў Беларусі з мэтай стымулявання цікавасці дзяцей і моладзі з ліку беларусаў замежжа да сваёй этнічнай Радзімы. На сродкі з рэспубліканскага бюджэту мы дапамаглі беларускім грамадскім арганізацыям за мяжой, што актыўна супрацоўнічаюць са сваёй этнічнай радзімай, набыць беларускую дзяржаўную сімволіку, нацыянальныя гарнітуры для творчых калектываў, музычныя прылады і аргтэхніку, а таксама відэазапісы пра Беларусь, яе гісторыка-культурную спадчыну, народныя абрады, сацыяльна-эканамічнае жыццё нашай краіны.

Геаграфія супрацоўніцтва пашыраецца. Летась адбыліся сустрэчы з беларускімі суайчыннікамі з Аргенціны, Аўстрыі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Арменіі, Малдовы, Сірыі, Польшчы.

— Што б вы пажадалі ўдзельнікам і гасцям IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур?

— Жадаю гасцям святочнага настрою, удзельнікам мерапрыемства творчага натхнення! І, канешне, усім спаўна атрымаць асалоду ад багацця фарбаў гэтага цудоўнага свята дружбы і культурнай разнастайнасці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter