Мінулае ў малюнках

Магілёўскі музей выдасць альбом старадаўніх рэпрадукцый

Музей гісторыі Магілёва збіраецца выдаць альбом старадаўніх рэпрадукцый з краявідамі горада.

Ратуша, макаўкі царквы, дэндзі ў капелюшах-цыліндрах на набярэжнай Дняпра. Такі Магілёў 18—19-га стагоддзяў, які занатавалі польскі мастак Юзаф Пешка і рускі архітэктар Мікалай Львоў у сваіх малюнках, гараджане яшчэ не бачылі. «На гэтых ілюстрацыях можна пазнаць знаёмыя месцы, даведацца, як раней апраналіся людзі, устанавіць, напрыклад, той факт, што два стагоддзі таму ў горадзе ўжо была служба рачной паліцыі», — гаворыць дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.

Матэрыялізаваць ідэю стварэння альбома са старадаўнімі рэпрадукцыямі дапамагае мясцовы прадпрымальнік. «Справа ў тым, што выявы старажытнага Магілёва знайшліся толькі за межамі краіны — у бібліятэках і музеях Расіі, Украіны, Польшчы. На тое, каб атрымаць іх электронныя копіі, спатрэбіліся немалыя грошы», — расказаў Бацюкоў.

Гісторыкі мяркуюць, што відарысы Магілёва ёсць і на іконе «Нараджэнне Божай маці», якая была створана ў 1649 годзе Пятром Яўсеевічам. Надпіс знізу ўдакладняе і месца пражывання майстра — мястэчка Галынец пад Магілёвам. Лічыцца, што будынкі на далёкім плане — гэта частка краявідаў горада. Магілёўскі друкар Васіль Вашчанка таксама ўвекавечыў сталіцу губерні на сваіх гравюрах пачатку 18-га стагоддзя.

Работнікі музея абяцаюць, што аматараў гісторыі горада чакаюць сюрпрызы і нават адкрыцці, бо кожная выява бу¬дзе суправаджацца падрабязным расказам як пра сам малюнак, так і пра перыяд жыцця Магілёва, які той адлюстроўвае. Аўтары спадзяюцца, што альбом зацікавіць і спецыялістаў, і простых магіляўчан. Дарэчы, прадмова да выдання бу¬дзе напісана на трох мовах: беларускай, рускай, англійскай.

На здымку: малюнак Юзафа Пешкі: від на Днепр.

Фота: архіў музея гісторыі 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter