Любоў са смехам і роздумам

Менавіта так хочацца сказаць пасля прачытання новай кнігі вядомага беларускага сатырыка і гумарыста Міколы Вяршыніна “І роздум, і смех, і любоў”... Апошняе слова з назвы кнігі міжволі прасілася наперад, таму што і сатыра, і гумар, пагадзіцеся, пішуцца дзеля яе вялікасці — Любові, каб у рэшце рэшт толькі гэтае прыгожае пачуццё прыжывалася між людзей, бо, як сказала аднойчы адна наша выдатная паэтка “Усё пачынаецца з любові”... Любоў ачышчае, пакідаючы смецце жыцця для вострага пяра сатырыкаў. І, калі сыходзіць з таго, што гэтая кніжка ўжо ці не пятнаццатая ў Міколы Вяршыніна, можна меркаваць, што жыццёвага смецця яшчэ шмат наўкол нас.

У кароткай анатацыі да кнігі пішацца, што ў яе ўвайшлі байкі, фельетоны, гумарэскі, сатырычныя паэмы на розныя тэмы: вострыя надзённыя праблемы, вытворчасць, узаемаадносіны людзей, каханне, сям’я, побыт, мода, адпачынак, гультайства, антыалькагольная тэматыка... А яшчэ чытач знойдзе у кнізе усмешкі пісьменнікаў, смешныя і нясмешныя сітуацыі. Пераклады з украінскай мовы вядомых пісьменнікаў сатырыкаў-гумарыстаў, а таксама лірычныя вершы, напісаныя Міколам Вяршыніным у розныя гады. Ёсць на старонках кнігі і прысвячэнні аўтару, што выйшлі з-пад пяра шматлікіх прыхільнікаў яго таленту. Адным словам, кніга атрымалася ёмістая, як і той багаж гадоў, што за плячыма ў пісьменніка. Мікола Вяршынін некалькі год таму перайшоў мяжу свайго шасцідзесяцігоддзя, але па-ранейшаму знаходзіцца ў добрай творчай форме, выношваючы новыя задумы. Ён спадзяецца напісаць яшчэ не адну кнігу, а з гэтай, выдадзенай у выдавецтве “Беллітфонда”, прапануе чытачам
“Народнай газеты” радкі “з перцам і соллю”, а таксама падрабязнае тлумачэнне, чаму ён абраў для сябе гэты жанр у літаратуры.

Вершы з перцам   і соллю
Усіх чаруе лірыка сабой.
Высокімі пачуццямі пранізвае.
Задзірлівы ж паэт ірвецца ў бой
І сатырычнага канька заклізвае.

Сатыра — кліч душы, а не прыгон:
Хто дрэнна сядзе —
тут жа і пакаецца,
Бо вельмі наравісты конь-агонь:
Усё імкнецца скінуць і брыкаецца.

Ад крытыкі няма нікому зла,
Мы ўсе сатыру
хочам бачыць колкаю.
Ды каб яна такою і была,
Не падразайце лепш яе іголкі.

Сатырыку ўсё трэба прыкмячаць,
Сваіх пазіцый не здаваць ніколі.
Бо калі сатырыкі маўчаць,
Гуляе беспакарана зло на волі.

Чаму абраў я гэты жанр
Я пра жыццё разгаварыўся,
Дык раскажу ўсё дачыста.
Чаму, спытайце, гумарыст я,
Чаму сатырыкам я стаў?

Прамы характарам я ўдаўся,
І думак не хаваў, таму
Я шмат каму не падабаўся
І падабаўся шмат каму.

Калі ў “Пражэктар камсамольскі”
Накіравалі, то штодзень
На хітрых, прагных, злых і коўзкіх
Наводзіў крытыкі прамень.

Калі па тэхніцы бяспекі
Я інжынерам працаваў,
За парушэнні і агрэхі
Нікому спуску не даваў.

Я быў дзетдомавец, рабочы,
Студэнт і звыш трох год салдат.
Глядзець і ўсё казаць у вочы
Мяне выхоўваў інтэрнат.

Які ж абраць мне жанр, я думаў,
Характар паказаць увесь?
І палюбіў сатыру, гумар
За сацыяльны іхні сэнс.

Было б куды прыемней кветкі
На ніве лірыкі ірваць.
Ды сустракалі дрэнь нярэдка —
Камусьці трэба ж ваяваць

Супроць праяў былога часу,
Якімі хтосьці даражыць,
І найпярвейшых выкрутасаў,
Што нам перашкаджаюць жыць.

Сатыра — жанр найбаявейшы,
А гумар трэба ж удвая.
Таму лічу: у гэтым вершы
Праграма творчасці мая.

Пра жанчын
Жаночы лёс зусім нялёгкі —
Мужчынам быць куды прасцей.
Груз на плячах даволі крохкіх
Не памяншаецца — расце.

Ад розных клопатаў
дзе дзецца?
Круціцца трэба нездарма.
Тут гаспадарка, муж і дзеці.
Адно — памочнікаў няма.

Адпрацаваўшы на рабоце,
Па магазінах пабяжыць.
Аберуч сеткі цягне ў поце -
Не адпачне, не паляжыць.

Тым часам муж чакае казкі:
Будзь феяй, як узор красы,
Ён патрабуе ўвагі, ласкі,
Каб на руках яго насіць.

Эмансіпацыя таксама
Жанчыну ўсё ж не абміне.
Ісці на моду трэба прама,
І быць з мужчынам нараўне.

І ганарыцца ёсць прычына
Ад раўнапраўя аднаго:
Працуй не меней за мужчыну
І даглядай яшчэ яго.

Зусім не просты лёс жаночы.
Ды не згінаецца яна.
Бо дасягне, чаго захоча,
Яна адна — і не адна.

Адкінь залішнія турботы,
Сумненням волі не давай.
Жыві, кахай, рабі работу —
І пра сябе не забывай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter