Люлі-люлі-люлі, прыляцелі куры...

Што значыць “спяваць ката” і ці праўда, што праз калыханкі бацькі імкнуліся “запраграмаваць” будучыню дзіцяці?

Што значыць “спяваць ката” і ці праўда, што праз калыханкі бацькі імкнуліся “запраграмаваць” будучыню дзіцяці?

Гэта сучасным дзеткам, каб іх супакоіць, ставяць класіку альбо заводзяць музычную карусель над калыскай. А раней магічным снатворным былі бабуліны калыханкі. Мілагучныя, паэтычныя, сюжэтныя, яны не толькі дапамагалі закалыхаць немаўля, але і расказвалі пра свет, у які яно прыйшло, знаёмілі дзіця з першымі беларускімі слоўцамі. Якія вобразы часцей за ўсё сустракаюцца ў беларускіх калыханках, ці праўда, што, спяваючы іх, бацькі імкнуліся “запраграмаваць” будучыню дзіцяці, і ўвогуле, наколькі папулярным быў гэты жанр фальклору?

— Калыханкамі беларусы карысталіся значна часцей, чым іншымі фальклорнымі творамі, — расказвае доктар філалагічных навук, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна ВАЛОДЗІНА. — Гэта не лірычная песня  ці казка, на якія патрэбныя і ахвота, і час, а самы прагматычны жанр фальклору і практычная рэч, закліканая супакоіць і ўсыпіць дзіця. Гэта першаснае значэнне калыханкі. У падручніках пішуць, што калыханкі выхоўваюць дзіця. У пэўнай ступені можа і так, але ўсё ж найперш яны немаўля супакойваюць, рыхтуюць да спакойнага і добрага сну.

Ні павучанняў, ні мудрагелістых фраз, ні складаных сімвалаў у іх няма. Сюжэт і тэматыка беларускіх калыханак вельмі набліжаныя да свету дзяцінства.

— Маці спявае пра ўсё тое, што акаляе маленькага чалавечка. Пра хатніх жывёл, птушак, — расказвае Таццяна Васільеўна. — Самы часты вобраз у калыханках — кот. У пэўных мясцовасцях працэс спявання калыханак так і называецца — “спяваць ката”. Чаму кот? Як правіла, менавіта з гэтай жывёліны і пачынаецца знаёмства дзіцяці з жывёльным светам.

Дарэчы, даводзілася чуць, што перш чым пакласці дзіця ў калыску, туды клалі ката і закалыхвалi, пакуль ён не “запяець курлы”. Лічылася, што кот можа захаваць дзіця ад нядобрых уплываў і “падарыць” немаўляцi моцны i добры сон.

Люлі, люлі, люлі,
Палез кот па дулі,
Памарозіў лапкі,
Палез на палаткі.
Сталі лапкі грэцца,
Недзе кату дзецца.
А мы купім тапкі
На катковы лапкі.

Яшчэ вельмі часты вобраз у калыханках — куры і гусі. “Люлі-люлі-люлі,/ Прыляцелі куры,/ Селі на варотах/ У чырвоных ботах./ Сталі куры сакатаць,/ Трэба курам нешта даць./ Ці ячменю жменю,/ Ці жыта карыта,/ Ці бобу каробу,/ Ці гароху троху,/ Ці ярыцы паўмяліцы,/ Ці пшаніцы паўдайніцы,/ А дзіцяці — цыцы.

— У адзінкавых тэкстах сустракаюцца міфалагізаваныя вобразы Сну і Дрэмы, якія нібы прыходзяць да немаўляці і прыносяць сон, — расказвае Таццяна Валодзіна. — Шэраг жа калыханак можна ахарактарызаваць як “што бачу, тое спяваю”. Яны амаль бессюжэтныя, проста маці пасля цяжкага дня пераказвае ў паэтычным ключы свае клопаты і перажыванні. Як правіла, такія калыханкі спяваюцца зусім маленькім дзеткам, якія яшчэ не могуць у поўнай меры зразумець словы маці і адгукнуцца на іх.

Люлі, люлі, спацькі,
Няма дома бацькі.
Пайшоў на работу,
Прыйдзе ў суботу.
Прывязе гасцінца
Поўную хусцінку.
Мы з табою будзем браць,
Будзем татку цалаваць.

Хоць і рэдка, аднак павучальныя калыханкі таксама сустракаюцца ў беларускім фальклоры. Яны, па меркаванні Таццяны Васільеўны, больш набліжаюцца да забаўлянак ці пацешак. Такімі калыханкамі бацькі хутчэй гуляюць з дзецьмі, чым спрабуюць іх супакоіць. Праз свет жывёл у іх паказваецца жыццё  звычайнай вясковай сям’і.

Можа і дзіўна, але ёсць і такія калыханкі, у якіх дзіцяці жадаюць хутчэйшай смерці.

— На гэты конт існуе некалькі меркаванняў, — тлумачыць Таццяна Валодзіна. — Напрыклад, адны даследчыкі не адмаўляюць, што стомленая жанчына, у якой, да прыкладу дзесяць дзяцей, магла са-праўды пажадаць смер-ці нейкаму дзіцяці. Аднак шэраг даследчыкаў бачаць у такім “пажаданні” простае імкненне вылечыць дзіця. Каму жадаюць смерці? Таму, хто крычыць, не хоча спаць... Такое залішне крыклівае дзіця ўспрымалася як хворае. Адным з дзейсных прыёмаў народнай медыцыны з’яўляецца імкненне да другога нараджэння. Хворае дзіця імкнуліся перавесці праз смерць, каб крыкун у ім памёр і  нарадзілася добрае ціхмянае дзіцятка.

Аднак у беларускай традыцыі такія “жудасныя” калыханкі амаль не сустракаюцца. Калі і маглі папалохаць бацькі сваіх дзяцей, то толькі тым, што “Прыйдзе шэранькі ваўчок,/ Цябе схопіць за бачок”. У большасці ж беларускія калыханкі вельмі добрыя. У іх чуюцца бацькоўскія любоў, ласка, пяшчота і жаданне немаўляці добрага здароўя і шчаслівага лёсу.

— Некаторыя калыханкі нагадваюць замовы, — гаворыць Таццяна Валодзіна. — Утрымліваючы розныя сродкі замоўнай вобразнасці, яны накіраваны на тое, каб прасіць у вышэйшых сіл добрай долі для дзіцяці альбо проста канстатаваць, што дзіцятка расце дужае, здаровае, цешыць сваіх бацькоў і вырасце добрым чалавечкам. Адбываецца прайграванне будучага шчаслівага жыцця маленькага чалавечка.

Люлі, люлі, усе дзеткі
паснулі.
Адзін наш каточак не спіць,
не гуляе,
Не спіць, не гуляе,
з касаткамі размаўляе.
Ды я ж яго, маленькага,
пакалышу,
За яго Бога папрашу:
Ой, дай жа, Божа, яму
сон добры!
Ой, дай жа яму век доўгі!

Праспявайце свайму дзіцятку нанач сапраўдную нашу калыханку. Паверце, адным цёплым успамінам з дзяцінства, што застаюцца на ўсё жыццё, у яго стане больш.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter