Міру і дабра ўсім людзям Беларусі!

Краіна наша гістарычна склалася як шматнацыянальная. Палякі, рускія, украінцы, цыганы, татары, яўрэі... Кожная супольнасць — як прыгожая кветка ў шыкоўным букеце Беларусі. Нездарма эмблему Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур зрабілі ў выглядзе кветкі з рознакаляровымі пялёсткамі, якія сімвалізуюць шматлікія нацыянальнасці. Ці так проста дасягаецца такое ўзаемаразуменне? Якія вострыя праблемы абмяркоўваюцца зараз у дыялогу дзяржавы, нацыянальных суполак і царквы? На гэтыя і іншыя пытанні “Народнай газеце” адказаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід ГУЛЯКА.

— Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур за чатырнаццацігадовую гісторыю свайго існавання набыў статус па-сапраўднаму унікальнай з’явы. Гэта заўсёды падкрэсліваюць і жыхары нашай краіны, і замежныя госці, што прыязджаюць у Гродна. Наколькі за гэты час яго роля ў сацыяльным, палітычным, культурным жыцці беларускага грамадства ўзрасла?

— Фестываль — адметная з’ява для нашай краіны. Хачу падкрэсліць, што гэта сапраўдны клопат дзяржавы, бо фестываль патрабуе і значных фінансавых выдаткаў, якія выдзяляюцца гродзенскімі аблвыканкамам і гарвыканкамам, Міністэрствам культуры, Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Мы канстатуем, што Беларусь вызначаецца еднасцю нацыянальных супольнасцей, адзінствам сваім. У нас няма міжнацыянальных канфліктаў. Так было, так ёсць і так павінна быць. Мы гэтым ганарымся, у гэтым наша сіла і моц. Безумоўна, адзін з магутных паказчыкаў нашай дзяржаўнай палітыкі — адметнасць нашага менталіэту, карэннага этнасу і народаў, якія здаўна жывуць на гэтай зямлі. Я маю на ўвазе рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў, людзей звыш 140 нацыянальнасцей — грамадзян Рэспублікі Беларусь. Фестываль дае магчымасць прадстаўнікам розных нацыянальнасцей, што жывуць у Беларусі, адчуць сваю роўнасць і лучнасць. Гэта важна і для міжнародных стасункаў. Прадстаўнікі некарэнных супольнасцей — своеасаблівы “мосцік” добрасуседскіх адносін паміж дзяржавамі.

Сёлета ў фестывалі прымаюць удзел прадстаўнікі найбольш масавых 25 зарэгістраваных нацыянальных супольнасцей, якія маюць свае грамадска-культурныя аб’яднанні. Такіх аб’яднанняў у нашай краіне налічваецца 124. Прадстаўнікі карэннага этнасу складаюць 81 працэнт ад усяго насельніцтва Беларусі.

— Наша краіна — адна з нямногіх у свеце, дзе няма нацыянальных канфліктаў. На ваш погляд, што гэтаму больш спрыяе — прынцыпы дзяржаўнай палітыкі, гістарычныя абставіны ці асаблівасці менталітэту беларусаў?

— Гэта абумоўлена і гістарычнымі абставінамі, і менталітэтам нашых народаў, і, безумоўна, дзяржаўнай палі-тыкай, якая сёння скіравана на тое, каб кожны чалавек адчуваў сябе тут паўнапраўным грамадзянінам. Рэспубліка Беларусь стала для многіх другой радзімай, дала дах над галавой і працу. У нас няма цэнзу даўнасці пражывання. Мы гэтак жа паважліва адносімся і да мігрантаў апошніх гадоў — палесцінцаў, туркаў, дагестанцаў. Усе мы роўныя перад нашым заканадаўствам.

У сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: “У нас сёння няма і быць не можа нацыянальных супярэчнасцей. Мы самая інтэрнацыянальная краіна ў свеце”.

Вынікі ўсёй гэтай палітыкі найбольш яскрава праяўляюцца на заключным этапе фестывалю ў Гродне, дзе нацыянальныя суполкі дэманструюць свае песні, танцы, паэзію, народныя промыслы.

— Што патрэбна рабіць для таго, каб і далей раўнапраўны дыялог культур розных нацыянальнасцей, прадстаўнікі якіх жывуць у Беларусі, праходзіў пазітыўна і бесканфліктна?

— Дыялог культур — характэрная рыса развіцця ўсяго чалавецтва, адна з асноў міру, дабрабыту і згоды паміж людзьмі. І далей нам патрэбна ісці адзін другому насустрач, весці дыялог, самім быць крыніцай узбагачэння для культур іншых народаў і ў іх нешта цікавае для сябе браць. Толькі так можна ісці да дабра, да прагрэсу.

Паказчык цывілізаванасці нашай дзяржавы — у нас няма графы “нацыянальнасць” у пашпарце. Ніхто не прымушае пазіцыяніраваць сябе з пэўнай нацыянальнасцю. У Беларусі працуюць школы з літоўскай мовай навучання ў Рымдзюнах, што ў Астравецкім раёне на Гродзеншчыне, у вёсцы Пеляса Гродзенскага раёна. Ёсць прыватныя яўрэйскія школы ў Пінску. Прыклады можна працягваць...

Нацыянальныя супольнасці ў нашай краіне дэмакратычна размяркоўваюць сродкі, выдаткаваныя ім дзяржавай на падтрымку і развіццё іх статутных патрабаванняў. Гэта адукацыйныя, культурна-асветныя, інфармацыйныя праекты. Палякі, яўрэі, украінцы, цыганы і іншыя маюць свае перыядычныя выданні. У гэтых мэтах пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей створаны кансультатыўны міжэтнічны савет, у які ўвайшлі ўсе кіраўнікі рэспубліканскіх аб’яднанняў.

— У краіне распрацаваны праект “Вучымся жыць разам”. Раскажыце пра яго падрабязней.

— Ён створаны Міністэрствам адукацыі Беларусі сумесна з нашым ведамствам для пазакласнага чытання ў школах, для факультатываў, для урокаў з этнакампанентам. У 2004 годзе да нас прыязджалі прадстаўнікі Савета Еўропы, і мы атрымалі іх высокія ацэнкі.

— Тое, што ў ментальнасці беларусаў — талерантнасць, мяккасць, памяркоўнасць, маўляў, “я ж ціха іграю, хто ціхіх прыкмеціць?”, вядома ўсім. Ці можна сказаць, што з цягам часу ментальнасць беларусаў не мяняецца?

— Вельмі хораша пра гэта сказаў Янка Сіпакоў:

“Як хораша, мой дружа, разумець,
Што наш народ не пагражаў нікому,
Не нападаў, не гнаў нікога з дому,
У дом чужы не нёс ніколі смерць.
Ён трудна жыў і трудна працаваў:
Араў зямлю, навіў рупліва хаты,
Хоць жыў спрадвеку сам ён небагата,
Ды ўсім, хто прагнуў хлеба, хлеб даваў.
Зямля і воля мараю былі,
І на вайне ён спавядаўся полю.
Як птушку, грэў заўжды пад сэрцам волю,
Каб зноў араць і сеяць на зямлі”.

Гэтыя радкі сведчаць, што памяркоўнасць і талерантнасць беларускага народа з’яўляюцца галоўнымі рысамі яго жыцця. Гэта стан яго душы.

— Леанід Паўлавіч, наколькі цесна Беларусь супрацоўнічае з замежнымі суайчыннікамі? У чым заключаецца сутнасць закона аб суайчынніках, які зараз распрацоўваецца?

— Сёлета мы падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве па падтрымцы нацыянальных меншасцей у Рэспубліцы Беларусь і нацыянальных суполак беларусаў за мяжой з адпаведнымі органамі дзяржаўнага кіравання Малдовы, Літвы, Украіны. Рыхтуецца да падпісання пагадненне з Міністэрствам развіцця Расійскай Федэрацыі. Гэта яскрава сведчыць аб тым, што Беларусь дбае пра сваіх суайчыннікаў за мяжой. Мы жывём у век глабалізацыі, і патрэбны цесныя кантакты не толькі з суседнімі дзяржавамі. У гэтым плане добры прыклад паказвае царква — каталіцкая і праваслаўная, іншыя канфесіі. Летась адбылася канферэнцыя “Дыялог хрысціянства і ісламу ва ўмовах глабалізацыі”, з удзельнікамі якой сустракаўся Прэзідэнт Беларусі. Для таго, каб і далей у гэтай сферы не было супярэчнасцей, мы павінны штодня працаваць на такі канструктыўны дыялог.

У законе аб суайчынніках будзе вызначацца статус суайчынніка. Закон распрацоўвае Міністэрства замежных спраў разам з зацікаўленымі, і мы актыўна ўдзельнічаем у гэтай рабоце. У бліжэйшы час праект закона будзе ўнесены на разгляд урада Рэспублікі Беларусь.

— Якім чынам сёння ідзе работа па ўключэнню рома і сінці ў адукацыйныя працэсы, вяртанню ад вандроўнага ладу жыцця?

— На Беларусі недзе да 70-х гадоў цыганскае насельніцтва вяло вандроўны лад жыцця, што звязана з гісторыяй яго культуры і жыццёвага шляху. І сёння ідуць спрэчкі наконт таго, дзе іх этнічная радзіма. Некаторыя кажуць, што гэта Атлантыда. Хтосьці сцвярджае, што яны пайшлі з Індыі. На бытавым ўзроўні яны захавалі сваю мову, культуру. Сёння мы нават не ўяўляем сабе ніводзін канцэрт ці фестываль нацыянальных культур без цыганскіх танцаў, песень. Разам з тым паколькі цыганы вялі вандроўны лад жыцця, яны менш інтэграваны ў адукацыйныя працэсы. Зараз ідзе праца над вырашэннем гэтага пытання. Стратэгія ў нас для ўсіх супольнасцей адна — выхоўваць шматнацыянальнае супольніцтва грамадзян Рэспублікі Беларусь, дзе кожны ганарыцца сваім домам, у якім жыве.

Прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнасці ў Беларусі па перапісе 1999 года налічваецца 10 тысяч. Яны самі называюць большую лічбу — каля 60 тысяч. Але гэтыя даныя, вядома, таксама ўмоўныя. Ідуць працэсы асіміляцыі. У нашай рэспубліцы дзве трэці людзей нават карэннага насельніцтва маюць родзічаў — прадстаўнікоў іншых нацынальнасцей. Гэта гаворыць пра тое, што інтэграцыя шматнацыянальнага супольніцтва актыўна развіваецца. Але нам патрэбна рабіць усё магчымае, каб не даць знікнуць ніводнай нацыянальнай культуры, якія мы маем ў Беларусі. Усе яны разам не толькі ўзбагачаюць, а ствараюць нашу агульную культуру.

— Вядома, што на сёлетнім фестывалі нацыянальных культур асаблівая ўвага будзе нададзена 65-годдзю з дня гібелі Мінскага гета. Якія мерапрыемствы плануецца правесці менавіта з гэтай нагоды?

— Асноўныя мерапрыемствы з гэтай нагоды пройдуць у кастрычніку. Кажуць, што ні адна вайна не скончыцца да той пары, пакуль не будзе ўшанаваны той, каго можна ўшанаваць. У краіне створаны аргкамітэт па правядзенню мерапрыемстваў у памяць 65-годдзя знішчэння Мінскага гета.

— Так склалася гістарычна, што Беларусь — шматканфесійная краіна. Як удаецца не дапускаць супярэчнасцей і канфліктаў на рэлігійнай глебе?

— Адсутнасць у нашай краіне канфліктаў на рэлігійнай глебе ў значнай ступені абумоўлена вопытам мінулых пакаленняў, але тут немалаважнае значэнне мае ўвага з боку вышэйшага кіраўніцтва краіны. Мы вядзём сваю работу ў цесным супрацоўніцтве з аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання. Развіццё канфесійнай сферы ў краіне адзначаецца ўмацаваннем сацыяльных прыярытэтаў, падтрыманнем міжканфесійнага міру і згоды, забеспячэннем правоў грамадзян на свабоду сумлення і веравызнання.

— Колькі ў цяперашні час у Беларусі дзейнічае канфесій, рэлігійных аб’яднанняў? Якія тэндэнцыі ў іх дзейнасці можна адзначыць?

— Агульная колькасць рэлігійных арганізацый дасягнула 3 тысяч 156. У адпаведнасці са сваімі статутамі дзейнічаюць 153 рэлігійныя арганізацыі агульнаканфесійнага ўзроўню — рэлігійныя аб’яднанні, манастыры, місіі, брацтвы, сястрыцтвы, духоўныя навучальныя ўстановы.
Вядучая роля ў рэлігійным жыцці краіны належыць Беларускай праваслаўнай царкве, якая аб’ядноўвае больш за 1 тысячу 400 прыходаў. Дзейнічае 1 тысяча 248 праваслаўных храмаў, 155 будуецца. Святары атрымліваюць адукацыю ў пяці духоўных навучальных установах.
Рымска-каталіцкая царква аб’ядноўвае чатыры епархіі, якія налічваюць 457 абшчын. У краіне дзейнічаюць 450 касцёлаў, 37 будуюцца.
Дзейнічаюць 986 пратэстанцкіх абшчын чатырнаццаці рэлігійных кірункаў. Пазітыўна развіваецца ўзаемадзеянне з іўдзейскімі і мусульманскімі канфесіямі.
Трэба адзначыць, што апошнім часам рэлігійныя арганізацыі ў сваёй дзейнасці сталі надаваць больш увагі ўдзелу ў вырашэнні сацыяльна значных пытанняў грамадства, актывізаваны міжканфесійны дыялог.

— Наколькі востра ў краіне стаіць праблема ўмацавання кадравага складу свяшчэннаслужыцеляў? Чым выклікана павышэнне ўвагі дзяржавы да запрашэння замежных свяшчэннікаў для работы ў Беларусі? Што ўжо зроблена ў гэтым кірунку?

— Кадравая праблема паступова вырашаецца. Аднак застаецца пытанне кадравага забеспячэння ў рымска-каталіцкіх касцёлах Беларусі. У краіне працуюць дзве духоўныя каталіцкія семінарыі. Зараз дзейнічаюць 457 рэлігійных суполак, у якіх працуюць 398 святароў, 180 з якіх — замежныя грамадзяне. Сёлета было прынята Палажэнне аб запрашэнні ў Беларусь замежных святароў для заняцця рэлігійнай дзейнасцю. Больш празрыстым стаў спіс тых дакументаў, якія неабходна прадстаўляць запрошаным святарам. Зараз патрабуецца дакумент аб адукацыі, даведка аб вопыце ў рэлігійнай дзейнасці, веданне адной з дзяржаўных моў Беларусі.

— Што б вы пажадалі ўдзельнікам і гасцям VII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур?

— Міру і дабра ўсім людзям нашай Беларусі. І далей быць адзінымі ў сваіх памкненнях, працаваць на карысць Рэспублікі Беларусь!

— Дзякуй за інтэрв’ю.


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter