Люкс з вiдам на вёску

Калі яшчэ гадоў 10 таму да ідэі «хаткі ў вёсцы» мы ставіліся з вялікай доляй скептыцызму
Калі яшчэ гадоў 10 таму да ідэі «хаткі ў вёсцы» мы ставіліся з вялікай доляй скептыцызму — маўляў, усе бывалі за мяжой і цэняць люксаўскі сэрвіс, то потым раптам высветлілася, што і госці з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і Германіі, і мы самі ой як засумавалі па жыцці ў вёсцы. Не, не назаўсёды, але на выхадныя, на тыдзень. Так, каб і рэчка, і лес побач, каб шашлыкі і лазня.



«За экзотыкай, вядома, — прызнаецца аматарка вясковага адпачынку Таццяна Мацур, — можна і ў Егіпет пракаціцца, а выспацца, набрацца сіл, парэлаксаваць — гэта толькі тут, дома, і ў якім-небудзь дзіўным прыродным кутку». Сама Таццяна верная гэтай запаведзі ўжо пяты год і нязменна з мужам Мікалаем і дзецьмі выязджае ў вясковыя сядзібы. Тут усім занятак знаходзіцца, і дарослым, і дзецям. Немалаважна, што, нягледзячы на блізкасць да Мінска, цэны на такi адпачынак прымальныя.

Хоць, вядома, пагартаўшы пералік прапаноў, а іх на буйных турыстычных сайтах можна знайсці больш за тысячу, разумееш: і сядзіба сядзібе не роўная, ды і кошт, прапанаваны гаспадарамі, часам кусаецца. Скажам, суткі адпачынку ў той жа Балгарыі эканомнаму турысту могуць абысціся танней. І гэта таксама падстава для роздумаў. Але, вядома, Балгарыя далёка, а ў вёску гарадскому жыхару з прыходам цяпла заўсёды хочацца. Ды і, уласна, месяцамі ў аграсядзібах, прызнаюцца і самі гаспадары, мала хто жыве. Домікі карыстаюцца попытам часцей за ўсё на святы і выхадныя.



Гэта пацвярджаюць і ў турыстычных агенцтвах: сярэдняя працягласць адпачынку ў аграсядзібах — каля чатырох дзён. Хоць, і гэта досыць цікава, сітуацыя ў розных рэгіёнах краіны неаднолькавая. Калі гродзенцы чамусьці сталі наведваць сяло менш, то вось магіляўчане, наадварот, праводзяць там часу ўдвая больш, чым раней.

Тым не менш сённяшні сельскі турызм набірае абароты. І гэта ўжо не проста домік і койка, як было калісьці, гэта цэлы комплекс паслуг, з харчаваннем, экскурсіямі, фестывалямі, у ліку якіх «Мотальскія прысмакі», «Заборскі фэст», «Кліч Палесся», — многія з іх ужо знаёмыя нам і прыйшліся даспадобы.

Аб неабходнасці рэанімацыі вёскі неаднаразова гаварыў і Прэзідэнт. Што ёсць у нас шмат вёсак і хутароў, якія раней называлі неперспектыўнымі. І задаваў пытанне: чаму б чалавеку, які там вырас, ці проста бізнесмену і любому жадаючаму не пабудаваць там аграсядзібу?

Тым больш што дзяржава развіваць гэты сектар дапамагае. І крэдытаваннем у тым ліку. Не так даўно, напрыклад, ААТ «Белаграпрамбанк» заявіла, што тыя прадстаўнікі аграэкатурызму, хто паспяхова рэалізаваў адзін праект, могуць разлічваць на паўторныя крэдыты. За 8 гадоў банк аказаў падтрымку больш чым 500 уладальнікам сядзіб па ўсёй Беларусі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter