Лынтупы. Каптаруны. Мяжа...

Мы — у самым заходнiм мястэчку Беларускага Паазер’я — гарадскiм пасёлку Лынтупы, на Пастаўшчыне. Найстаражытнейшае месцейка згадваецца раней за Паставы цi Дунiлавiчы, у 1385 годзе. Курганныя могiльнiкi Х — ХIII стагоддзяў у наваколiцах Лынтупаў трапляюцца ледзь не на кожным кроку. Нябачная повязь з даўняй гiсторыяй адчуваецца i ў сучасным ладзе жыцця старажытнага мястэчка. Уласна пра гiсторыю, сучаснасць i людзей, што ствараюць i працягваюць яе ствараць, наш сённяшнi аповед.
Па хуткаплыннай рацэ гiсторыi
Як нi дзiўна (паўночны захад Беларусi, бясспрэчна, лiчыцца азёрным краем), азёр у наваколлi мястэчка небагата, затое хуткаплынных рэчак зашмат. Адна з iх так i завецца — Лынтупка. На ёй захавалiся рэшткi старога млына. Гучным вадаспадам грымiць Лынтупка ў лесе, спяшаецца да рэчкi Страча. Лынтупы з усiх бакоў акружаюць лясы.
Праз лясы i праходзiць беларуска-лiтоўская мяжа. Застава памежнiкаў месцiцца на ўскрайку Лынтупаў. Каб выехаць з гарадскога пасёлка ў суседнюю вёску, трэба прайсцi памежны кантроль.
Як i ўсякае паважаючае сябе мястэчка, Лынтупы маюць свой храм, у якога доўгая i цiкавая гiсторыя. Беламураваны касцёл святога Андрэя Баболi быў пабудаваны на пачатку мiнулага стагоддзя ў стылi неабарока. А першы храм у Лынтупах быў пабудаваны ў 1459 годзе вiленскiм ваяводам Андрэем Даўгiрдовiчам, пры касцёле быў шпiталь. З таго часу касцёл завуць Андрэеўскiм. А сёння ў касцёле з гордасцю паказваюць сапраўдны рарытэт — кнiгу рэгiстрацыi шлюбаў з 1753 года. Так што карэнныя лынтупцы могуць прасачыць гiсторыю свайго роду аж да сёмага калена.
Як i кожнае паважаючае сябе мястэчка, Лынтупы маюць свае легенды. Адна з iх звязаная з палацам, што стаiць у засенi старога парку. У сярэдзiне ХIХ стагоддзя ўладальнiк лынтупскага маёнтка малады пан Бiшэўскi, закахаўшыся ў францужанку-акторку, паабяцаў ёй пабудаваць такi палац, якога свет не бачыў. Сам жа быў iнжынерам, таму палац сапраўды атрымаўся падобны на архiтэктурны цуд. Толькi не засталася акторка ў лынтупскiм палацы, а пан больш так i не ажанiўся...
Яшчэ нядаўна паркава-палацавы ансамбль захоўваўся ў больш прыдатным стане, калi ў палацавых пакоях месцiлася школа. Школа пераехала ў новы тыповы будынак, i палацавы комплекс пачаў разбурацца. Сёння палац уяўляе сабой сумнае вiдовiшча: зарастаюць, забруджваюцца сажалкi, па якiх плаваюць пластыкавыя бутэлькi.
— Калi мы вучылiся ў 50-я гады, абавязкова садзiлi ў парку дрэвы, — успамiнае мясцовы жыхар Уладзiмiр Магiльнiцкi. — Тут растуць i клён востралiставы, i арэх шэры, i пiхта серабрыстая. На 6 гектарах створана складаная водная сiстэма. Усе чатыры сажалкi спалучаюцца каналамi, праз цэнтральны канал пабудаваны каменны арачны мосцiк.
Старыя лiпавыя алеi ствараюць адпаведны настрой для прагулак. Шкада толькi, што зараз не стае сродкаў, каб адрадзiць былое хараство палаца-паркавага ансамблю. Але надзея на адраджэнне спадчыны не згасае. Палац уключаны ў Дзяржаўны рэестр помнiкаў архiтэктуры. Старшыня сельсавета Валянцiна Кузьмiч марыць адчынiць у будынку Палаца бiблiятэку, арганiзаваць цэнтр рамёстваў. Падставы спадзявацца, што мары спраўдзяцца, дае тое, што Лынтупы становяцца аграгарадком.
4000 шпалаў
Менавiта такую колькасць шпалаў паклалi за лета працавiтыя лынтупскiя пуцейцы на саракакiламетровым участку чыгункi Паставы — Лынтупы. Калi сказаць, што за станцыяй Лынтупы — чыгуначны тупiк, пуцейцы могуць i пакрыўдзiцца. Калiсьцi гэта была дарога на Вiльню. I злева, i справа ад станцыi праходзiць дзяржаўная мяжа. Начальнiк станцыi Юрый Руткоўскi ўпэўнены, што за свайго пасажыра трэба змагацца. Нягледзячы на тое, што на канечную станцыю Лынтупы заходзiць усяго адзiн цягнiк з Вiцебска. Удзень гэты ж цягнiк следуе да Круляўшчызны i вяртаецца зноў, каб позна ўвечары забраць сваiх пасажыраў да Вiцебска. Толькi па дарозе да Пастаў цягнiк мае пяць астановачных прыпынкаў. Адным словам, уявiць Лынтупы без чыгункi немагчыма. Вузкакалейка iснуе ўжо больш за сто гадоў. Да таго ж менавiта па ёй iдуць таварныя вагоны з зернем цi мазутам на мясцовы спiртзавод. Лынтупскi бровар згадваецца ў дакументах 1591 года. У 1904 годзе пан Бiшэўскi пабудаваў вiнакурны завод, у панскiх будынках i месцiцца сучасная вытворчасць.
Гультаёў
тут не любяць
Яшчэ 20 гадоў таму ў Лынтупах было 2,5 тысячы насельнiцтва. Сёння — 1,8 тысячы. Адна з праблем пасёлкаў такога тыпу — працаўладкаванне. Здольных да працы па ўзросце ў мястэчку налiчваецца 640 чалавек, з iх незанятыя — 230. Нехта ў ад’ездзе на заробках у Расii. Амаль паўтары сотнi жыхароў працуе на спiртзаводзе. Старыя людзi прыгадваюць, як яшчэ ў даваенныя часы ездзiлi на заробкi ў Латвiю цi Лiтву. Зарабiць грошы на прыстойнае iснаванне тут ва ўсе часы было нялёгка. Таму адна з характэрных рысаў тутэйшага насельнiцтва — упартасць да працы. Тут многае ўмеюць рабiць сваiмi рукамi. А каля кожнай хаты — чысцiня i парадак. Вось Алене Францаўне Кайро — 95 год. А ў доме i каля яго — усё дагледжана. Гаворыць: дзецi дапамагаюць. Дачка Леакадзiя жыве недалёка, прыходзiць да мацi абавязкова штовечар.
Завiтала я яшчэ да адных вельмi прыемных кабет сталага ўзросту — сясцёр Сабiны Януш i Аляксандры Магiльнiцкай. I зноў здзiвiлася працавiтасцi лынтупцаў. Бабулi Сабiна i Аляксандра, хоць i маюць зусiм слабое здароўе, без справы не сядзяць. Бульбу ўжо капаць час, дык яны выпалалi дзялянку — нi травiнкi. У жанчын — хворыя ногi, ледзь рухаюцца. Але ж якiя дываны ткалi. Я глядела на iх посцiлкi, абрусы i дзiву давалася. Разнастайных колераў i ўзораў, яны захавалiся ў старым камодзе. А колькi раздарылi сваякам ды сябрам. На першы погляд нават здаецца, што такiя шчыльна сатканыя дываны можна атрымаць толькi на нейкай мануфактурнай вытворчасцi. Але ж гэтыя майстрыхi вiртуозна валодаюць тэхнiкай ткацтва. Самi вучылiся. I наткалi за жыццё, можа, 200 дываноў.
— За жыццё мы нагаравалiся, — гаворыць Аляксандра Эдвардаўна. — Бацьку страцiлi, мне было 14 год. Потым у 1936-м хата згарэла. Муж загiнуў пад Берлiнам у 1945-м. Так мы з сёстрамi разам трымалiся, каб выжыць. Жылi ў Вайшкунах. Самi i касiлi, i аралi, i ў лес па дровы ездзiлi, нiткi пралi, фарбавалi. Таму нам вельмi непрыемна сёння на гультайства глядзець...
Лiтвiновiчы,
але не сваякi
У Лынтупах многа лiтвi-новiчаў, хаця i не сваякоў. Да лiтоўскага гарадка Швенчонiс куды блiжэй, чым да Пастаў. У часы СССР аўтобус да Швенчонiса хадзiў кожную гадзiну! Так што Лiтвiновiчы на мяжы з Лiтвою — гучыць лагiчна.
Метэастанцыя — адно з самых адметных месцаў у Лынтупах. Тут назiраюць за надвор’ем з 1941 года. Працуюць кругласутачна, у штаце — шэсць метэаролагаў. На дзяжурстве — начальнiк станцыi Людмiла Лiтвiновiч i Жанна Лiтвiновiч, прызналiся — не сваячкi.
Метэаролагi — людзi захопленыя, сваю работу лiчаць найцiкавейшай i вельмi важнай. Звесткi пра небяспечныя з’явы ў нябеснай канцылярыi трэба своечасова перадаць у цэнтр (Вiцебскгiдраметэацэнтр) i ў райвыканкам.
— Кожныя тры гадзiны мы запiсваем параметры воблачнасцi, ветру, атмасферных з’яў, бачнасцi, тэмпературы на глебе i ў паветры, атмасферны цiск, — распавядае Людмiла. Ад яе ж я даведалася, што да небяспечных з’яў надвор’я адносiцца i спякота ў 30 — 34 градусы, i туман, i моцны дождж, i асаблiва — навальнiца. Але навальнiц гэтым летам было не многа.
Людмiла ў гэтым годзе завочна закончыла геафак БДУ. У яе сям’i двое школьнiкаў — дзевяцiкласнiк Саша i сямiкласнiца Каця. Муж працуе ў мелiярацыi. Калi трынаццаць гадоў таму маладая сям’я прыехала ў Лынтупы i шукала жыллё, яе прытулiла адзiнокая жанчына. Людмiла дапамагала старэнькай па гаспадарцы, а тая, калi трэба, за дзецьмi прыглядала. Шэсць гадоў пражылi чужыя людзi пад адным дахам i нiколi не сварылiся. Калi бабуля сыходзiла з жыцця, перапiсала свой дом на маладых. Няхай жывуць шчаслiва!
“Нашым продкам за тое, кiм мы ёсць”
Мечыслаў Мамчыц з Каптарунаў — асоба адметная, яго добра ведаюць i памежнiкi, i лынтупскiя жыхары. Калiсьцi працаваў тут старшынёй сельсавета, потым старшынёй рабачкама, а перад самай пенсiяй — пчаляром. З прыродай, з жывёламi Мечыслаў — на “ты” (i сам не любiць, калi яго Iванавiчам завуць). Узiмку зайчанят прыкармлiвае, вясной шпакоўнi будуе. У хатняй бiблiятэцы — пяцiтомнiк Энцыклапедыi прыроды Беларусi, “Жыццё жывёл” i шмат iншай карыснай лiтаратуры. Па вечарах дапытлiвы селянiн чытае Генрыка Сенкевiча, яго дасведчанасцi па любых пытаннях можна пазайздросцiць. Ён i стаў праваднiком да святога каменя (менавiта дзеля гэтага дзiва прыроды мы i накiравалiся ў невялiкую вёску Каптаруны), што непадалёку ад Лынтупаў. Хаваецца гэты камень у лесе, за балоцiстай нiзiнай, прамога шляху да яго няма i нават сцежкi не пратаптаныя.
Унiкальны каптарунскi камень тым, што ён... дзiравы. Правiльнай формы адтулiна зроблена, як упэўнены мясцовыя жыхары, яўна не чалавечай рукой. Падобных валуноў з адтулiнамi на Беларусi, паводле звестак навукоўцаў, больш за дваццаць. Продкi лiчылi такiя цуды прыроды падарункам багоў, да святога камня яны iшлi не толькi па святах цi за гаючай вадой (вада, якая збiралася ў адтулiне пасля дажджу, лiчылася гаючай, ёй абмывалi вочы пры хваробах зроку), але i ў засуху прасiць дажджу... А здаралася, налiвалi ў адтулiну алей i падпальвалi. Гэткая вялiзная свечка ў падтрымку маленняў да Неба...
Толькi Каптарунам тое маленне мала дапамагло. З пяцiдзесяцi, як было калiсьцi, жылымi засталiся тут толькi тры хаты.
Але засталася памяць. За вёскай на высокiм пагорку Мамчыц разам са сваiм стрыечным братам, якi жыве ў Лiтве, вырашылi паставiць помнiк сваiм продкам.
— Там былi могiлкi, але ўжо гадоў сто нiкога не хаваюць, — гаворыць Мечыслаў. — У дзяцiнстве мы з гэтага пагорка на лыжах з’язджалi. Бачылi толькi рэшткi каменных помнiкаў. Вось брат, якi сумуе па радзiме, i прапанаваў паставiць новы помнiк у выглядзе крыжа, зрабiць агароджу на могiлках..
На помнiку напiсана “Нашым продкам за тое, кiм мы ёсць”. А памяць заўсёды мае на ўвазе надзею на будучыню.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter