МІР дзеля міру.

У Мірскім замкавым комплексе, які адкрыўся пасля шматгадовай рэканструкцыі, ёсць чаму падзівіцца.

У музейных залах замка можна ўбачыць старажытныя крыжыкі, псалтыры, габелены, мушкеты, пісталеты, ядры, гранаты і нават рогі тура. Разам са слуцкімі паясамі экспануюцца вырабы Урэцка-налібоцкай шкляной і Свержанскай фаянсавай мануфактур, заснавальнікамі якіх былі Радзівілы. Яны валодалі Мірам аж тры стагоддзі!

Рэстаўрацыя замкавага комплексу доўжылася амаль 27 гадоў. Пік аднаўленчых работ прыйшоўся на 2006-ы. З тых часоў на рэканструкцыю замка было вылучана амаль дзевяноста мільярдаў беларускіх рублёў. Наведвальнікаў Мірскі замак пачаў прымаць яшчэ ў 2008 годзе, калі ў паўднёва-заходняй вежы было адкрыта шэсць экспазіцый. Але поўнасцю рэстаўрацыйныя работы ў замку ўдалося скончыць толькі сёлета.
— Тое, што адбылося ў Мірскім замку, — заслуга ўсіх, хто працаваў тут пачынаючы з 1982 года, — зазначыў міністр культуры Павел Латушка. — Дзяржава ўклала значныя матэрыяльныя, людскія рэсурсы, каб гэты замак аднавіць. Кажуць, што ў Міры было падпісана пагадненне аб міры паміж крыжакамі і ВКЛ. Я перакананы, што ў Мірскім замку будзе вяршыцца мірная палітыка ўнутры дзяржавы і з іншымі краінамі. Пацвярджэнне таму — прадстаўнікі пасольстваў, дыпламатычных місій, замежных дэлегацый, якія прыбылі на свята адкрыцця комплексу. Калісьці Радзівілы, Іллінічы, Святаполк-Мірскія будавалі гэты замак, каб падкрэсліць сваю незалежнасць. Сёння незалежная Беларусь, аднавіўшы гэты замак, засведчыла ўсяму свету, што яна сапраўды незалежная краіна, якая можа ганарыцца гісторыка-культурнай спадчынай.
Ні рэстаўратары, ні гісторыкі не будуць аспрэчваць, што сённяшні замак не той, што быў у шаснаццатым стагоддзі. Тады ён выконваў абарончую функцыю, сёння працуе, у першую чаргу, для турыстаў. А для іх неабходна ствараць асаблівыя ўмовы. Таму ў замку хапае элементаў, якія не даюць забыць, што на дварэ ўсё ж такі ХХІ стагоддзе. Да прыкладу, ліфт — зручнае прыстасаванне для інвалідаў і пажылых людзей, якім цяжка падымацца па вінтавых лесвіцах, ці аўдыёгіды.
Трэба сказаць, і гаспадары замка не адмаўляліся ад тэхнічных навінак. Апошні з іх — Міхаіл Святаполк-Мірскі правёў у замак электрычнасць і тэлефонную сувязь, пабудаваў кацельню. Дарэчы, падчас яго гаспадарання пакоі замка ўражвалі сваёй прастатой — фотаздымкі, кнігі і ніякага шыку! Таму і сярод сённяшніх пакояў замка ёсць досыць сціплыя: з металічнымі, замест, як уяўлялася, срэбных, кубкамі ці зусім просценькім абрусам. Праўда, некаторыя залы, кшталту Партрэтнай, думаю, здолеюць канкурыраваць з заламі Вавельскага ці Тракайскага замкаў у Польшчы і Літве. Шыкоўныя хрустальныя люстры, вялізныя трумо, мяккія крэслы і цэлыя сцены партрэтаў...
Разнапланавасць пакояў можна растлумачыць і іншым. У канструкцыі і дэкаратыўным убранні Мірскага замка прасочваюцца элементы адразу некалькіх еўрапейскіх стыляў: готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму. Пры аднаўленні комплексу цяжка было спыніцца на чымсьці адным, таму рэстаўратары паказалі замак у святле розных эпох, спалучыўшы багацце і сціпласць, аўтэнтычнасць і сучаснасць... Для музеефікацыі замка было набыта каля 900 унікальных прадметаў інтэр’еру і побыту XVII—XIX стагоддзяў. Сярод рэдкіх экспанатаў, напрыклад, слуцкі пояс у двух фрагментах — адзін з асноўных элементаў касцюма беларускага шляхціца, дзве фламандскія шпалеры XVII—XVIII стагоддзяў — пакуль адзіныя ў музейных зборах Беларусі. Сапраўдным рарытэтам з’яўляюцца рогі тура,  якія ўпрыгожваюць інтэр’ер “Сталовай ізбы.”
— Я быў у Міры некалькі разоў. Упершыню — чатыры гады таму. І бачыў замак зусім у іншым стане. Тады можна было толькі ўяўляць, якім ён будзе пасля рэстаўрацыі, — расказвае пасол Швецыі Стэфан Эрыксан. — Я не спецыяліст і не рэстаўратар. Але замак мне падабаецца. Складаецца ўражанне, што трапіў у старажытнасць. У тым, што ў замку ёсць элементы сучаснага, не бачу праблемы. Гэтак жа, як і ў тым, што тут будзе гатэль для турыстаў, будуць праходзіць канферэнцыі і ладзіцца выставы. Гэта дасць замку жыццё.
Ніякі гістарычны будынак не будзе поўным, калі яго не напаўняць вобразамі. У дзень адкрыцця ў замку выступілі вакальныя і танцавальныя калектывы, струнныя квартэты, ансамбль духавых і ўдарных інструментаў, пачала працаваць выстава беларускіх сучасных мастакоў.
— Седзячы на канцэрце калектыву Белдзяржфілармоніі “Класік-Авангард”, зірнуў у акно, — успамінае Павел Латушка. — Падаў снег, чысты белы снег, які пакрываў нашу зямлю. І я падумаў: а чым мы не Еўропа, чаму наша культура не еўрапейская? Мы еўрапейскія людзі! І мы маем усе падставы, каб ганарыцца гэтым. Сведчанне таму — 116 замкаў, якія былі пабудаваны на тэрыторыі Беларусі і два дзясяткі якіх захаваліся да нашых дзён.
Мяркуецца, што Мірскі замак стане сэрцам краіны, дзе будзе бурліць актыўнае культурнае жыццё, да якога будуць цягнуцца людзі з Беларусі і замежжа. І калі ў 2010 годзе замак наведалі крыху больш за 180 тысяч гасцей, то ў наступіўшым, чакаецца, іх колькасць падвоіцца.

Даведка
Замкавы комплекс XVI—XX стагоддзяў “Мір” уключае не толькі ўласна замак, але і земляныя валы, англійскі пейзажны парк, рэканструкцыю італьянскага саду, сажалку, флігель, капліцу-пахавальню Святаполк-Мірскіх, домік вартаўніка і прыдарожную капліцу.
Заклаў замак беларускі магнат Юрый Іллініч яшчэ ў 1520-я гады. З 1569 па 1828 год ён належаў князям Радзівілам, затым князям Вітгенштэйнам і іх нашчадкам. Апошнімі ўладальнікамі замка былі князі Святаполк-Мірскія (1891—1939), пасля чаго ён перайшоў ва ўласнасць дзяржавы. З 1987 года замак з’яўляецца філіялам Нацыянальнага мастацкага музея. З 2000-га — аб’ектам сусветнай культурнай спадчыны спіска ЮНЕСКА.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter