Людзі-валуны

Існуе шмат легенд і паданняў, якія хоць і недакладна, але расказваюць пра гісторыю той ці іншай мясціны
Існуе шмат легенд і паданняў, якія хоць і недакладна, але расказваюць пра гісторыю той ці іншай мясціны. Здараецца, што міф выглядае зусім казачна, і людзі ўжо не могуць сказаць, ці можна назваць праўдай хоць яго частачку. Мая вёска Ганкавічы – не выключэнне. Яна мае багатую гісторыю, і нядзіўна, што існуе легенда пра яе паходжанне. Праўда гэта ці не – няхай кожны вырашае для сябе. Але ў любым выпадку гісторыя чароўная.


Калісь даўным-даўно, калі па зямлі беларускай хадзілі яшчэ магутныя волаты, а лясы і рэкі кішэлі ўсялякім зверам і рыбай, прыйшлі ў гэтыя мясціны людзі. Ім спадабалася тады яшчэ магутная і паўнаводная рака, і людзі аблюбавалі тут сабе месца для жыцця. Так з’явілась наша вёска.

У людзей, што прыйшлі, нарадзіліся дзеці, а ў тых – свае. І ўсё ішло добра, пакуль у вёсцы не з’явіўся новы жыхар. Ён адразу праславіўся як вядзьмак, але вяскоўцы не баяліся, а паважалі яго і шлі за парадай. І ён дапамагаў усім, нічога з гэтага не маючы.

Ішлі гады, і аднойчы чараўнік сабраў жыхароў вёскі і сказаў: «Людзі! Вось ужо доўгі час я дапамагаю вам, адвожу ад вёскі ўсе напасці і неаднойчы выратоўваў вашыя сем’і ад разладу. Дапамажыце і вы мне. Мая хата зусім пахіснулася. Збярыцеся ж талакой і дапамажыце мне пабудаваць новую!». Людзі, канешне ж, згадзіліся і на наступны дзень пачалі будаўніцтва. Ніхто не шкадаваў сіл, усе працавалі сумленна і ахвотна. І пабудавалі яны хаціну чараўніку, ды якую! Здавалася, што дах яе ўпіраецца ў неба, а сцены ўраслі ў зямлю на некалькі метраў.

Заставалася толькі паставіць ганак, і хата будзе гатова. Людзі ўжо збіраліся класці камяні, як вядзьмак сказаў: «У той мясцовасці, адкуль я прыйшоў, ёсць такі звычай: напрыканцы будаўніцтва ў ганак трэба замураваць самую прыгожую дзяўчыну. Толькі тады хата будзе стаяць вякамі, і ніякія ўраганы яе не пахіснуць. Даю вам час падумаць да раніцы. А калі не прывядзеце заўтра дзяўчыну, то я моцна пакрыўджуся, а можа, нават раззлуюся і вазьму дзяўчыну сам. Гэта звычай, яго нельга змяніць».

Людзі разышліся вельмі сумныя. Як гэта так, людзей у ганак умуроўваць, а потым па іх касцях хадзіць! Не па-людску гэта! І вырашылі вяскоўцы, што раніцай зноў пойдуць да ведзьмака, але без дзяўчыны.


Прайшла ноч, узышло сонца. Але нiхто не радаваўся новаму дню. Ніхто не ведаў, на што чараўнік здольны і што можа з імі зрабіць. І вось пайшлі яны да ведзьмаковай хібары, і ўбачыў чараўнік, што ідуць адны мужчыны. Раззлаваўся, што аж сцены затрасліся! «Не хочаце, каб мне было добра, будзе дрэнна і вам!». Сказаў так, махнуў рукой – і знікла вёска, засталася толь­кі вялікая гара. Спужаліся вяскоўцы, але не згубіліся і кінуліся на вядзь­мака. А той раззлаваўся яшчэ больш, і кожны, хто падбягаў дужа блізка, спыняўся і ператвараўся ў валун. Жудасная гэта была карціна, але яшчэ жудасней выглядаў вядзьмак. Вочы яго наліліся крывёю, пальцы скруціліся ад злосці, і ён пачаў выкладваць з валуноў-вяскоўцаў ганак перад сваім домам. Але не заўважыў, як дакрануўся да вострага каменя і параніўся. Кроў не спынялася, што б ні рабіў злодзей. Так ён і памёр, і як толькі заплючыў вочы, ператварыўся ў камень, самы вялікі сярод астатніх.

Час раскідаў камяні па ваколіцах. Некаторыя ляжаць ля дарогі, некаторыя на полі, некаторыя – увогуле ў рацэ. Ляжаць яны нямыя, і ніхто не ведае, што з імі было. Але ў народзе засталася гэтая легенда, і ў памяць аб пакутніках вёску назвалі Ганкавічы – людзі з ганку.

Зараз вёска – невялікае паселішча ў 15 падворкаў. Мястэчка перажывае не лепшыя часы: засталось вельмі мала моладзі, насельніцтва скарачаецца. Але побач будуецца некалькі жывёлагадоўчых комплексаў, таму ёсць надзея, што ў хуткім часе вёска пачне напаўняцца новымі галасамі. А пакуль што Ганкавічы засынаюць кожную зіму і прачынаюцца летам, калі да бабуляў-дзядуляў прыязджаюць унукі. Тады тут становіцца сапраўды весела! І кожны жнівень, ад’язджаючы, дзеці абяца-

юць адзін аднаму, што абавязкова сустрэнуцца ў наступным годзе. Хочацца верыць, што так будзе яшчэ доўгі час, бо я люблю сваю вёску і жадаю, каб яна перажыла яшчэ не адзін росквіт. Хай будзе так!

Марына СIМАНАВА, студэнтка 5-га курса Iнстытута журналiстыкi БДУ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter