У Мiнску адкрыецца выстава знакамiтага майстра мікрамініяцюры Анатолiя Каненкi

Мікрасвет омскага ляўшы

Выстава «Цуд пад мікраскопам» вядомага майстра мікрамініяцюры з Омска Анатолiя Каненкi адкрыецца ў Мінску. Яна будзе працаваць у Доме-музеі I з’езда РСДРП з 17 кастрычніка па 31 студзеня будучага года.


Мікрамініяцюра – рэдкі від мастацтва. Пад мікраскопам уручную ствараюцца маленькія ўнікальныя рэчы. Анатолій Каненка пачаў гэтым займацца ў 1981 годзе, першым у Сібіры. Вынайшаў і асвоіў тэхналогіі пісьма на рысавых, макавых зярнятках, на чалавечым воласе, а таксама стварыў адмысловыя мікраінструменты, неабходныя для працы.

Сёння омскі майстар уваходзіць у тройку самых таленавітых мініяцюрыстаў свету. Яго працы ўпрыгожваюць музейныя зборы і прыватныя калекцыі ў многіх краінах. Выставы Анатолія Каненкi праходзілі ў ЗША, Германіі, Францыі, Чэхіі, Іспаніі, Японіі, Кітаі.


Сярод яго твораў — падкоўкі на лапках блыхі, караван вярблюдаў у вушку iголкi, скульптурка хлопчыка, выразаная з пшанічнага зярнятка, міні-партрэты на рысе, на зрэзе яблычнай костачкі і нават на штучным хрусталіку вока… Адзін з самых знакамітых – скрыпка ў лапках сапраўднага коніка. Яе даўжыня — 12 мм. Выканана са скарлупы грэцкага арэха, струны – са шкловалакна. Скрыпка мае ўсе дэталі сапраўднага інструмента. Унутры нават ёсць бірачка з прозвішчам аўта-ра, датай і месцам вырабу. Гавораць, кошт такіх твораў складае каля 50 000 еўра. 

Гэтай скрыпкі ў каталогу мінскай выставы, на жаль, няма. Але ёсць не менш унікальная, гавораць у музеі, даўжыня якой усяго 6 мм. Міні-скрыпачка  выканана з грэцкага арэха, золата, костачак абрыкоса, слівы і вішні.


Адзін з галоўных накірункаў творчасці Анатолія Каненкi — міні-кнігі. З 1994 года ім выдадзена ўручную больш за 200 арыгінальных экзэмпляраў. Менавіта выдадзена, бо пры стварэнні міні-кнігі яе аўтар – і мастак, і дызайнер, і гравёр, і пераплётчык. У 2002 годзе выкананая Уладзімірам Каненка суперміні-кніга «Хамелеон» Антона Чэхава трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінеса. У ёй 30 старонак і 3 каляровыя ілюстрацыі, а памер – 0,9 на 0,9 міліметра.

Аднак гэта не канец. У 2010 годзе майстар выпусціў 9 кніг памерам  менш за 1мм. Самая маленькая з іх — 0,1 х 0,1 мм!

Свае працы ў Мінск Анатолій Каненка прывязе ўпершыню. Разам з вышэйзгаданай скрыпкай і знакамітым «Хамелеонам» у выставачнай зале можна будзе ўбачыць мікракнігу класіка нашай 

літаратуры М. Багдановіча (1х1 мм), а таксама падкаваную блыху, калье на зрэзе гарошыны, велікоднае яйка з мастацкага шкла, размешчанае на чалавечым воласе, мікратабліцу «Правер свой зрок!», выкананую на драўлянай пласціне, міні-эскіз з карціны Леанарда да Вінчы «Мона Ліза», Эйфелеву вежу на ножцы камара, самую маленькую ў свеце дзеючую пастку (6х3 мм) і г.д. Усяго прадставяць 50 экспанатаў, убачыць якія на выставе можна толькі пад мікраскопам, у шматразова павялічаным выглядзе. Для гэтага кожны экспанат аснашчаны спецыяльным прыстасаваннем.


Дарэчы

Яшчэ адно рукатворнае дзіва Анатолія Каненкi — самы маленькі ў свеце шкляны акварыум. Яго об’ём — 10 мілілітраў, гэта дзве чайныя лыжачкі, а памеры – 30х24х14 міліметраў. Пры гэтым акварыум цалкам жыццяздольны. Дно выкладзена каляровымі каменьчыкамі і водарасцямі, і рыбкі ў ім могуць жыць сапраўдныя — малькі даніа-рэрыа, памер якіх каля 4 мм. Гэтую мініяцюру майстар рабіў разам з сынам Станіславам, таксама мастаком. У 2011 годзе акварыум унесены ў спіс рэкордаў World Records Academy. 

У тэму

У сваім блогу Анатолій Каненка расказвае, як яны з сынам пару гадоў таму паўтарылі  ленінскую тэхналогію пісьма.

Як вядома, незвычайнае чарніла — малако — Ленін прыдумаў для канспірацыі, калі пісаў артыкулы, седзячы ў турме. Каб тэкст праявіўся, аркушы трэба было патрымаць над запаленай лямпай.

Ідэя стварыць падобным спосабам мініяцюрную кнігу з’явілася ў мастакоў пасля наведвання музея-кватэры правадыра ва Ульянаўску. У выніку была выраблена кніга з поўным тэкстам артыкула Леніна «Пра стачкі» памерам 48 х 55 мм.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter