«Мінская вясна» ўступае ў правы

Выканаўцаў дзесяці краін збярэ 30-ты форум класічнай музыкі

Выканаўцаў з дзесяці краін збярэ юбілейны форум класічнай музыкі

Музычны фестываль «Мінская вясна-2014» пройдзе з 4-га па 27 красавіка. Сёлета ўжо трыццаты па ліку форум збярэ выканаўцаў з 10 краін: Беларусі, Расіі, Польшчы, Францыі, Швейцарыі, Арменіі, Германіі, Малдовы, Славеніі, Македоніі.

— Думаю, гэта дастатковае прадстаўніцтва, каб гаварыць пра «Мінскую вясну» не як пра цыкл канцэртаў, а як пра міжнародны фестываль, які традыцыйна запрашае да ўдзелу цудоўных музыкантаў — як масці-тых, так і маладых. Дарэчы, за сваю гісторыю «Мінская вясна» адкрыла нямала новых імёнаў выканаўцаў, якія пазней станавіліся вядомымі і зноў прыязджалі на фестываль ужо ў статусе знакамітасцей. Але, ведаеце, ёсць вызначэнне нашага форуму, якое мне асабліва падабаецца. Я вось на днях зазірнуў у Інтэрнэт, набраў у пошуку «Фестываль «Мінская вясна» і тут жа атрымаў адказ: «Гэта — трыумф класічнай музыкі». На мой погляд, вельмі правільнае вызначэнне, бо ўсё сапраўды так і ёсць, — расказаў на прэс-канферэнцыі мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі заслужаны артыст Беларусі Юрый Гільдзюк.

Сёлетняя «Мінская вясна» прадставіць музыку ад эпохі барока да сучаснасці. Адкрые фестываль Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі. Калектыў выканае праграму польскай музыкі ХХ стагоддзя, прысвечаную святкаванню 20-годдзя Польскага інстытута. Разам з аркестрам выступяць польскі дырыжор Павел Котла і піяніст Гаюш Кенска. Пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава аркестр прадставіць яшчэ дзве праграмы, падрыхтаваныя сумесна з вядомымі замежнымі салістамі — даўнім сябрам нашай краіны віяланчэлістам з Францыі Маркам Драбінскім і кларнетыстам з Славеніі Дарка Брлекам, які выступіць у Мінску ўпершыню.

Падзеяй абяцае стаць канцэрт выдатнага нямецкага арганіста Іаганэса Геферта. На працягу многіх гадоў ён гастралюе ў Еўропе, Японіі, ЗША, Вест-Індыі, Паўднёвай Амерыцы. Неаднаразова бываў вядомы музыкант і ў нашай краіне. Іаганэс Геферт прызнаны ў свеце як глыбокі і тонкі інтэрпрэтатар арганнай спадчыны кампазітараў розных эпох. Яго называюць універсальным выканаўцам, знаўцам аргана і віртуозам, асабліва славіцца яго педальная тэхніка. Бліскуча валодае маэстра і майстэрствам імправізацыі. На «Мінскую вясну» Іаганэс Геферт прывязе вельмі цікавую праграму — тры значныя музычныя палотны, якія прадстаўляюць гісторыю арганнага выканальніцтва. Акрамя таго, ён правядзе майстар-клас у Беларускай акадэміі музыкі.

Упершыню пасля 25-гадовага перапынку ў Мінску зноў прагучыць манументальны твор Іагана Себасцьяна Баха «Страсці па Іаану». Выканаўцы — Дзяржаўны камерны хор Беларусі пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай і ансамбль «Камерныя салісты Мінска» пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Зубава (г. Санкт-Пецярбург). Сімвалічна, што канцэрт адбудзецца 18 красаві-ка, у Страсную пятніцу. Наогул, згодна з правіламі ўсе «Страсці» па чатырох Евангеллях — ад Лукі, Марка, Мацьвея і Іаана — павінны выконвацца ў адпаведныя дні Страснога тыдня. У пятніцу — менавіта па Іаану. У Еўропе гэтая традыцыя непарушная і беспярэчна выконваецца дасюль. Падтрымаюць яе і ў час «Мінскай вясны».

Новую праграму «Песні Уладзіміра Мулявіна і Ігара Лучанка» падрыхтаваў Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца. Прагучаць многія вядомыя творы, у тым ліку фрагменты знакамітых рок-опер на вершы Янкі Купалы «Гусляр» і «Песня пра долю». Саліраваць будуць Пётр Ялфімаў і Ян Жанчак.

У афішы — таксама выступленне Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі«Свята», вядомага беларускага фартэпіяннага дуэта Наталлі Котавай і Валерыя Баравікова, які адзначае сёлета 15-годдзе творчай дзейнасці, вечар з джазавым трыа са Швейцарыі.

Усяго ў вялікай і малой залах філармоніі «Мінская вясна-2014» прадставіць 21 канцэрт.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter