Мінулае стукае ў сэрцы

Два памятныя знакі ўсталяваны літаральна днямі ў месцах масавага знішчэння яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны: у горадзе Чэрвені на Міншчыне і ў вёсцы Моўчадзь Баранавіцкага раёна. Вядомы архітэктар Леанід Левін, аўтар памятных знакаў, дапамагае ствараць такія і ў іншых кутках Беларусі.У Чэрвені ў 1941-43 гадах фашысты знішчылі каля дзвюх тысяч яўрэяў, а ў Моўчадзі ў ліпені 42-га растралялі 3600 чалавек. Дагэтуль у сэрцах нашчадкаў жыве боль за тых, хто тады загінуў. У розных кутках краіны паўстаюць мемарыялы, памятныя дошкі. Толькі ў апошняе дзесяцігоддзе з’явілася больш за 60 памятных знакаў ахвярам Халакоста, праекты якіх распрацаваў вядомы беларускі архітэктар, старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх аб’яднанняў і абшчын Леанід Левін. Дарэчы, гэты незвычайны чалавек, адзін з аўтараў праекта мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, ствараў і мемарыяльны комплекс “Яма” ў Мінску, ля якога штогод 9 Мая і ў Сусветны дзень памяці ахвяр Халакоста 27 студзеня збіраюцца тысячы яўрэяў, помнікі ў Гарадзеі, Шунёўцы…
Леанід Левін — аўтар  мемарыялу ў вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёнаДва памятныя знакі ўсталяваны літаральна днямі ў месцах масавага знішчэння яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны: у горадзе Чэрвені на Міншчыне і ў вёсцы Моўчадзь Баранавіцкага раёна. Вядомы архітэктар Леанід Левін, аўтар памятных знакаў, дапамагае ствараць такія і ў іншых кутках Беларусі.
У Чэрвені ў 1941-43 гадах фашысты знішчылі каля дзвюх тысяч яўрэяў, а ў Моўчадзі ў ліпені 42-га растралялі 3600 чалавек. Дагэтуль у сэрцах нашчадкаў жыве боль за тых, хто тады загінуў. У розных кутках краіны паўстаюць мемарыялы, памятныя дошкі. Толькі ў апошняе дзесяцігоддзе з’явілася больш за 60 памятных знакаў ахвярам Халакоста, праекты якіх распрацаваў вядомы беларускі архітэктар, старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх аб’яднанняў і абшчын Леанід Левін. Дарэчы, гэты незвычайны чалавек, адзін з аўтараў праекта мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, ствараў і мемарыяльны комплекс “Яма” ў Мінску, ля якога штогод 9 Мая і ў Сусветны дзень памяці ахвяр Халакоста 27 студзеня збіраюцца тысячы яўрэяў, помнікі ў Гарадзеі, Шунёўцы…
Нягледзячы на салідны ўзрост і нядаўна перажытую хваробу, Леанід Мендзелевіч “у страі”. Пад час нашай сустрэчы ў Мінскім яўрэйскім абшчынным доме да яго ўсё падыходзілі людзі. І ён гаварыў з імі пра гуманітарную дапамогу для сірот і інвалідаў, пра работу клубаў для дзяцей і моладзі, добраўпарадкаванне яўрэйскіх могілак... Праектаў у Саюза беларускіх яўрэйскіх аб’яднанняў і абшчын — дзясяткі. Кожны ў Абшчынным доме можа знайсці занятак па душы: заняцца музыкай, маляваннем, танцамі, гімнастыкай, вывучаць іўрыт ці ідыш, атрымаць псіхалагічную дапамогу. “Так што адзін з галоўных міфаў пра яўрэяў, што яны заўсёды разам і трымаюцца адзін за аднаго, — праўдзівы”, — усміхаецца Леанід Мендзелевіч.
Шмат увагі ў Абшчынным доме надаюць гісторыі, культуры, вывучэнню традыцый яўрэйскага народа. Вялікім дружным гуртом святкуюць нацыянальныя святы. А такія, як Новы год і Дзень Перамогі, часта разам з сябрамі з іншых нацыянальных суполак: цыганскай, нямецкай, літоўскай.
Фрагмент мемарыялу ў вёсцы Чырвоны Бераг“Нам важна не патануць у песнях і танцах, — заўважвае Леанід Левін. — Галоўнае ўсё ж такі — захаванне памяці пра трагедыю яўрэйскага народа, пра Халакост”. І тут праца рухаецца ў трох напрамках. Ідзе пошук імён загінулых. Толькі за апошнія некалькі год нашчадкі больш чым 30 тысяч пацярпелых даведаліся, што стала з іх роднымі. Узводзяцца манументы і мемарыяльныя знакі ў месцах масавага знішчэння яўрэяў, праводзяцца семінары, канферэнцыі, прысвечаныя Халакосту.
Яшчэ для абшчыны важна падтрымліваць тых, хто апынуўся ў складаных абставінах. На ўліку арганізацыі больш 25 тысяч чалавек, у тым ліку вязні гета, інваліды, сіроты, адзінокія пажылыя людзі. “Галоўнае — каб ніхто ніколі не адчуваў сябе пакінутым і забытым, — лічыць Леанід Левін. — Нашы сябры ведаюць, куды ісці і да каго звяртацца, калі ў тым ёсць патрэба”.
У Леаніда Левіна, бадай, і ўначы не змаўкае тэлефон. Дачка цікавіцца здароўем, у сябра яўрэйскай абшчыны, пенсіянера з Бабруйска, у старым доме патрэбны рамонт, калега-архітэктар прапаноўвае працу над новымі праектамі… Справам няма канца. “Я складзены нібы з дзвюх палавінак, — заўважае Леанід Левін. — З аднаго боку, заўсёды са мной клопат пра абшчыну, з другога — вялікае жаданне цалкам аддацца творчасці. Таму і шукаю цяпер сабе змену. Мару пра маладога ініцыятыўнага кіраўніка, які б узяў усё ў нашай суполцы ў свае рукі”.
Акрамя работ па захаванні памяці яўрэйскага народа, майстар працуе і над аднаўленнем Шагалаўскага квартала ў гістарычным цэнтры Віцебска. А мабільная выстава эскізаў і фотаздымкаў яго твораў “Перажыць перажытае”, якая нядаўна пабывала ў Нацыянальным мастацкім музеі, цяпер вандруе па беларускіх гарадах. Была ў Бабруйску, Глуску, Баранавічах, Барысаве. Пазнаёміліся з экспазіцыяй і жыхары Германіі.
Для многіх Левін назаўжды застанецца адным з аўтараў легендарнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, за які ён стаў лаўрэатам Ленінскай прэміі. Летась майстар атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі — за працу над мемарыялам “Дзецям-ахвярам Вялікай Айчыннай вайны” ў вёсцы Чырвоны Бераг, што ў Жлобінскім раёне Гомельшчыны.
Магчыма, і Шагалаўскі квартал з часам прынясе аўтару прызнанне і славу, аднак гэта ўжо для Левіна справа другасная. “Галоўнае для мяне — засяродзіцца на творчасці, і атрымліваць асалоду ад любімай працы”, — гаворыць ён.

Кацярына Мядзведская

На здымках: Леанід Левін — аўтар мемарыялу ў вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна
Фрагмент мемарыялу ў вёсцы Чырвоны Бераг
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter