Любіць сваё — і паважаць чужое

Цэлы год часопіс “Вясёлка” знаёміў юных чытачоў з рознымі народамі і краінамі. А яго стваральнікі гатовы расказваць і пра тое, чым жывуць нашы суайчыннікі за мяжой.Этажэрка з тонкіх пруткоў — як шчымлівы напамін пра вясковае дзяцінства галоўнага рэдактара часопіса, ураджэнца Рэчыцкага раёна Гомельшчыны пісьменніка Уладзіміра Ліпскага. На ёй і ўсе пяць зборнікаў “Выбраных твораў” з “Вясёлкі”. Гэта, па сутнасці, дзіцячая класіка з выдання, заснаванага мудрым педагогам, пісьменнікам Васілём Віткам 55 гадоў таму.
Казачнай была прэзентацыя “шведскага” нумара “Вясёлкі” ў Доме літаратараЦэлы год часопіс “Вясёлка” знаёміў юных чытачоў з рознымі народамі і краінамі. А яго стваральнікі гатовы расказваць і пра тое, чым жывуць нашы суайчыннікі за мяжой.
Этажэрка з тонкіх пруткоў — як шчымлівы напамін пра вясковае дзяцінства галоўнага рэдактара часопіса, ураджэнца Рэчыцкага раёна Гомельшчыны пісьменніка Уладзіміра Ліпскага. На ёй і ўсе пяць зборнікаў “Выбраных твораў” з “Вясёлкі”. Гэта, па сутнасці, дзіцячая класіка з выдання, заснаванага мудрым педагогам, пісьменнікам Васілём Віткам 55 гадоў таму. А побач у “Куточку бабулі” можна, калі хочаш, крутнуць сапраўдны калаўрот. Ці ўзяць на рукі любімцаў дзетвары — хлопчыка-ляльку Васю Вясёлкіна і сяброўку ягоную Васілінку… “Дзецям цікава ў міні-музеі, — цёплая ўсмешка на твары гаспадара кабінета, які водзіць мяне ля палічак, стэндаў, здымкаў, малюнкаў. — Уяўляеце, як змяніўся хатні побыт! Этажэрка, калаўрот для дзяцей — экзотыка, а многім жа цікавая мінуўшчына”. Ёсць у музеі згадкі пра ўсіх рэдактараў “Вясёлкі”: Віткаву справу прадоўжылі Еўдакія Лось, Анатоль Грачанікаў і ўжо хутка 33 гады, як выданнем кіруе Уладзімір Ліпскі. У музеі, які і створаны ў яго кабінеце, ушанавана памяць пра мастака Яўгена Ларчанку, што адпрацаваў у выданні 20 гадоў, можна пабачыць шматлікія дыпломы, узнагароды калектыву, а яшчэ — больш за трыццаць партрэтаў пісьменнікаў і мастакоў, якія ў розны час станавіліся лаўрэатамі “Вясёлкі”.
За кубкам кавы Уладзімір Сцяпанавіч расказвае пра самаадданых людзей, якія разам з ім крэатыўна працуюць для дзяцей: Мікола Маляўка, Валянціна Чэпік, Маргарыта Прохар, Ула-дзімір Жук, Анастасія Радзікевіч, Анатоль Зэкаў… “Нават тыраж “Вясёлкі”, за 14 тысяч экзэмпляраў, сведчыць, як патрэбны часопіс, — разважае У. Ліпскі. — Праект даўно самаакупны, у нас дзясяткі аўтараў, памочнікаў розных узростаў па краіне. “Вясёлка” ўжо дзясяткі гадоў дапамагае дзецям далучацца да духоўных скарбаў Бацькаўшчыны, вучыць быць сацыяльна актыўнымі, любіць сваё, але і паважаць чужое. Так што першыя ўрокі талерантнасці, якой мы ўсе ганарымся, многім дае “Вясёлка”.
На кожны год у часопісе — “скразны” праект. Неяк усе 12 вокладак упрыгожвалі партрэты лепшых хлопчыкаў-спартсменаў, потым на іх красаваліся юныя прыгажуні, ушанаваныя тытулам “Міс “Вясёлка”. Вялікі рэзананс атрымаў леташні, міжнародны праект часопіса. “Мы далі чытачам магчымасць упершыню пазнаёміцца з культурай, творчасцю, строямі іншых народаў свету, — пасвячае ў сутнасць справы галоўны рэдактар. — Цэлы год доўжыўся праект, прадставілі Азербайджан, Венесуэлу, Польшчу, Ізраіль, Індыю, Латвію, Славакію… Апошні нумар прысвячаўся Швецыі. Над праектам працавала ўся рэдакцыя, прычым у цесным кантакце з пасольствамі краін. А калі выходзіў чарговы нумар, праводзілі яго прэзентацыю — з удзелам дзяцей, дыпламатаў. Рыхтаваўся да імпрэзы і адметны, з нацыянальным каларытам дзіцячы канцэрт”.
На вокладках сама назва-брэнд “Вясёлка” падаецца і на мове іншага народа, ёсць адметны архітэктурны помнік ці пейзаж з нацыянальным каларытам, герб і сцяг штораз іншай краіны. І Вася Вясёлкін з коцікам запрашаюць далей у нумар, каб там прадоў-жыць знаёмства з замежжам. Хочаш ведаць, якія вершы, казкі, апавяданні чытаюць дзеці, напрыклад, у Латвіі, — вось яны. Можна пазнаёміцца і з народнай мудрасцю, гумарам, паразважаць над глыбінным сэнсам пэўнай прымаўкі. А ў канцы нумара мастак паказвае, як выглядаюць нацыянальныя строі чарговага народа-госця. Вядома ж, толькі малую кроплю чужых скарбаў адлюстроўвае “Вясёлка”, але так таленавіта!
Прэзентацыя апошняга, “шведскага” нумара праходзіла нядаўна ў Доме літаратара з навагодняй ёлкай, добрым Дзедам Марозам у асобе пасла Стэфана Эрыксана, мудрымі Каралямі, ролю аднаго з іх выконваў і Уладзімір Ліпскі. Было на прадстаўленні шмат іншых казачных персанажаў, а таксама гульняў, вясёлых забаў. І, вядома ж, смачных падарункаў.
А як скарыстоўваць “Вясёлку” нашым суайчыннікам ў замежжы? Ула-дзімір Ліпскі лічыць, што кожны нумар — цікавы дапаможнік для заняткаў у нядзельных школах ці для дамашняга чытання. У часопісе заўсёды ёсць невялікія вершы, арыгінальныя, пазнавальныя тэксты, шмат прыгожых малюнкаў — і ўсё для юных чытачоў. “Дзеці беларусаў, нават жывучы ў замежжы, павінны ведаць родную мову, — упэўнены У. Ліпскі. — Інакш як сябе адчуць часткай народа? Менавіта мова, як жывая нітка, яднае нас, далучае і да мудрасці народнай, нашай культуры, гісторыі. А “Вясёлка” — якраз першая сцяжынка дзіцяці ў гэты свет. У нас ёсць раздзелы дзіцячай творчасці, мы змяшчаем штогод сотні дасланых малюнкаў, вершаў. Сёлета пачынаем конкурс “Мы — дружная сям’я”, маецца на ўвазе — усе людзі на зямлі. Пераможцаў абавязкова ўзнагароджваем. Думаю, калі будзе да “Вясёлкі” цікавасць у беларускіх суполках, то мы з ахвотай адгукнемся, падрыхтуем матэрыялы пра тое, як жывуць нашы суайчыннікі ў розных краінах. Заходзьце на наш сайт у інтэрнэце www.veselka.by — і вы зразумееце: “Вясёлка” дацягнецца рознакаляровай дугою ў любы куток свету! І абавязкова прыўнясе ў жыццё беларускіх суполак родны, нацыянальны каларыт”.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter