Людзi, схiлiце галовы…

У спаленай фашыстамi Дальве ўшанавалi памяць яе жыхароў

У Дальве, апошняй са спаленых фашыстамi беларускіх вёсак, ушанавалi памяць яе жыхароў

19 чэрвеня 1944 года фашысты знiшчылi Дальву — зажыва спалiлi 44 яе жыхары: 29 дзяцей, 13 жанчын, 2 мужчыны. Вёскi не стала, калi да вызвалення заставалася некалькi дзён, а нашы войскi былi так блiзка. Не паспелi… На вялiкi жаль…

Дальва, якая так i не адрадзiлася, стала 628-ай вёскай, якая паўтарыла лёс Хатынi.

З усiх яе жыхароў у жывых застаўся толькi 13-гадовы Мiкалай Гiрыловiч. У той ранак мацi рана разбудзiла яго, каб падмянiў бацьку – ён пасвiў каня на ўзлеску. Разбудзiла, а вочы нiбы прасiлi прабачэння за тое, што адбiрае сон у сына... Пазней Мiкалай пачуў стрэлы i ўбачыў дым над вёскай. Хацеў скочыць на каня, але ногi ў жывёлы былi перавязаныя путамi. А калi б не – забiлi б i яго...

Ён да апошняга не мог паверыць у страшнае. Не верыў i тады, калi па тым, што засталося ад адзення i ботаў, пазнаў мацi…

– Мiкалай Пятровiч быў лепшы муж, лепшы бацька i лепшы дзядуля. Ён нiкога не пакрыўдзiў, iмкнуўся дапамагаць людзям. I людзi iшлi насустрач. Штомесяц Мiкалай Пятровiч прыязджаў у Дальву. Тут яму лёгка дыхалася, – расказвае яго ўдава Рыма Iгараўна.

Па iнiцыятыве Гiрыловiча быў пабудаваны мемарыял. Калi 30 чэрвеня 1969 года адкрывалi «Хатынь», ён прывёз дальвiнскую зямлю на Могiлкi Вёсак — тады з’явiлася iдэя ўвекавечыць памяць роднай вёскi. Дапамагала ўся краiна, заўсёды побач былi калегi з Белтэлерадыёкампанii, дзе многiя гады працаваў заслужаны сувязiст Беларусi Мiкалай Гiрыловiч.

Цяпер Дальва – фiлiял Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

– На нашай зямлi шмат помнiкаў, якiя ўвекавечваюць памяць i трагедыi Вялiкай Айчыннай вайны. У мiнулым годзе Мемарыяльнаму комплексу «Дальва» споўнiлася
35 гадоў. Пры падрыхтоўцы да мiтынгу мы цалкам адрэстаўрыравалi мемарыял, зрабiлi экспазiцыю, прысвечаную гiсторыi вёскi. Плануем абнавiць дарожкi, пакласцi плiтку, — гаворыць Канстанцiн Мiшын, дырэктар Мемарыяльнага комплексу «Хатынь». — Дальва знаходзiцца ў баку ад дарогi, больш прыязджаюць у Хатынь. Хацелася б гэтыя дзве вёскi ды яшчэ Курган Славы замкнуць у адзiнае кольца.

На мiтынгу ў Дальве было шмат моладзi. Школьнiкi з Жодзiна самi прапанавалi маршрут свайго турпаходу пракласцi праз гэтую вёску, каб аддаць данiну памяцi людзям, якiя так i не дачакалiся вызвалення.

На здымку: ветэраны ўшаноўваюць жыхароў Дальвы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter