Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Масквічка Ніна Дзябольская ідзе да Беларусі праз высокую паэзію Максіма Багдановіча ды іншых беларускіх паэтаў

Любоў ад дзядзькі Дзіядора

Ніна Дзябольская (злева), Сяргей Панізьнік, Вера Буланда
Дзіядор Дзябольскі — гэта, нагадаю, яраслаўскі сябар Максіма Багдановіча. Вучыліся разам і сябравалі. Паэт часам бываў у гасцях у Дзябольскіх. Пра Дзіядора, які ў свой час прайшоў і праз ГУЛАГ, успомнілі ў 1960-х, калі ў Мінску пачалі збіраць матэрыялы для музея беларускага класіка. Звярнуліся да яго супрацоўнікі — напісаў успаміны пра Багдановіча. Яны былі надрукаваны. Калі ў 1964-м Дзіядора Дзябольскага не стала, то ўжо ягоную пляменніцу — Ніну Дзябольскую — папрасілі напісаць пра дзядзьку. Яна ж перадала разам з успамінамі ў музей і ягоныя рэчы, кнігі. Такім чынам і далучалася да беларускай літаратуры, культуры. Бываючы на канферэнцыях, прысвечаных Максіму Багдановічу, глыбей унікала ў ягоную творчасць, спрабавала рабіць пераклады вершаў класіка на французкую мову. Аднак, прызнавалася, менавіта дзядзька дапамог ёй адчуць, зразумець беларускую паэзію, адкрыў ёй, як яна пісала, “дзівосна цэласны свет духоўна блізкіх мне людзей…”

Сама ж Ніна Дзябольская нарадзілася 25 чэрвеня 1937 года. Закончыла ў Маскве Інстытут замежных моваў, займела і мастацкую адукацыю. Працавала перакладчыцай, выкладчыцай. Жыццёвы лёс яе многімі промнямі звязаны з Яраслаўлем. (Калі ў горадзе на Волзе адзначалі Дзень памяці паэта — Ніна Дзябольская была там: выступала на мітынгу памяці ля помніка паэту. Гл. “Восем гадоў і Вечнасць” — ГР, 7.06.2017. — Рэд.). Наколькі мне вядома, нядаўна Ніна Сяргееўна ў Яраслаўлі наведала будынак гімназіі, у якой вучыліся яе бацька, а таксама Дзіядор, Максім.

Ніна Дзябольская даўно і плённа працуе на карысць беларускай літаратуры, розгаласу яе ў свеце. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 2011-м выйшаў зборнік паэзіі на беларускай і французкай мовах “У краіне паэтаў. Au pays des poètes”. Там змешчаны перакладзеныя ёю творы 30 беларускіх аўтараў. А ў 2013-м выдадзены зборнік “Паэты рускія, беларускія і польскія”, дзе змешчаны перакладзеныя Нінай Дзябольскай на французкую мову вершы Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Сяргея Панізьніка, Ніны Мацяш, Уладзіміра Някляева, Алеся Разанава, Яўгеніі Янішчыц, Веры Буланды, Эдуарда Акуліна, Міхася Скоблы, Валерыі Куставай.

Сёння ўжо сама Ніна Дзябольская — цікавая старонка беларускай культуры. І вершы піша! Любячы Беларусь, глыбока ўнікаючы ў яе гісторыю, культуру, мову, яна нястомная ў творчасці-дзейнасці для ўзвышэння і распаўсюду іскрынак паэзіі. Помніцца, на прэзентацыі зборніка “У краіне паэтаў” і я чытаў экспромты-прысвячэнні суаўтарам кнігі. Тэксты змешчаны ў маім зборніку “Нас — многа! Гадоў увершаваныя радкі” (2012). У маім архіве зберагаецца і здымак, зроблены пад час выступлення Ніны Сяргееўны ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце 6 траўня 2014 года. Фота зрабіў Мікалай Трус, загадчык тамтэйшай кафедры беларускай філалогіі. Ён жа, дарэчы, рыхтуе публікацыі для часопіса “Полымя” пра верную і таленавітую сяброўку Беларусі Ніну Дзябольскую.

Голас Радзімы № 24 (3528), чацвер, 29 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter