Мір, спакой, багацце.

Чаму падчас улазінаў у хату першым запускалі ката?

Адным з самых распаўсюджаных славянскіх павер’яў, звязаных з уваходам у новую хату, з’яўляецца тое, што новае жытло абавязкова павінна ўзяць сабе ахвяру — таго, хто ўваходзіць першым. Здавён першым у хату пускалі ката, а на падворак — пеўня. Ужо за імі з хлебам-соллю і абразамі ішлі гаспадар з гаспадыняй і дзецьмі. Па меркаваннях нашых продкаў, кошка першай сустракае свайго гаспадара на тым свеце, а певень заўсёды быў гаспадаром на падворку — без яго і скаціна не вялася, і карова не даілася, і г.д. Пасля гэтага неабходна было перанесці полымя са старой хаты: дзеля гэтага ў гліняны посуд клалі некалькі вугельчыкаў.

  • Народнае ўяўленне аб дабрабыце ў хаце было звязана з дамавіком. Таму рабілі цэлы шэраг абрадавых дзеянняў, каб запрасіць дамавіка са старой хаты ў новую: на даху ставілі пачастунак — кавалак хлеба з соллю і чарку гарэлкі, прыносілі ў хату стары венік — месца жыхарства дамавіка. Пры гэтым казалі: “Гаспадар-бацюхна, прыходзь да мяне ў госці, хлеб-соль частаваць, маю скацінку даглядаць”.
  • Уваход у новую хату ажыццяўлялі толькі на маладым Месяцы, а яшчэ лепш пад поўню, каб у хаце заўсёды быў дабрабыт.
  • У народзе верылі, што на працягу года ёсць так званыя “шчаслівыя”і “нешчаслівыя” дні. Самым удалым днём для пераезду ў новую хату лічылі  Сямёнаў дзень —  14 верасня.
  • Адно з абавязковых рытуальных дзеянняў улазін — зварыць кашу ў старой хаце і прынесці ў новую, каб разам з кашай перанесці ўдачу, сямейнае шчасце, дабрабыт.
  • Падчас улазін, а лепш пры закладцы новай хаты неабходна ў чатыры куты пакласці дробязь і сказаць:  “Мір, спакой, багацце. У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амін”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter