«Люблю глядзець, як збажына ўзыходзіць...»

У 16 ГОД яна, як і многія яе равесніцы, хацела паехаць на цаліну — заклік камсамола хваляваў душу, вабіў у незнаёмыя далі. Маці нават і слухаць не стала: адлупіла дзягай, нікуды не пусціла. — Добрым словам за гэта матулю ўспамінаю, бо проста ўявіць не магу, што маё жыццё магло б скласціся неяк інакш, — прызнаецца Ніна СТАНЕВІЧ, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК «Палачаны» Маладзечанскага раёна. — Я іншы раз сама сабе зайздрошчу: тут мае карані, дарагія сэрцу людзі, для якіх я магу быць карыснай, з якімі заўсёды магу раздзяліць і радасць, і бяду. Ні разочку ў жыцці не пашкадавала, што засталася ў роднай гаспадарцы! 55 год Ніна Аляксандраўна адпрацавала ў сельгаспрадпрыемстве і зусім нядаўна сустрэла сваю сямідзясятую вясну.

Былы аграном Ніна СТАНЕВІЧ добра водзіць машыну, трапна страляе і класна гарцуе на кані.

У 16 ГОД яна, як і многія яе равесніцы, хацела паехаць на цаліну — заклік камсамола хваляваў душу, вабіў у незнаёмыя далі. Маці нават і слухаць не стала: адлупіла дзягай, нікуды не пусціла. — Добрым словам за гэта матулю ўспамінаю, бо проста ўявіць не магу, што маё жыццё магло б скласціся неяк інакш, — прызнаецца Ніна СТАНЕВІЧ, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК «Палачаны» Маладзечанскага раёна. — Я іншы раз сама сабе зайздрошчу: тут мае карані, дарагія сэрцу людзі, для якіх я магу быць карыснай, з якімі заўсёды магу раздзяліць і радасць, і бяду. Ні разочку ў жыцці не пашкадавала, што засталася ў роднай гаспадарцы! 55 год Ніна Аляксандраўна адпрацавала ў сельгаспрадпрыемстве і зусім нядаўна сустрэла сваю сямідзясятую вясну.

Благаславенне Прытыцкага

Настольнай кнігай яе бацькі Аляксандра Піліпавіча Пляскача была «Гісторыя КПСС». Беспартыйны, а гісторыю партыі ведаў назубок! Калі прыйшла мода на перайменаванне вёсак, ён прапаноўваў назваць іх Кабылкі Ульянаўкай у гонар роднага горада Леніна. Але людзям больш спадабалася іншая назва — Зоранька. Бацька вельмі хацеў, каб Ніна, трэцяе дзіця ў сям’і, дзе гадаваліся два сыны і дзве дачкі, пасля сямігодкі ішла вучыцца далей. Але «камандзірам» у хаце была мама, Марфа Адамаўна: «Настаўніцай ты ўсё роўна не будзеш, а каб кароў даіць і сямі класаў хопіць!»

Калі ў 16 год уступала ў камсамол, далі даручэнне ўзначаліць кукурузаводчае звяно. Сабрала з Зоранькі 16 дзяўчат. Так працавалі, што прагрымелі на ўсю рэспубліку, а звеннявую нават запрасілі на з’езд кукурузаводаў у Мінск.

І яшчэ адна памятная падзея маладосці. Клара Лявонцьеўна Філіпава, якая на той час была ў Палачанах бібліятэкарам, наладзіла сустрэчу з Сяргеем Восіпавічам Прытыцкім пасля выхаду прысвечанай яму аповесці «Красные листья». Ніна Пляскач была самай маладой выступаючай на гэтай прэзентацыі. Кнігу яна ведала назубок, гаварыла пра яе бойка, палымяна. Прытыцкі яе запомніў, пасля мерапрыемства падышоў: «Малайчына! Добра выступала!» Атрымаць ацэнку ад такога чалавека было вельмі ганарова. Магчыма, гэта паслужыла штуршком для імкнення заўсёды быць у гушчыні жыцця.

На Пленуме ЦК ЛКСМБ, прысвечаным яго   50-годдзю, Ніна выступала ад раённай маладзёжнай арганізацыі. Яна і цяпер памятае тыя словы: «Мы прыйшлі ад бяскрайніх палеткаў і родных ніў, каб вітаць вас ад імя працаўнікоў зямлі і ад імя маладых хлебаробаў. Мы прынеслі сюды самае вялікае багацце чалавека — хлеб». Пяцітысячная зала стоячы апладзіравала гэтым словам…

Яешня для маскоўскай журналісткі

У 16 на цаліну маці не адпусціла, а калі ў 17 дачка сабралася замуж за старэйшага ўсяго на год Івана Станевіча з Гаеўцаў, адгаворваць не стала. Праз месяц мужа забралі ў армію больш чым на тры гады, а яго маладзенькая жонка засталася жыць у свякрухі.

— Аляксандра    Васільеўна стала для мяне другой мамай, усяму вучыла — як мужу патрапляць, як гаспадарку весці. Атрымаю пісьмо ад мужа, чытаю і плачу — калі з ім убачымся… А субота прыйдзе — так на танцы хочацца. Свякроў разумела, што адна я на іх не пайду. Паробім усе справы, кажа: «Ніна, збірайся, пойдзем на танцы!» Яна з жанчынамі сядзела, размаўляла, а я адводзіла душу у польках ды вальсах…

Часта Ніна хадзіла ад шашы пешшу ў свае Гаеўцы. Паабапал — калгасныя палі.

— Іду і мару, што я — аграном, засяваю поле, збіраю ўраджай. З маладосці была ў мяне моцная цяга да зямлі.

Толькі ў 32 гады, ужо маючы сына і дачку, здзейснілася яе мара: скончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, атрымала спецыяльнасць агранома.

Пасля выступлення на Пленуме ЦК ЛКСМ Беларусі ў часопісе «Работніца і сялянка» выйшаў цэлы разварот пра маладую звеннявую. А неўзабаве сакратар райкама Вячаслаў Ляшковіч прывёз да яе журналістку з Масквы, з папулярнага тады часопіса «Крестьянка».

— Самы сенакос, спраў безліч, а тут — сталічная госця. Чым яе частаваць? Але яна аказалася непераборлівай: пайшла ў гарод, нарвала салаты, накрышыла, смятанай прыправіла: «Якая смаката — са свайго агародчыка!» І яешню маю нахвальвала з яек ад свойскіх курэй, на скварачках… За некалькі дзён, што яна ў мяне жыла, мы пасябравалі.

За рулём — трэцяя ў раёне

Гэта сапраўды так, у далёкім 1966 годзе Ніна Станевіч стала трэцяй у Маладзечанскім раёне жанчынай за рулём. На вадзіцельскія курсы ў сваёй гаспадарцы яе запісаў муж, у якога яна часта прасіла даць паруліць па палявых дарогах. Пачыналі вучыцца 30 мужчын і 7 жанчын, праз паўгода з прадстаўніц прыгожай палавіны засталася яна адна. Яе першай службовай машынай стаў грузавік ГАЗ-51, потым «выбіла» сабе «Масквіч»-пікапчык. А ўласных было чатыры, цяперашні «Фіят» — пяты па ліку.

Так атрымалася ў жыцці, што прыйшлося не толькі машыну вадзіць, але і асвойваць іншыя мужчынскія заняткі. У сорак гадоў яна засталася ўдавой — трагічна загінуў муж. Адна расціла сына і дачку, у 54 гады разам з імі рашылася будаваць дом у Груздаве. Штодзённыя клопаты ды спагадлівыя людзі не давалі ўпасці ў роспач.

— Ні ў якім разе нельга замыкацца ў бядзе. Трэба ісці да людзей, дзяліцца з імі. І працай сябе нагружаць: бяда не бяда, а мусіш рана ўстаць, хатнія справы парабіць, на работу сабрацца. Усё жыццё я трымаю гаспадарку і заўсёды крытыкую тых, хто, жывучы ў вёсцы, не хоча трымаць карову — піць свежае малако, есці смачны сыр.

Доўгі час працуючы сакратаром мясцовай партыйнай арганізацыі, намеснікам старшыні калгаса па будаўніцтве, Ніна Аляксандраўна прымала самы непасрэдны ўдзел ва ўзвядзенні многіх знакавых для калгаса аб’ектаў, у тым ліку і знакамітай у краіне конна-спартыўнай  базы.   Па   сваім манежы верхам не ездзіла, хаця з дзяцінства мае навыкі — бацька часта ўсаджваў яе на каня. Калі ж у складзе раённай дэлегацыі паехала ў Германію, у час наведвання нямецкай конефермы яна паказала клас верхавой язды. Больш таго, немцы запрасілі беларусаў на паляванне, і тут Ніна Аляксандраўна аказалася на вышыні — падбіла чатырох качак…

Як намеснік старшыні, дэпутат, яна стала адным з ініцыятараў падвядзення ў Палачаны прыроднага газу. Як стараста вёскі Груздава, прабіла газ і для сваіх аднавяскоўцаў.

Не пералічыць грамат, іншых     узнагарод,       якія атрымала за сваю працу. Яна адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Беларускі саюз жанчын назваў яе «Жанчынай года-2009» у намінацыі «За ўклад   ў  адраджэнне вёскі».  А    нядаўна    атрымала Падзячнае пісьмо Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Першае свята вёскі — у роднай Зораньцы

— Разам з Тэрэзай Леанардаўнай Клімашэўскай, якая на той час была старшынёй нашага сельскага Савета, мы першымі ў раёне правялі свята вёскі, і гэта была мая родная Зоранька, — прыгадвае мая гераіня. — Свята вёскі Гаеўцы здымалі на відэакамеру (магчыма, у нашай гаспадарцы яна з’явілася таксама першай у раёне). А затым мы са старшынёй калгаса Аляксандрам Уладзіміравічам Мучынскім прывезлі ў Гаеўцы відэамагнітафон, сабралі ў адной хаце ледзь не ўсіх вяскоўцаў і круцілі для іх відэа. Як жа гэта было для іх незвычайна — убачыць сябе і сваіх суседзяў на экране!

Здавалася, яна даўно адышла ад агранаміі. Але і цяпер любіць спыніць машыну   ля   палеткаў,     палюбавацца ўсходамі, сваім вострым вокам агледзець, ці дружна яны ўзышлі, ці няма якіх прарэхаў.

— Не ведаю, якімі словамі перадаць стан душы, калі бачу, як у першы дзень жніва калонай выходзяць на поле камбайны, як на ток прыязджае першая машына са збожжам. Што яшчэ радуе, надае сілы? Зразумела ж, мая сям’я. Мы ў бацькоў былі вельмі дружнымі. І сваіх дзяцей я так выхоўвала.

Сям’я, любімая работа, павага і давер землякоў — напэўна, гэта і ёсць сапраўднае шчасце чалавека, які ўсё жыццё адчувае прыцяжэнне роднай зямлі…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА

Фота Аляксея ПЛАТКО

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter