Складана паверыць, што на кволых плячах гэтай жанчыны ляжыць вялікая арганізацыйная праца

Людзі добрыя

Складана паверыць, што на кволых плячах гэтай жанчыны са светлай усмешкай ляжыць вялікая арганізацыйная праца, праект, які сама яна называе часткай свайго жыцця. Марына Краўцова (на здымку) стаіць ля вытокаў стварэння вучэбна-вытворчых майстэрняў рэлігійнай суполкі «Прыход храма Іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Тое, што справа, якую яна робіць, важная, пацвярджае і ўзнагарода Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне», якой дацэнт кафедры асноў спецыяльнай педагогікі і псіхалогіі факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ была ўдастоена.


А пачаўся праект з ідэі настаяцеля прыхода храма протаіерэя Ігара Карасцялёва. «У далёкім ужо 1988 годзе, — успамінае Марына Краўцова, — ён стаў першым святаром, які прыйшоў у тады яшчэ закрыты дзіцячы інтэрнат у Навінках. Не пакінуў гэтую працу і пасля. Калі цяперашні храм быў толькі ў праекце, прадугледзеў будаўніцтва нашых майстэрняў. Дарэчы, часта бывае, што людзі, якія задумваюць добрыя справы, аб’ядноўваюцца. Так здарылася, што Ігар Карасцялёў сустрэўся з кіраўніком падобнай буйной установы з Германіі Хербертам Вальхютэрам, які прыехаў сюды з жаданнем падтрымаць ініцыятыву па дапамозе хворым дзецям. Сустрэліся дзве яркія асобы, якія здолелі развіць гэтую ідэю. Праект быў пададзены ў камісію ЮНЕСКА, і пры падтрымцы гэтай арганізацыі мы змаглі пабудаваць спецыяльны корпус. Таксама ў Германіі прайшоў дабрачынны марафон па зборы сродкаў для яго будаўніцтва. Дапамагалі яшчэ беларускія і расійскія ахвяравальнікі. Вось так на інтэрнацыянальныя сродкі ў хлопцаў і дзяўчат з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з’явіўся другі родны дом, дзе яны могуць вучыцца і працаваць, прыносячы пасільную карысць грамадству».

Цяпер ужо ў гэта складана паверыць, але першапачаткова ў майстэрні было ўсяго 7 супрацоўнікаў, а сёння іх ужо 90. Старэйшаму — 54 гады, малодшаму — 18. Працуюць яны пры швейным, выдавецка-паліграфічным, свечачным і сталярна-слясарным вытворчых аддзелах. Групамі па 10—12 чалавек кіруюць інструктары па працы. Акрамя таго, з 2002 года вядзецца работа па праграме прафесійнай падрыхтоўкі і рэабілітацыі такіх людзей. «Першапачаткова меркавалася, — кажа Марына Краўцова, — што нашы выпускнікі пойдуць у падобныя майстэрні па рэспубліцы. Але пакуль ідэя ў стадыі развіцця. Галоўная праблема ў тым, што такія працаўнікі маюць патрэбу ў асістэнтах. І цяпер стаіць пытанне стварэння падобнай службы. Я ўсё ж спадзяюся, што ідэя стане рэальнасцю, бо такія людзі маглі б жыць і працаваць самастойна. Але для гэтага нам трэба навучыцца ўспрымаць іх па-іншаму».

Супрацоўнікі майстэрняў сваю працу любяць
Супрацоўнікі майстэрняў сваю працу любяць

Суразмоўца цвёрда ўпэўнена: людзі з разумовымі і фізічнымі абмежаваннямі не ўтрыманцы, яны могуць і павінны быць паўнапраўнымі членамі грамадства. Мы часцяком толькі перашкаджаем ім, навязваючы пэўныя абмежаванні. «Яны валодаюць многімі якасцямі, якія мы страцілі, — пераканана яна. — Часта з узростам мы становімся эмацыянальна больш халоднымі, стрыманымі, у тым ліку ў дачыненні да любові, лічым гэта слабасцю. На самай справе гэта — сіла. Бо толькі моцны чалавек можа дазволіць сабе так шчыра паказваць свае пачуцці. Нашы хлопцы і дзяўчаты гэтымі якасцямі валодаюць. Акрамя таго, часта, яны прымушаюць нас спыніцца ў нашай штодзённай гонцы і задумацца, пачаць жыць па-сапраўднаму».

Паводле слоў педагога, праца яе аднадумцаў здаецца цяжкай толькі на першы погляд. Вядома, яна не з лёгкіх, але ў большай ступені стасункі з такімі людзьмі неабходны нам самім. Яна кажа, што мы маем патрэбу ў іх больш, чым яны ў нас. Таму што з імі можна быць адкрытымі, яны заўсёды гавораць праўду. Зносіны з імі даюць пачуццё абароненасці і камфорту, таму да іх і цягне. Гэта першапачаткова ты прыходзіш з думкай, што дапамагаеш хворым людзям, але пасля гэтая грань сціраецца. «Ты прыходзіш сюды не за тым, каб дапамагаць, а таму што табе хочацца пабыць з гэтымі людзьмі», — кажа суразмоўніца. Пацвярджэнне таму — гісторыя яе ўласнага жыцця. Прыйшла сюды валанцёрам у 19 гадоў, аб чым не шкадуе. Праводзіць са сваімі сябрамі ўсе вечары.

Кожны чалавек таленавіты па-свойму. І супрацоўнікі майстэрняў не выключэнне. Паводле слоў Марыны Краўцовай, увесь час, а гэта больш за 15 гадоў, як яна тут, яе не пакідае пачуццё здзіўлення. «Куфар са скарбам», які ёсць у кожным з яе падапечных, можа адкрыцца ў любы момант — праз год, два, а то і дзесяцігоддзе. Напрыклад, у аднаго з хлопцаў раптам праз шэсць гадоў праявіўся талент мастака, у другога праз дзесяць гадоў — здольнасці да працы па дрэве. Галоўнае — гэта стварыць асаблівыя ўмовы для самарэалізацыі.

Як прыклад — Алена Дзяруга, якая прыйшла ў майстэрні 15 гадоў таму. Мама Наталля кажа пра відавочны прагрэс: «Пасля 10 класаў маўленчай школы Аленачка забывала вывучаны верш за два-тры дні, а цяпер яна ведае ўсе малітвы, песні. Яна карыстаецца інтэрнэтам, хаця раней гэта здавалася чымсьці з вобласці фантастыкі, у яе шмат сяброў у сетцы. Яна пляце бісерам, вяжа. За два гады працы ў майстэрнях прайшлі галаўныя болі, яна забылася, што такое непрытомны стан. Добразычлівасць, спакойнае становішча робяць сваю справу. 

Зрэшты, былі сітуацыі, што і ў педагогаў апускаліся рукі. «Гэта здаралася, калі да нас прыходзілі хлопцы і дзяўчаты з глыбокімі парушэннямі, у якіх не было ні працоўных навыкаў, ні навыкаў камунікацыі. Мы пачыналі з нуля. Часам здавалася, што ў нас нічога не выйдзе, — прызнаецца Марына Краўцова. — Але праз год-два ў гэтым стымулюючым асяроддзі адбываліся скачок, развіццё на ўсіх узроўнях. Самі хлопцы, работнікі нашых майстэрняў, дапамагаюць адзін аднаму. Калі іх называюць людзьмі з асаблівымі патрэбамі, я заўсёды кажу, што ў іх ніякіх асаблівых патрэб няма. Яны, як і ўсе мы, толькі хочуць мець сяброў, мець магчымасць быць карыснымі іншым, самарэалізоўвацца». І заняткі ў майстэрні даюць надзею на тое, што аднойчы ўсё так і будзе.

Вера АРТЭАГА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter