Мірнага шчасця сталіца

Кожны раз, калі прыязджаю ў мястэчка з прыгожай назвай Мір, што на Карэліччыне, упэўніваюся ў тым, што калі ні завітай сюды — заўсёды знойдзеш на што падзівіцца. Палац, як сцвярджаюць экскурсаводы, не такі багаты на легенды, як яго нясвіжскі сусед. Але калі самому пастаяць ля капліцы-пахавальні, з якой Збавіцель, здаецца, зазірае ў душу вялізнымі вачыма, паблукаць ля возера, што ўзнікла на месцы ссечанага сада, зразумееш, што і тут ёсць мноства таемных з’яў. А цяпер, калі ў cярэднявечным замку поўным ходам ідзе рэстаўрацыя і ўжо лёгка можна ўявіць, якім Мірскі замак стане праз якіхсьці два-тры гады, проста займае дух. Прапаную вам разам прайсціся па залах амаль што адноўленых вежаў.

З самага ўваходу Палацавай часткі замка кідаецца ў вочы ліфт. “Гэта проста выратаванне для наведвальнікаў, якія ўдосталь нахадзіліся па вінтавых лесвіцах брамнай вежы”, — падумала я, адчуваючы “напрацаваныя” за час папярэдняй экскурсіі мышцы ног. Пакуль што ён не ўведзены ў эксплуатацыю, але, як запэўніў начальнік сектара па навуковай рабоце філіяла Нацыянальнага мастацкага музея “Замкавы комплекс “Мір” Ігар Ложачнік, ужо ў канцы гэтага года, калі пачнуць працаваць гасцінічны блок і рэстараны, узнімацца на сваіх дзвюх на патрэбны паверх будуць толькі самыя спартыўныя.
Дзякуючы таму што вось ужо другі год палацавыя часткі замка ацяпляюцца, работы вядуцца не сезонна, аднаўленне “жамчужыны Сярэднявечча” пайшло значна хутчэй. Ігар Мікалаевіч адзначае, што большая частка замка стане музеем. Экспазіцыя размесціцца ў 39 залах. Гэта першы ў нашай краіне вопыт музеефікацыі замка. Музейны комплекс будзе змяшчаць у сабе экспазіцыю, прысвечаную Святаполк-Мірскім, вялікія выставачныя плошчы раскажуць пра эпоху Радзівілаў, дзяржаўнасць ВКЛ, гістарычныя даследаванні, якія вяліся ў Мірскім замку ў розныя часы. У музейных падвалах будзе адкрыта пастаянная выстава гаспадарчага начыння — меднага посуду і дубовых бочак, у якіх стагоддзі таму захоўвалі віно. Там жа можна будзе ўбачыць сярэднявечную замкавую турму. “На пятым паверсе Паўночна-Заходняй вежы ў будучым мы плануем паказаць мануфактурную вытворчасць пачатку XVIII—XIX стагоддзя, — расказвае Ігар Мікалаевіч. — Цікавай была гісторыя распрацоўкі канцэпцыі адной з яе залаў. Мы задумвалі на столі размясціць шэсць васковых фігур уладальнікаў замка, пачынаючы ад Ільінічаў, заканчваючы Святаполк-Мірскімі, але потым ад гэтай ідэі адказаліся”. У неацяпляльных аўтэнтычных вежах размесціцца “халодная экспазіцыя” — рэканструкцыя зброі і керамікі, кафляў былых печаў і камінаў. А царква, пабудаваная Святаполк-Мірскімі ў 1903—1907 гадах пад сценамі замка, па просьбе дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзіміра Пракапцова будзе асвечана Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Пейзажны парк с цягам часу будзе таксама абноўлены — ужо вызначаны новы відавы склад дрэваў. Адбудоўваецца і мост, што вядзе ў яго.
У адной з вялікіх залаў будзе сталовая ў стылі XVIII стагоддзя. Якой яна была ў тыя часы? Галоўнай яе адметнасцю было тое, што пасярод пакоя ставілі адзін вялікі драўляны стол, за які ўсе сядалі. Калі звярнуць увагу на столь, то адразу кінецца ў вочы яе не зусім роўная паверхня. Ігар Мікалаевіч тлумачыць, што ў замку з самага пачатку яго гісторыі не былі абсалютна роўнымі ні сцены, ні падлога. “І цяпер мы не імкнёмся “выправіць памылкі” яго стваральнікаў, — упэўнівае ён. — Калі зрабіць Мірскі замак зусім бездакорным, то ён страціць частку сваёй гісторыі. Адбудоўваючы залы, мы захоўваем стыль часоў, калі жылі іх уладальнікі. Падвальнае памяшканне, дзе хутка з’явіцца рэстаран, было ўзноўлена пры апошніх уладальніках Святаполк-Мірскіх на пачатку ХХ стагоддзя. Таму сцены з шэрабетоннай цэглы мы не дэкарыруем, а пакідаем як сведчанне тых часоў. Закансерваваная намі дэкаратыўная тынкоўка, якая захавалася да нашых дзён, будзе служыць часткай экспазіцыі”.
Ужо заканчваецца чыставая апрацоўка канферэнц-залы на 200 месцаў, якая будзе аснашчана навейшым абсталяваннем, з магчымасцю сінхроннага перакладу. Ахвотнікі наведаць гасцініцу на 19 нумароў, сярод якіх ёсць і пакой для VIP-персон (двухузроўневы, з выхадам на балкон і ўсімі выгодамі), сауну, утульны рэстаран, для абслугоўваючага персаналу якога спецыяльна было пабудавана новае памяшканне, ужо, па словах Ігара Ложачніка, запісваюцца ў чаргу.
Ад’язджала з Міра і думала ў захапленні ад убачанага: “Ведала б мая прабабуля, для якой, як і для іншых міран, пасля Вялікай Айчыннай паўразбураны замак стаў прыстанішчам, якім ён стане цяпер, напачатку ХХІ стагоддзя! Калі тут палілі буржуйкі, трымалі кароў, свіней і курэй, складвалі сена, тое, што замак некалі адбудуецца і стане культурным цэнтрам, яна магла дапусціць толькі ў самых светлых марах...”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter