Любімая мая Неглюбка

Гісторыя мястэчка Неглюбка, што на Веткаўшчыне, налічвае не адзін век, але і сёння даследчыкі не могуць да канца разгадаць загадку: як “нелюбімае Богам месца” стала любым краем для прадстаўнікоў шаснаццаці розных нацыянальнасцей, што жывуць тут у міры і спагадзе. Прызнацца, гэта пытанне хвалявала і мяне, калі ехала туды, каб упэўніцца ў гэтай унікальнай з’яве на свае вочы.

Выходжу з маршруткі на прыпынку, і адразу кідаецца ў вочы вадаём, густа абсаджаны дрэвамі, кустамі. Вузкая сельская дарога, хаты, што, відаць, даўно засталіся без гаспадароў, стваралі не дужа радасную карціну. І чым больш спачування гэтаму краю было ў душы (ён, як і многія іншыя ў Беларусі, пацярпеў ад чарнобыльскай трагедыі), тым больш вострым было пытанне: чым яно так падабаецца людзям, што пакідаюць сваю этнічную радзіму і шукаюць тут сваё шчасце?
“У нас і карэйцы жывуць, і рускія, і ўкраінцы, удмурты, таджыкі, казахі, цыганы, татары, малдаване, чачэнцы, башкіры, узбекі, — расказвае старшыня Неглюбскага сельскага Савета Рыгор Кулага. — Мы ўсім стараемся даць дах над галавой, працу і вельмі радуемся, калі новыя жыхары Неглюбкі цэняць яе гасціннасць. Аднак хтосьці, пажыўшы некалькі гадоў на адным месцы, пераязджае ў суседнюю вёску ў пошуках яшчэ лепшага жыцця, не верачы меркаванню, што добра там, дзе нас няма”.
І пераязджаюць неглюбцы не з-за благіх умоў жыцця. У мястэчку ідзе будаўніцтва новых катэджаў, адрэканструяваны васьмікватэрны двухпавярховы дом для маладых спецыялістаў. Сёлета тут з’явіцца аграгарадок! Не існуе праблем і з выязным гандлем у вёсках сельскага Савета. У кожны населены пункт, нават калі там пражываюць ўсяго толькі тры жыхары, заязджае аўталаўка, абсталяваная сучаснымі халадзільнікамі. А калі захочацца пакаштаваць гарадскіх прысмакаў ці раптам спатрэбіцца дапамога ўрача-дэрматолага ці акуліста (у Неглюбскай амбулаторыі працуюць толькі фельчар, стаматолаг, акушэр, медсястра), можна выбрацца ў раённы, абласны цэнтры. Транспартнае забеспячэнне сёння нават лепшае, чым у савецкія часы. Тры разы на тыдзень ходзіць аўтобус і маршрутнае таксі на Гомель праз Ветку. Многія прыезджыя сем’і за год-два набываюць добрую гаспадарку, абнаўляюць мэбляй дом. “Дастаткова быць добрасумленнымі працаўнікамі, каб забяспечыць сябе ўсім неабходным, — гаворыць Рыгор Іванавіч. — Да нас у час уборачнай кампаніі прыязджаюць працаваць і ўкраінцы, і рускія, а потым нярэдка застаюцца жыць назаўсёды. Як прыклад магу прывесці сям’ю Гафуравых, што прыехалі з Таджыкістана. Муж некаторы час працаваў пастухом на малочнатаварнай ферме, а жонка — даяркай. Гафуравы не раз прызнаваліся, што вельмі палюбілі Беларусь. Нават імёны сабе пабралі сугучныя агульнапрынятым — Джаліл стаў Жорам, Кумры — Кацяй, Камалдзін — Колем, Сітора — Святланай”.
Носьбіты разнастайных культур у Неглюбцы ўмеюць паважаць кожную з іх. У дзіцячым садку, у школе існуюць гурткі, дзе разам вучацца ткаць і ўзбекі, і татары, і беларусы... А ўсё дзякуючы настаўнікам. “І сярод дзяцей, і сярод настаўнікаў ёсць і ўзбекі, і башкіры, і малдаване, і кіргізы, і я, напрыклад, полька па нацыянальнасці, — расказвае намеснік дырэктара Неглюбскай школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Кулага. — Мястэчка змагло захаваць свой нацыянальны каларыт, нягледзячы на вялікую міграцыю насельніцтва. Але ўсе мы ніколі не забываемся пра тое, у якой краіне жывём, і стараемся зберагчы тыя традыцыі і культуру, якія пакінулі нам у спадчыну нашы продкі”.
Жыхароў Неглюбкі можна назваць людзьмі аднаго лёсу. Спрадвеку жывуць тут людзі, якія адрозніваюцца адзін ад аднаго колерам валасоў, вачэй, але не дзеляцца на сваіх і чужых. Яны разумеюць, што іх продкі таксама некалі прыйшлі ў гэты край з іншых зямель. Юныя экскурсаводы ў краязнаўчым музеі пры школе расказалі, што першымі жыхарамі паселішча станавіліся людзі, якіх ссылалі сюды за грахі. Мясцовасць гэта была аддалена ад дарогі, амаль уся пакрыта сасновымі лясамі і балотамі. Вырасціць добры ўраджай тут было няпроста. Ад недахопу ежы людзі часта галадалі, гінула дамашняя жывёла. Таму паселішча многія называлі нелюбімым Богам месцам. Адсюль, па адной з версій, і паходзіць яго назва. Нехта гаворыць, што людзі перасяліліся сюды ў час, калі заходнерускія землі па Дняпру і Сожу ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага. Ратуючыся ад татарскіх набегаў, яны шукалі тут больш ціхую мясцовасць. Хтосьці з неглюбцаў вядзе сваё радавое дрэва пачынаючы з XVIІ стагоддзя: якраз тады пасля амаль двухсотгадовага перыяду бесперапынных войнаў Рэчы Паспалітай і Расіі землі руска-літоўскага памежжа пачалі актыўна засяляцца. Гістарычныя даследаванні сведчаць: “крестьяне начали селиться целыми толпами из-за Днепра, и из Великоруссии... Таким образом в северных уездах явилась целая масса “нахожих” людей”. Перасяленні былі настолькі частымі, што “жители одного и того же села по своей наружности, языку, одежде и домашней обстановке представляли нередко совершенно различные типы”. Непраходныя лясы служылі надзейным сховішчам і для перабежчыкаў з Польшчы, Літвы і Маскоўскай дзяржавы. Таму, мабыць, у Неглюбцы настолькі распаўсюджаны прозвішчы Беглы, Прыходзька, Асадшы.
Але нягледзячы на ўсе цяжкасці, што напаткалі мястэчка на працягу ўсёй гісторыі, колькасць яго насельніцтва на працягу многіх гадоў не змяншаецца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter