Людзі і лялькі

Берасцейскі «Халстамер» прызнаны лепшым спектаклем у свеце

Берасцейскі «Халстамер» прызнаны лепшым спектаклем у свеце

Брэсцкі тэатр лялек вярнуўся з Кітая, з горада Чэнду, дзе на працягу тыдня праходзілі ХХІ кангрэс Міжнароднага саюза лялечнікаў — УНІМА і прымеркаваны да яго Сусветны фестываль тэатраў лялек. Упершыню на гэтым самым прадстаўнічым форуме лялечнікаў, у якім сёлета ўдзельнічалі 102 тэатры з 46 краін свету, важка прагучала імя нашай краіны. Спектакль берасцейцаў «Халстамер» увайшоў у дзясятку лепшых спектакляў свету і атрымаў галоўны прыз і сертыфікат пераможцы.

— Калі на закрыцці фестываля аб’явілі пераможцу: «Беларусь! «Халстамер» — перапоўненая вялізная зала сустрэла гэта громам авацый, — гаворыць дырэктар — мастацкі кіраўнік тэатра Міхаіл Шавель. — Мы адчулі гонар за нашу краіну і радасць, што мелі дачыненне да гэтай перамогі, зрабілі ўсё, каб годна прэзентаваць у свеце беларускае мастацтва.

Шлях тэатра да гэтага поспеху быў няпросты і доўгі. На творчым рахунку калектыву ўдзел у многіх фестывалях, што ладзіліся ў нашых суседзяў — Расіі, Украіне, Польшчы. Зараз тэатр — жаданы ўдзельнік і, як правіла, пераможца самых прэстыжных сусветных фестываляў Еўропы.

— Міхаіл Аляксандравіч, якія вашы ўражанні ад Кітая?

— Для нас, еўрапейцаў, гэта зусім іншы свет, іншае вымярэнне часу, адлегласці, светапогляду. Калі даведваешся, што ў адным горадзе Чэнду жыхароў амаль у два разы больш, чым у Беларусі, на многае глядзіш інакш. Гэта фантастычны кангламерат, у якім перапляліся тысячагадовыя гістарычныя помнікі і суперсучасныя будынкі, беднасць і багацце. Па вуліцах горада мы хадзілі, амаль трымаючыся адзін за аднаго, каб не згубіцца ў людскім мурашніку. Перайсці вуліцу трэба ўмець, бо тут рухаецца ўсё адначасова: едуць машыны, мапеды, ровары і праз гэты паток ідуць людзі. Але ніякіх аварый! Гэта нейкі ўпарадкаваны броўнаўскі рух. Здзіўляе прыветлівасць людзей, іх добразычлівасць.

— А як вы дабіраліся да далёкага Кітая?

— Мы ўпершыню мелі такую далёкую паездку, за якую трэба падзякаваць Брэсцкаму аблвыканкаму і Міністэрству культуры краіны, якія падтрымалі нас і дапамаглі ажыццявіць яе. Дарога ў Кітай вельмі далёкая. Вядома, самалётам везці дэкарацыі было нязручна, і мы папрасілі гаспадароў падрыхтаваць нам матэрыял, з якога на працягу дня зрабілі новыя дэкарацыі. Трэба сказаць, яны амаль нічым не адрозніваліся ад тых, якія стаяць на нашай сцэне ў Брэсце.

— А чым адметны сам фестываль?

— Уразіла арганізацыя фэсту, рэгламентаванасць і выверанасць кожнага элемента. Асабліва ў час адкрыцця і закрыцця свята, калі ў відовішчнай і яркай імпрэзе на гіганцкую сцэну выходзілі ўсе ўдзельнікі фестывалю і сотні кітайскіх артыстаў, упрыгожваючы яе, быццам жывы яркі букет. І ўся гэтая прыгажосць адлюстроўвалася на вялізных экранах, якія акружалі сцэну.

Фестываль сабраў усю тэатральную эліту свету. Усе тэатры-ўдзельнікі з розных кантынентаў — носьбіты самабытных лялечных традыцый, прадстаўнікі разнастайных школ і кірункаў. І нават нягледзячы на тое, што наш спектакль «Халстамер» мае вялікую фестывальную гісторыю і шматлікія ўзнагароды, мы ўсё роўна хваляваліся, бо яшчэ ніколі не бачылі такой канкурэнцыі. Аднак добразычлівая зала дапамагла настроіцца на працу. Спектакль прайшоў добра.

Цікава, што арганізатары не рабілі, як гэта звычайна бывае на ўсіх фэстах, таямніцы з нашай перамогі. Любая імправізацыя павінна быць добра прадуманая, лічаць кітайцы. Перад закрыццём і падвядзеннем вынікаў усіх сабралі на рэпетыцыю, пасля якой выклікалі прадстаўнікоў Беларусі, Нарвегіі, ЗША і сямі кітайскіх тэатраў і паведамілі, што нам будуць уручаны ганаровыя прызы і сертыфікаты за лепшыя спектаклі.

На самой урачыстай цырымоніі ўзнагароду нам уручыў генеральны сакратар УНІМА Жак Трудо. Ён перадаў прывітанне ўсім лялечнікам нашай краіны і пажадаў новых поспехаў.

На здымку: прэзідэнт УНІМА Дадзі ПУРУМЖЫ (Індыя) з артыстамі Брэсцкага тэатра лялек пасля ўзнагароджання.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter