Мір палацам! У шляхецкія сядзібы вяртаюцца гаспадары. Аднак рэстытуцыя палацаў не прадбачыцца

Іх перададуць не нашчадкам колішніх уласнікаў, а новым гаспадарам — тым, хто зможа інвеставаць у адраджэнне помнікаў архітэктуры рэальныя грошы.
Адно з галоўных патрабаванняў, якое выстаўляецца патэнцыяльным уласнікам шэдэўраў — стварыць на іх базе аб’екты аграэкатурызму. Усяго такіх палацаў — 31: у Жалудку Шчучынскага раёна, у Грамячы і Высокім Камянецкага, у Паланечцы Баранавіцкага, у Грушаўцы Ляхавіцкага, сядзіба Раманавых у Стара-Барысаве ды іншыя. Усе яны знаходзяцца ў крытычным стане, менавіта таму вырашана перадаць іх у арэнду прыватным асобам.
Наталля Хвір, загадчыца сектара ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры, супакойвае грамадскасць: “Гаворка не ідзе пра перадачу нацыянальнай спадчыны ў прыватныя рукі. Будынкі будуць заставацца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей. Між тым закон дазваляе любую форму ўласнасці ў адносінах да гэтых аб’ектаў. Пры гэтым уласнік павінен пільнавацца ўсіх абавязацельстваў, узятых на сябе па ахове такога помніка”.
Тым часам рэканструкцыя аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны за дзяржаўны кошт вядзецца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай. Цяпер сродкі накіроўваюцца найперш на работы ў Мірскім і Нясвіжскім замках. Іншыя замкі пакуль што могуць быць закансерваваны, а для паказу іх арыгінальнага аблічча можа выкарыстоўвацца метад 3D анімацыі. Спадарыня Хвір сведчыць, што такі вопыт ужо ёсць у Францыі: “Славутае абацтва Клуні захавалася на 12 працэнтаў, і страчаныя часткі дэманструюцца на спецыяльных экранах, усталяваных побач з закансерваванымі руінамі. Такім жа шляхам можам пайсці і мы, напрыклад, у Гальшанскім замку”. Як сведчыць спецыяліст, 3D анімацыя на гістарычных помніках вельмі прываблівае французскіх дзяцей: “Яны адрываюць сваіх бацькоў ад тэлевізара і пляшак піва ды цягнуць на руіны, каб паглядзець, як выглядалі велічныя помнікі ў мінулым”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter