Сто гадоў таму беларусы заснавалі сяло ў Краснаярскім краі Расіі, якое сёння цалкам ідэнтычнае па назве са сталіцай Беларусі

Мінск пасярод тайгі

Сто гадоў таму беларусы заснавалі сяло ў Краснаярскім краі Расіі, якое сёння цалкам ідэнтычнае па назве са сталіцай Беларусі


Беларусаў трохі больш за паўпрацэнта ў насельніцтве Краснаярскага краю. А супляменнікаў можна там шукаць і па назвах паселішчаў: некаторыя падказваюць, дзе яны кампактна жывуць. Скажам, у вёсцы Мінск...


Па вялікай сібірскай рацэ Енісей дабіраліся калісьці беларусы ў далёкі Краснаярскі край

З’яўленне беларусаў у краі датуецца 1-й паловай XVII стагоддзя. Існуе версія: заснавальнік Краснаярска і яго першы ваявода Андрэй Дубенскі быў з Вялікага Княства Літоўскага, з тэрыторыі Беларусі або Літвы. У XIX стагоддзі беларусы траплялі ў Сібір не са сваёй волі. Іх ссылалі пасля задушэння паўстання 1863 года, якое было скіравана на аднаўленне незалежнасці былых тэрыторый ВКЛ ад Расійскай імперыі. Беларускія паселішчы з’яўляліся пад Краснаярскам і раней: Паляны — у 1832-м, Усць-Бярозаўка — у 1855-м. У канцы XIX стагоддзя беларускія сяляне заснавалі вёскі Беларуская, Віленка (выхадцы з-пад Вільні), Мінскае сяло (з ваколіц Мінска), Смаленка (з-пад Смаленска). Але беларусаў там было няшмат: 455 чалавек паводле перапісу 1897 года.

Масавая міграцыя нашых пачалася на пачатку XX стагоддзя: Сталыпінская рэформа. Тысячы беззямельных сялян-беларусаў ехалі ды ішлі асвойваць пустыя і вольныя землі ў цэнтры Расіі. Тады паўсталі дзясяткі беларускіх пасёлкаў у Ачынскім, Краснаярскім і Канскім паветах Енісейскай губерні. Да той плыні дадаліся і ўцекачы ды эвакуяваныя ў гады Першай сусветнай вайны. І супляменнікаў да 1920-га там аказалася ўжо амаль 30 тысяч. У сярэдзіне 20-х беларусы складалі большасць жыхароў больш як 200 вёсак, 89 пасёлкаў і 434 хутароў. У 30-я ў Краснаярскі край прыбывалі беларускія сяляне, раскулачаныя і рэпрэсаваныя на Бацькаўшчыне. Іх рассялялі, у прыватнасці, у Іланскім раёне.

Пасля Другой сусветнай вайны тысячы юнакоў і дзяўчат з Беларусі прыязджалі ў Краснаярскі край па камсамольскіх пуцёўках, па размеркаванні пасля заканчэння тэхнікумаў ды вну. Будавалі Краснаярскую ГЭС, алюмініевы завод, іншыя гіганты індустрыі. У 70-80-я колькасць нашых на тэрыторыі краю зноў дасягала 30 тысяч, а цяпер іх — трохі менш за 10 тысяч. Беларусы ўдалечыні ад гістарычнай радзімы забываюць мову, традыцыі, а іх нашчадкі лічаць сябе ўжо рускімі.


А вось і таёжны Мінск…
Таму цікава было адшукаць у расійскай глыбінцы вёску Мінск, дзе мясцовыя жыхары яшчэ захоўваюць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. “Дзеўка ў Хвілімонавых саўсем ладная стала”, — кажа адна бабуля другой у Мінску. Сяброўка ж адказвае: “Так ёй сёлета тры гады ўжо!” Характэрныя рысы беларускай мовы — яканне, прыстаўное “в” перад націскным “о”, “хв” замест “ф” у замежных словах жывуць там, як нідзе. У Беларусі цяпер актыўна пераймаюць рускамоўныя словы, скажуць “ферма”, а ў сібірскім Мінску — “хверма”. На Беларусі характэрныя, аўтэнтычныя гукі народнай мовы ўсё больш страчваюцца, а ў Сібіры, бач ты, як трывала захоўваюцца!

Мінскае сяло — то сучасны Мінск: вёска ў Бальшамурцінскім раёне. Туды перасяляліся з Мінскай губерні: Захарэвічы, Аўтушкі, Шпакі, Нядбайлы, Сяцко, Поцісы, Шэкі, Радзівонавы, Васюковічы... Журналістка газеты “Красноярский рабочий” Таццяна Алексяевіч, якая пабывала ў таёжным Мінску, спрабавала высветліць пачаткі беларускай гісторыі таго месца: “І хто першы паставіў хату на раскарчаванай паляне сярод тайгі, ля рэчкі Абейкі, ужо ніхто не памятае. Калі ж тут з брусоў лістоўніцы паставілі царкву, то паселішча набыло статус сяла, якое назвалі Мінскім. Потым канчатак скараціўся, і сярод тайгі з’явіўся Мінск”.

Сцепаніда Міхалі­шына трапіла туды ў 1933-м пяцігадоваю. Але ўжо мала што памятае з роднага, беларускага: “Што з радзімы прывезлі тата і мама — песні ды іншае што, у гадах страцілася…”. Старэйшая сястра яе, Вольга Алдаева, памятае больш: “Пяць дзевак і сын было ў нашых бацькоў. Вось як дасталася ім — нас падымаць! Каб не працавалі шмат, прапалі б. Я ўжо ў пятнаццаць гадоў на быках арала. І жалі, і лес валілі... У вайну наогул за мужыкоў усё на сабе бабы ды дзеці цягнулі”.

Баба Сцеша далучаецца да гутаркі: “Брацік наш адзіны, Сямён, загінуў у 1944-м. На радзіме сваёй, у Беларусі. Мы доўга і не ведалі, дзе ён пахаваны. У 1965-м газету даслалі ды паведамленне пра месца, дзе ён спачыў. Дык мы яму магілку тут, у Мінску, зрабілі побач з хатай бацькоўскай: каб было куды кветачку пакласці, памянуць дзе. Мама з татам так завяшчалі. Яны і радзіму сваю часта згадвалі. Усю вайну плакалі аб радні, маліліся за ўсіх... Каб у Сібір не пераехалі, таксама б загінулі. Родных нашых у Беларусі шмат загінула ў час вайны. Яны ж там усе ў партызанах былі”.

Цікава расказалі сёстры пра сямейны лад мясцовых беларусаў. На чале сям’і стаяў бацька: Міхаіл Шпак. За ім прызнавалася права размеркавання гаспадарчых работ і арганізацыі побыту. Ён выконваў і самую цяжкую працу. “Але ў бабскія справы не лез, — кажа па-беларуску Вольга Міхайлаўна. — Бацька ніколі не даставаў абеду з печы, не браў сам чыстай бялізны з куфра, не палоў град, не гатаваў ежу, хоць, калі трэба, усё гэта мог зрабіць, і дзяцей паняньчыць. Не лаяўся, дурным словам не крычаў на нас ніколі. І маці пальцам не чапаў. Усё толькі казаў: “Тэклічка, Тэклічка”... Маму Тэкляй звалі. А майстар бацька быў на ўсе рукі, залаты каваль! І рукамыйніцы, і замкі, і кожны інструмент, як цацкі, каваў”.


Супляменніцы на далёкім беразе

Сёстры расказваюць пра мінуўшчыну сваёй сям’і ды Мінска, не стрымліваючы слёз… А мясцовыя мужчыны аддаюць даніну павагі працавітасці тутэйшых беларускіх кабет. “Гаспадынямі” па-беларуску іх называюць дагэтуль: “Нашы бабы, як кабылы: упрагаліся ўва ўсё і цягнулі на сабе калгас і дом”. Дзіця там называюць “дзяцёнак” і спяваюць малым “калыханкі” — усё, як у Беларусі. Беларусы прывезлі ў Сібір і традыцыі ткацтва. Вышытыя кветкамі, нацыянальным арнаментам навалачкі, ручнікі — абавязковы атрыбут мінскіх хат. “У нас у кожнай сям’і свая выдатная майстрыха была, — расказваюць мінчанкі. — І да гэтага часу кросны шмат у каго ёсць. У самыя цяжкія часы ў самай беднай хаце заўсёды была хоць адна саматканая капачка”.

Не забытыя ў Мінску і традыцыі нацыянальнай кухні. Улетку часта гатуюць халаднік з квашаных буракоў, а зімой — вараную капусту. І дагэтуль бульбяное пюрэ называюць тоўчанкай, а дранікі — драчанікамі, дзяруць жа бульбу на тарцы, якую называюць “драчкай”. Таксама і народныя святы адзначаюць, як на Бацькаўшчыне. Сярод іх найбольш важнымі лічацца Купалле ўлетку і Дзяды ўвосень. На Дзяды памінаюць продкаў. Напярэдадні свята прыбіраюць хату, пякуць бліны, вараць рытуальную кашу — рысавую куццю. І думаюць пра Беларусь…

Віктар Корбут

Фота: Валерый Бадрашкін

Голас Радзімы № 37 (3445), чацвер, 1 кастрычніка, 2015 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter