Мінулае і сённяшні дзень горада над Бярэзінай

Новае жыццё знакамітага бабруйскага помніка дойлідства
Новае жыццё знакамітага бабруйскага помніка дойлідства.

Руіны Бабруйскай крэпасціЧаго толькі не бачылі сцены Бабруйскай крэпасці на сваім не такім ужо і доўгім вяку! Яны чулі праклёны паўстанцаў, бачылі кроў ваеннапалонных і слёзы тых, хто прайшоў праз усе выпрабаванні і расказаў нашчадкам пра справы дзён мінулых. Вайна 1812 года, рух дзекабрыстаў, а потым грамадзянская, Вялікая Айчынная войны...

Бабруйская крэпасць, будаўніцтва якой пачалося ў 1810 годзе і засноўвалася на апошніх дасягненнях тагачаснай навукі, была буйнейшай у Еўропе і з’яўлялася магутнай перашкодай на шляху варожай сілы. Тэадор Нарбут і Карл Оперман, якія планавалі будынак, не разлічвалі, што акрамя абароннай крэпасць будзе выконваць ролю… лагера смерці, склада, а потым месца “тусовак” мясцовай моладзі.
Сёння ад будынкаў і ўмацаванняў цытадэлі мала што ацалела. І ўсё ж яна застаецца каштоўным помнікам гісторыі і архітэктуры, які, дарэчы, у 2002 годзе быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Што ж адбываецца з крэпасцю ў наш час? На тэрыторыі помніка архітэктуры знаходзіцца воінская частка. Супрацоўнікі Бабруйскага краязнаўчага музея і ўстановаў культуры горада вывучаюць гісторыю помніка, спланаваны маршрут экскурсіі па цытадэлі. Крэпасць рэгулярна наведваюць члены гарадскога патрыятычнага клуба “Бабраня” — яны прыво-дзяць помнік у належны выгляд.

Лядовы палац — мірны сусед ваеннай цытадэліТэрыторыя Бабруйскай крэпасці стала месцам пабудовы Лядовага палаца, размяшчэнне якога першапачаткова выклікала шмат меркаванняў сярод гара-джан. Палац пабудаваны ў хайтэкаўскам стылі, і многія баяліся, што будынак знішчыць гістарычную структуру помніка. Але Палац прыгожа ўпісаўся ў існуючае архітэктурнае асяроддзе. Больш таго, праект добра фінансуецца, і гэта дапамагло ўдыхнуць новае жыццё ў крэпасць, яна развіваецца як турыстычны аб’ект. А яшчэ ў юбілейны год Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча на тэрыторыі цвярдыні з’явілася вуліца імя класіка беларускай літаратуры, які, безумоўна ж, бываў тут.

У народзе сцвярджаюць: “Той чалавек не мае будучыні, які забыўся пра сваё мінулае”. Цяпер разбурэнне і забруджванне помніка спынілася. Людзі зразумелі: неабходна захаваць крэпасць над Бярэзінай, каб нашчадкі памяталі паваротныя моманты гісторыі сваёй радзімы, ганарыліся слаўнымі подзвігамі продкаў.

Вольга Цішкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter